https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым


Пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Ізраілем набыла моц 26 лістапада.
Міжурадавае пагадненне аб адмене віз краіны падпісалі 19 верасня 2014 года. У адпаведнасці з артыкулам 7 пагаднення дакумент набывае моц праз 90 дзён пасля атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага апавяшчэння, якім бакі інфармуюць адзін аднаго аб выкананні ўсіх неабходных унутрыдзяржаўных працэдур. 

Беларускі бок яшчэ ў студзені 2015 года праінфармаваў ізраільскіх калег пра выкананне ўсіх прадугледжаных працэдур. Затрымка ратыфікацыі пагаднення Ізраілем была звязаная з правядзеннем у гэтай краіне 17 сакавіка датэрміновых парламенцкіх выбараў. Адмену візавага рэжыму з Беларуссю кабінет міністраў Ізраіля зацвердзіў 16 жніўня. 

Як растлумачыла часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі, візы адмененыя толькі для тых грамадзян, якія падарожнічаюць з турыстычнай мэтай. "Для паездак з іншай мэтай дагэтуль патрабуецца віза", — дадала яна. 

Якія-небудзь дадатковыя дакументы для турыстычнай паездкі ў Ізраіль, паводле слоў Рачынскі, беларускім грамадзянам браць не абавязкова. "Паўнамоцтвы па санкцыянаванні ўезду ў Ізраіль пераходзяць ад пасольства да пагранічнай службы, і калі ў людзей ёсць нейкія апаскі, яны могуць узяць з сабой або нумар пасведчання асобы грамадзяніна Ізраіля, які іх запрашае, або копію пасведчання асобы для прад`яўлення пагранічнікам", — сказала дыпламат.

Астатнія дакументы беларускія грамадзяне могуць браць па сваім меркаванні. У прыватнасці, турысты могуць дадаткова прадставіць пагранічнікам турыстычную праграму, пацвярджэнне браніравання гатэля. "Ізноў-такі, гэта не афіцыйнае патрабаванне — гэта рэкамендацыя тым, у каго ёсць нейкія апаскі і хто хоча перастрахавацца", — адзначыла Рачынскі. 

Паводле яе слоў, пытанні ў пагранічнікаў могуць з`явіцца да людзей, якія нядаўна ўзялі шлюб з грамадзянамі Ізраіля. "Мы рэкамендуем ім афармляць запрашэнне праз МУС Ізраіля", — адзначыла часовы павераны. 

Яна таксама падкрэсліла, што ў выпадку адмовы ва ўездзе ў Ізраіль у беларускіх грамадзян будзе магчымасць на працягу двух сутак абскардзіць гэта рашэнне. Турыстам рэкамендуецца перад паездкай даведацца нумар тэлефона консульскага аддзела беларускага пасольства ў Ізраілі, каб мець магчымасць звярнуцца па юрыдычную дапамогу ў выпадку неабходнасці. 

Рачынскі таксама паведаміла, што пытанне аб закрыцці пасольства Ізраіля ў Беларусі пакуль не вырашана. "Спадзяемся, што рашэнне да канца года будзе прынята, і мы будзем дакладна ведаць, ці працягне пасольства сваё існаванне. Пакуль мы працуем, як і працавалі дагэтуль", — заявіла дыпламат. 

Нагадаем, 4 жніўня гэтага года ўрад Ізраіля падтрымаў прапанову прэм`ер-міністра Біньяміна Нетаньяху аб ліквідацыі сямі дыпламатычных прадстаўніцтваў у сувязі са скарачэннем выдаткаў. У ліку дыппрадстаўніцтваў, запланаваных да скарачэння, ізраільскі прэм`ер назваў і пасольства ў Беларусі. 

Крыху пазней былы ізраільскі пасол у Беларусі Іосіф Шагал паведаміў, што ў МЗС Ізраіля створана камісія па вывучэнні пытання аб скарачэнні сямі дыппрадстаўніцтваў у свеце. Ці закране гэта скарачэнне пасольства ў Беларусі, невядома, дадаў Шагал. 

Дыпламатычная місія Іосіфа Шагала ў Беларусі завяршылася ў канцы жніўня. Калі ў Беларусь прыбудзе новы пасол Ізраіля, пакуль невядома, паведаміла Юлія Рачынскі.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 26 лістапада 2015
 
Дата публикации:26.11.2015
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:871
 
Ключевые слова:
Визовый режим Беларусь-Израиль
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме