https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На лонданскай Алімпіядзе Еўропа прымяніла супраць афіцыйнага Мінска болевы прыём


Адмова Вялікабрытаніі пусціць Аляксандра Лукашэнку на Алімпійскія гульні стала адчувальным ударам па самалюбстве беларускага афіцыйнага лідара.
Рэакцыя Лукашэнкі сведчыць пра тое, што Еўропа (а рашэнне пра забарону на ўезд наўрад ці прымалася Лонданам у адзіночку) намацала яшчэ адно (апрача эканомікі) болевае месца афіцыйнага Мінска.

На 18 гадоў праўлення Лукашэнкі прыпала дзевяць Алімпіяд — пяць летніх (1996, 2000, 2004, 2008 і 2012 гадоў) і чатыры зімовыя (1998, 2002, 2006 і 2010). Дзве з іх ён наведаў: у 1998 годзе ў японскім Нагана і ў 2008 годзе ў Пекіне.

Ва ўсіх жа выпадках, калі беларускі кіраўнік заставаўся дома, пытанне яго прысутнасці на Гульнях практычна не ўзнімалася. Адзіны скандал здарыўся ў 2004 годзе напярэдадні Алімпіяды ў Грэцыі, і не з Лукашэнкам, а з тагачасным міністрам спорту і турызму Юрыем Сіваковым — былым кіраўніком МУС, якога Еўропа падазравала ў датычнасці да гучных знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999 годзе.

Сівакоў быў прызначаны кіраўніком беларускай алімпійскай дэлегацыі, аднак Еўрасаюз заявіў, што лічыць яго знаходжанне ў Афінах "абсалютна непрымальным". У выніку міністр у Грэцыю не паехаў.

А прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Жак Роге на зварот Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі адказаў: "Атрымаўшы інфармацыю аб праблемах з уездам у Грэцыю, што ўзніклі ў міністра <…>, мы неадкладна выказалі сур`ёзную занепакоенасць і звярнуліся па растлумачэнні ў МЗС Грэцыі, якое паведаміла нам, што такое "меркаванне Еўрапейскага саюза" па гэтым пытанні, і праінфармавала, што Грэцыя "дзейнічала ў адпаведнасці з рашэннямі, якія прымаюцца еўрапейскімі партнёрамі па ўсіх пытаннях, уключаючы пытанні бяспекі".

Кіраўнік МАК ветліва дадаў: "Мы падзяляем вашу занепакоенасць. Палітычныя пытанні не павінны пераносіцца на спартыўныя арэны. Калі ласка, прыміце нашы запэўненні ў тым, што ў будучыні МАК самым прынцыповым і пільным чынам будзе адсочваць усе моманты, звязаныя з такімі сітуацыямі".

Такая доўгая цытата прыведзена невыпадкова. Яна дыяметральна супрацьлеглая рэакцыі Роге на рашэнне брытанскіх уладаў адмовіць Аляксандру Лукашэнку ва ўездзе: "Лукашэнку не пусцілі на тэрыторыю Вялікабрытаніі, таму што ён трапіў у чорны спіс Еўракамісіі ў Бруселі, і мы паважаем гэтае рашэнне".

Сказана гэта было на прэс-канферэнцыі ў Лондане 27 ліпеня. Сваёй заявай Роге спыніў спекуляцыі на прадмет таго, што МАК, маўляў, запрашаў усіх і да адмовы ва ўездзе не мае ніякіх адносінаў. Заадно стаў стрэлам у "малако" ліст, які, паводле інфармацыі шэрагу СМІ, беларускі НАК даслаў у розныя краіны з просьбай асудзіць рашэнне аргкамітэта лонданскай Алімпіяды. Іншыя НАКі вырашылі не звязвацца: сабе даражэй пайсці супраць начальства, якое да таго ж дапамагае матэрыяльна ў межах праграмы "Алімпійская салідарнасць".

Пра тое, што Лукашэнку не варта чакаць на Алімпіядзе, стала вядома ў чэрвені з паведамлення газеты "Гардыян" ("Не прыедуць лідары з чорнага спісу ЕС"). На гэта можна было б не звяртаць ніякай увагі: кіраўнікі дзяржаў, якія трапілі ў гэты спіс, звычайна не імкнуцца трапіць на забароненую тэрыторыю.

Аднак алімпійскую тэму ў зусім нечаканым месцы ўзняў сам Лукашэнка. "Алімпіяда вельмі адстае ад нашага "Базару". Яна палітызаваная, там вельмі шмат праблем. А "Славянскі базар" — гэта астравок свабодамыснасці, незалежнасці, і ў нашага "Славянскага базару" многаму можна павучыцца", — заявіў ён 12 ліпеня ў Віцебску на адкрыцці фестывалю мастацтваў.

Проста так афіцыйны беларускі лідар ніколі нічога не кажа. А калі кажа, няхай і намёкамі, значыць, набалела. Відаць, заяўка на паездку ўсё ж падавалася, і не выключана, што гэта рабілася ў кантэксце пэўнага пацяплення адносінаў з Захадам пасля красавіцкага вызвалення экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і члена яго каманды Дзмітрыя Бандарэнкі. Але затым адносіны хутка вярнуліся да пункта замярзання.

Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі ў сувязі з гэтым зазначае, што МАК, нягледзячы на ўсю яго магутнасць, наўрад ці валодае гэткім жа статусам, як, напрыклад, Інтэрпол, ААН ці АБСЕ, дзякуючы запрашэнням якіх паражоныя ў візавых правах усё ж могуць наведваць мерапрыемствы ў краінах, якія гэтыя санкцыі ўвялі. "Відаць, Вялікабрытанія як арганізатар Алімпіяды мела магчымасць настаяць на непрыездзе Лукашэнкі", — сказаў эксперт.

Важна зазначыць, адкуль і як пачалося раскручванне тэмы непрыезду Лукашэнкі ў Лондан — з паведамлення на твітэр-старонцы прэзідэнта Алімпійскага камітэта Расіі, першага віцэ-спікера Дзяржаўнай думы РФ Аляксандра Жукава.

24 ліпеня ён напісаў: "Прэзідэнту НАК Беларусі А.Лукашэнку аргкамітэт алімпіяды ў Лондане не даў акрэдытацыю. Спорт — па-за палітыкай?". Шчырае гэта неразуменне або ўсё ж за ім стаіць імкненне артыкуляваць тэму з разлікам, што кожны бок акрэсліць сваю пазіцыю, — ніхто, як гаворыцца, праўды не скажа.

Вынікі ж такія: Масква не асабліва кінулася ў бой за саюзніка, а Мінск фактычна праглынуў крыўду. Максімум, што было ў яго сілах, — адклікаць дэлегацыю з Лондана. Уласна, менавіта такія чаканні і былі ў расійскіх СМІ. Аднак у беларускім Міністэрстве спорту і турызму гэта назвалі "поўным глупствам".

На думку спартыўнага эксперта Уладзіміра Беражкова, рэч не толькі ў тым, што ў выпадку байкоту прападуць сур`ёзныя грошы, зрасходаваныя на падрыхтоўку да Алімпіяды.

"Успомніце байкоты Алімпійскіх гульняў 1980 і 1984 гадоў. Я не ведаю, што казалі наконт маскоўскай Алімпіяды заходнія спартсмены, якім не дазволілі прыехаць у СССР, але я добра памятаю, што казалі нашы атлеты, якім забаранілі ехаць у Лос-Анджэлес. Гэта была сапраўдная трагедыя для людзей, якія гадамі рыхтаваліся да свайго, можа, адзінага алімпійскага старту. Таму байкот, як тады, гэтак і зараз, уступіў бы ў супярэчнасць з агульначалавечымі нормамі і пакрыўдзіў бы вельмі многіх людзей", — упэўнены Беражкоў.

Можна прывесці і яшчэ адзін аргумент: навошта байкатаваць, калі можна на "варожай тэрыторыі" ўцерці нос усім зласліўцам 25 медалямі, якія беларускія спартсмены яшчэ ні разу на летніх Алімпіядах не заваёўвалі, але пра якія ўжо колькі гадоў гаворыць сам Аляксандр Лукашэнка. Выказванне "Спартсмены — гэта найлепшыя дыпламаты" належыць менавіта яму. Так што пра палітызаванасць Алімпіяд Мінску лепш памаўчаць.

Змена пазіцыі МАК па беларускім пытанні мае яшчэ адну прычыну: асаблівая помста, хаця гэта ўслых і не называецца. У 2010 годзе кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі нечакана выйгралі суд у вотчыны Жака Роге і вярнулі сабе медалі пекінскай Алімпіяды, якіх былі пазбаўлены за ўжыванне допінгу.

Факт прыёму забароненых прэпаратаў пад сумненне пастаўлены не быў, аднак атлетам удалося даказаць, што працэдура ўзяцця проб была парушана. МАК звычайна не прайграе, а паражэнні ўспрымае балюча. Цалкам верагодна, што зараз пачаўся адыгрыш пазіцый. Яшчэ адным звяном у гэтым ланцугу стаў нядопуск Ціхана да лонданскай Алімпіяды: нібыта проба Алімпіяды-2004 у Афінах, якая захоўвалася восем гадоў у чаканні новых методык выяўлення допінгу, аказалася станоўчай.

Зрэшты, на думку Уладзіміра Беражкова, непрыезд Лукашэнкі і нядопуск Ціхана звязваць не варта — матывы ўсё ж розныя. Аднак ён упэўнены, што Алімпіяда "становіцца "клінікай" як з палітычнага, гэтак і са спартыўнага пункта гледжання".

"З аднаго боку, спорт захварэў на палітыку, а з іншага — імкненне да гендарнай роўнасці набывае гіпертрафаваныя формы. У нас ёсць жаночая штанга, жаночы бокс. Засталося толькі ўвесці мужчынскую мастацкую гімнастыку", — іранізуе эксперт.

Жарты жартамі, а Мінску яшчэ прымаць у 2014 годзе чэмпіянат свету па хакеі. І ў святле апошніх падзей няма ніякіх гарантый, што тэма байкоту або пераносу турніру ў іншую краіну не актуалізуецца зноў.

Руслан Бацянкоў, БелаПАН
4 жніўня 2012
 
Дата публикации:04.08.2012
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:2362
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Лондон-2012 Олимпиада Дипломатия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме