https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Падарунак маме, вёсцы, краіне зрабіў расійскі бізнэсмен, ураджэнец вёскі Клятное


У аўторак, на трэці дзень Тройцы, у Пружанскім раёне прайшло ўрачыстае адкрыццё турыстычнага комплексу, які на вачах вырас у невялічкай пушчанскай вёсачцы Клятное.
Гэта адзін з аб`ектаў на новай аб`язной дарозе вакол нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Сёння ўсе месцы ў новай турысцкай вёсцы занятыя. Госці з Расіі, Украіны, Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў, іншых краін адпачываюць у пушчанскім краі. Адзін з новых домікаў спецыяльна не засялялі, прытрымалі, каб паказаць падчас адкрыцця-прэзентацыі. І сапраўды, жыць у такіх апартаментах, трэба думаць, адно задавальненне: пах жывога дрэва сцен спалучаецца з арыгінальным дызайнам абстаноўкі, плюс суперсучасныя выгоды, спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнэт, раскошная мэбля. І яшчэ шмат мілых дробязяў, якія прыцягваюць турыста нават з багатых Арабскіх Эміратаў. Тамтэйшыя наведнікі найперш шукаюць холаду, у іх летам з-за гарачыні наогул знаходзіцца на вуліцы немагчыма, жыць можна толькі ў памяшканні з кандыцыянерамі.

А людзі з поўначы Расіі знаходзяць у нас цяпло. Прырода тут прыгожая, усё дыхае спакоем і цішынёй. Птушкі спяваюць на ўсе лады. Вялікі штучны вадаём упрыгожаны выгнутымі масткамі. А з невялікай цаглянай вежы, стылізаванай пад даўніну, добра праглядаецца ваколіца і ўдалае архітэктурнае рашэнне самой турысцкай вёскі. На гары стаіць вятрак, але гэта не муляж. Гэта сучасная міні-электрастанцыя на сонечных батарэях.

Яшчэ ёсць рэстаран, лазня, саўна, спартыўны комплекс. Апошні — не проста спартзала з трэнажорамі і іншым стандартным наборам. Тут зроблены памяшканні для гульнявых відаў спорту, у якіх можна праводзіць сур`ёзныя спаборніцтвы. Казалі, што літаральна днямі пройдзе чэмпіянат вобласці па баскетболе для юніёраў.

А колькі розных фішак, забаўлянак, прынад для турыста! І першая з іх — коні, на якіх можна пакатацца, а вопытныя інструктары нават навучаць, як правільна трымацца ў сядле. Акрамя стайні, ёсць аўчарня, кароўнік. Свая чарада авечак разведзена для таго, каб рэстаран штодня забяспечваўся экалагічна чыстым мясам. Ну а каровы — для малака, масла, якое будуць збіваць рукамі на вачах у цікаўных турыстаў. Расказваць можна і пра шыкоўны дом гаспадара з мармуровым фантанам, дзе прадугледжана некалькі нумароў для VІP-персон, пра новую экалагічную сцяжыну, на якой можна адчуць некранутасць пушчы. Расказваць можна многа, але лепш на новую вёску ўсё ж паглядзець, калі з’явіцца такая магчымасць.
Гаспадар сядзібы Мікалай Бурнас, які нарадзіўся ў вёсцы Клятное, здзівіў журналістаў, калі сказаў, што пра такую вёску ён марыў... калі яшчэ падлеткам тут пасвіў кароў. Мабыць, тая самая мара і стымулявала яго на ўсё, што адбылося з ім пазней.

А пазней ён адкрыў свой бізнэс у суседняй краіне, разбагацеў, потым вярнуўся ў родную вёску, каб адрадзіць яе, вярнуць да новага жыцця. І пабудаваў тут усё, што штрыхамі абмалявана вышэй. Як чалавек прадпрымальны, Мікалай Аляксеевіч упэўнены, што праект хутка акупіцца. У кулуарах адкрыцця казалі, што ўкладзеныя сродкі вымяраюцца прыкладна двума дзясяткамі мільёнаў долараў.

Але на гэтым бізнэсмен спыняцца не збіраецца:

— Мы разглядаем магчымасць будаўніцтва іншых аб`ектаў па перыметры аб`язной дарогі. Найперш гатэля. Пазней з`явяцца такія ж прыкладна вёскі, як у Клятным, іх мае быць некалькі.

Як прадпрымальнік Мікалай Бурнас разважае эканамічнымі катэгорыямі, а як ураджэнец гэтых мясцін, як сын сваёй маці, ён гаворыць зусім іначай. Наогул падчас адкрыцця віноўнік урачыстасці сказаў вельмі кароткую прамову. І ўсе даведаліся, чаму адкрыццё было запланавана на 14 чэрвеня: у маці Мікалая Веры Мікалаеўны дзень нараджэння. Таму ўся імпрэза, усе песні ў выкананні ансабмля "Сябры" з Мікалаем Ярмоленкам, пружанскіх артыстаў, былі прысвечаны ёй. Седзячы на адным з першых радоў побач з вясковымі жанчынамі, Вера Мікалаеўна змахвала слязінкі. І было відаць, як яна ганарыцца сынам.

Ганарацца земляком і аднавяскоўцы. Усе прыйшлі на мерапрыемства ў святочных строях з дзецьмі, унукамі, падышлі жыхары суседніх вёсак.

Як сказаў падчас адкрыцця туркомплексу старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, дзякуючы земляку Мікалаю Бурнасу вёска Клятное будзе жыць у новай якасці — вёска, якая аб`ектыўна трапіла б у разрад выміраючых, бо ўсе яе жыхары — пенсіянеры. Губернатар падзякаваў бацькам, настаўнікам, усёй грамадзе, якая выхавала чалавека, сённяшняга інвестара перспектыўнага праекта. Яшчэ кіраўнік вобласці запэўніў прысутных, што аблвыканкам і надалей будзе падтрымліваць намаганні інвестараў па развіцці турызму як па перыметры новай аб`язной дарогі, так і ва ўсёй вобласці.

Калі са старой часткі Клятнога трапляеш у новую турыстычную вёску, такое ўражанне, што трапіў на нейкія здымкі фільма, што гэта ўсё нерэальна. Яно і нерэальна пакуль для нас, сярэднестатыстычных беларусаў. У сэнсе, не па кішэні. Але ж калі падобных аб`ектаў стане болей, ёсць некаторае спадзяванне, што з`явяцца вёскі і для нас, дзе можна будзе прыехаць з сям`ёй адпачыць. Толькі для гэтага спачатку, відаць, павінны прыехаць госці з Расіі, Эміратаў, іншых краін, пакінуць свае долары, якія запрацуюць на развіццё разнастайнай інфраструктуры.

Святлана Яскевіч, Пружанскі раён
Звязда, 16 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:16.06.2011
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:4084
 
Ключевые слова:
Туризм в беларуси Пружаны Беловежская пуща Бизнес
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме