https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З Магілёва ў Смаленск — праз Александрыю


На прыёме грамадзян у старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка размова нечакана зайшла пра турыстычныя навацыі. Галоўны праект — падарожжа па Дняпры ў беларуска-расійскім памежжы.
Магілёўская настаўніца Ірына Васіленка прыйшла да кіраўніка вобласці з просьбай аб дапамозе ў выданні турыстычнага даведніка па Магілёве.

— Аднойчы да мяне прыехалі госці з Масквы, і я вадзіла іх па горадзе, — расказала Ірына. — Але нам так і не ўдалося набыць даведнік, дзе была б карта і карысныя звесткі. Так і ўзнікла ідэя зрабіць гэта самой.

Яна сама фатаграфавала і рабіла тэксты, карысталася дапамогай сваякоў і сяброў, кансультавалася са спецыялістамі. Цяпер можа прад`явіць і вынік працы. Ірына паказала пробны асобнік, зроблены ў прыватнай друкарні, і гэта ўразіла Пятра Рудніка.

Невялікая кніжка з фотаздымкамі, тэкстамі (таксама і на англійскай мове), карыснай інфармацыяй пра гатэлі і рэстараны і, што самае галоўнае, спасылкамі на карты "Гугла" ў інтэрнэце. Менавіта яны дазволяць адчуваць сябе вольна і ўпэўнена ў незнаёмым горадзе любому сучаснаму турысту, "узброенаму" смартфонам ці планшэтам з выхадам у інтэрнэт.

Менавіта спалучэнне турыстычных маршрутаў і славутых месцаў Магілёва з новымі тэхналогіямі дазволіла прыняць рашэнне: улады Магілёва знойдуць 35 мільёнаў рублёў на выданне новага даведніка, які дапоўніць розную друкаваную прадукцыю, вырабленую для гасцей абласнога цэнтра.

Між тым, абмеркаванне гэтага даведніка з ініцыятыўнай магіляўчанкай стала нагодай для размовы пра новыя ідэі ў сферы турыстычнага бізнесу. Пётр Руднік расказаў, што падчас святкавання Дня яднання Беларусі і Расіі ў Смаленску нарадзіўся новы памежны праект.

Кіраўніцтва Смаленска (горад, дарэчы, сёлета будзе адзначаць 1150-гадовы юбілей) прапанавала зрабіць для турыстаў рачное падарожжа. Паводле сумеснай ідэі, цеплаход "Магілёў" накіруецца спачатку ў аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна, дзе ў дадатак да экскурсій могуць прапанаваць адпачынак у сучасным спартыўным комплексе з басейнам і начлег у добрай гасцініцы. Потым цеплаход рушыць у Смаленск і вернецца ў Беларусь, дзе культурная сталіца гэтага года — Магілёў — можа падрыхтаваць для смалян сваю цікавую праграму. Больш кароткія падарожжы па Дняпры будуць уключаць наведванне Магілёўскага заасада.

Аднак гэта зусім не адзіны праект. Кіраўнік вобласці расказаў пра кіеўскі вопыт: бізнесмен пабудаваў каля вялікага горада гатэль з усімі магчымымі выгодамі і забавамі і зрабіў яго бяспечнай тэрыторыяй за агароджай. Нездарма месца адпачынку стала надзвычай папулярным і на месяцы наперад там распісаны вяселлі, карпаратыўныя і іншыя святы: вельмі зручна гуляць і жыць у адным месцы, з сэрвісам і камфортам.

Падобныя турыстычныя праекты могуць быць зроблены і ў нас, упэўнены Пётр Руднік. Прадпрыемствы паспяшаліся перадаць у камунальную маёмасць свае былыя аздараўленчыя комплексы і дзіцячыя лагеры. Там жа можна арганізаваць падобныя да кіеўскіх гатэлі і сядзібы, якія прыцягнуць увагу і мясцовых людзей, і турыстаў. Галоўнае — каб была ініцыятыва.

Аднак пакуль, у чаканні цікавых інвестыцыйных прапаноў і пачатку цёплага турыстычнага сезона, улада вырашае надзённыя праблемы грамадзян. Як і заўсёды, пераважная большасць заяўнікаў прыйшла на асабісты прыём да Пятра Рудніка са сваімі жыллёвымі нягодамі. Жыхары невялікага пасёлка ў абласным цэнтры пакутуюць ад хранічнага затаплення грунтовымі водамі. Сям`я з Магілёва пабудавала катэдж у прыгарадзе, але не можа вырашыць праблему з падвядзеннем газу. Жыхары вёскі Слабодка Бабруйскага раёна маюць праблемы з прыватызацыяй кватэр. Кіраўнік абласной улады імкнуўся знайсці шляхі для вырашэння гэтых і іншых пытанняў.

Ілона Іванова
Звязда, 5 красавіка 2013
 
Дата публикации:05.04.2013
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:1898
 
Ключевые слова:
Магілёўшчына Туризм в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме