https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Амаль усе месцы ў беларускіх санаторыях і базах адпачынку на навагоднія святы занялі расіяне


Каля 200 тысяч расіян правядуць навагоднія і калядныя святы ў Беларусі.
Пра гэта расказаў на прэс-канферэнцыі дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін. Беларусь даўно стала прыцягальнай для турыстаў з краіны-суседкі, і не сакрэт, што адпачынак тут нашмат танней.

Расіян прыцягвае ў Беларусь бязвізавы рэжым, адсутнасць моўнага бар`еру, развітыя транспартныя камунікацыі, геаграфічная блізкасць і сваяцкія сувязі, а з нядаўняга часу — і магчымасць аплаты праз інтэрнэт. Каля 147 тысяч замежных турыстаў (а гэта больш чым на 80 адсоткаў расіяне) правялі летні адпачынак у беларускіх санаторыях. А з 1 верасня пачалося ранняе браніраванне на навагоднія і калядныя святы, якім шырока скарысталіся расійскія турысты. Ім прапануюцца туры на 3-12 дзён.

— Расіяне навучыліся планаваць загадзя свой адпачынак, у той час як беларусы "прачынаюцца" 29 снежня і пачынаюць тэлефанаваць, калі ў нас ужо не засталося месцаў, — расказвае Аксана Бічун, генеральны дырэктар замежнага прадпрыемства "Солвекс". — Сярод нашых аб`ектаў — санаторый "Вясёлка" ў Гродзенскай вобласці, гасцініцы "Крыжоўка" і "Ратамка" ў Мінскай вобласці — усяго 6 аб`ектаў на 1100 месцаў. На 98-99 адсоткаў у навагоднія святы яны заняты расіянамі, а беларусы, на жаль, позна схамянуліся.

Праўда, у некаторых беларускіх санаторыях месцы яшчэ засталіся. Намеснік начальніка па турызме РЦ "Цэнтркурорт" Алена Брок расказала, што сёлета цэны на навагодні адпачынак крыху выраслі. 7 начэй на адну асобу ў санаторыі каштуе ад 1 900 000 рублёў (у кошт уключаецца банкет і навагодняя праграма). Ва ўсіх нацыянальных парках, Бярэзінскім запаведніку, санаторыях Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта краіны месцаў на Новы год няма. Засталіся яны пакуль у санаторыях "Загор`е" і імя Арлоўскага.

Цікавыя для расійскіх турыстаў і беларускія гарналыжныя комплексы, якія таксама чакаюць гасцей на Новы год. Як паведаміла прадстаўнік гарналыжнага комплексу "Сілічы" Ілона Юроўская, з 25 снежня працуе вучэбна-трэніровачная траса працягласцю 120 метраў і два пад`ёмнікі. Акрамя таго, адкрыта цюбінгавая траса. Навагоднія і калядныя пуцёўкі ў комплекс прададзены. Праўда, надвор`е ўносіць свае карэктывы.

— Нам не патрэбны снег, але патрэбны мароз. Спадзяёмся, што тэмпература ў пачатку студзеня апусціцца і нам удасца адчыніць і трэцюю трасу, — расказвае Ілона Юроўская. — Цэнавая палітыка ў нас засталася ранейшай, і кошты ў доларавым эквіваленце не змяніліся. Да таго ж мы распрацавалі цэлую сістэму зніжак — для дзяцей і для тых, каму за 60, у буднія дні і інш.

Гарналыжны комплекс "Лагойск" у сувязі з незімовым надвор`ем лыжнікі пакуль не змогуць паспрабаваць свае сілы на трасе, затое ў цэнтры з`явіўся новы будынак з дыскаклубам, чакаюць гасцей лазневы комплекс, тэнісныя корты і іншыя забавы.

Прывабліваць турыстаў — як айчынных, так і замежных — збіраюцца на навагоднія святы і базы адпачынку, якія спецыялізуюцца на так званай нематэрыяльнай спадчыне, або абрадах. Клуб "Фестывальны" (Валожынскі раён) летась упершыню правёў мерапрыемства "Завіруха", кульмінацыяй якога сталі гонкі на сабачых запрэжках. Чакалася, што свята наведае каля 400 гасцей. у выніку яно сабрала каля 2 тысяч гледачоў і ўдзельнікаў. Сёлета 28 студзеня клуб "Фестывальны" зноў запрашае на "Завіруху". А цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Ратамка" 1 і 7 студзеня традыцыйна наладжвае вялікія конныя святы. Што датычыць непасрэдна абрадаў, то ў кожным раёне свае святы і свае абрады, многія з якіх уключаны ў спіс ЮНЭСКА як помнікі нематэрыяльнай спадчыны. Напрыклад, 6 студзеня ў Лепельскім раёне пройдзе абрад "Жаніцьба Цярэшкі".

Беларуская чыгунка прапануе свае варыянты навагодняга адпачынку. Трэці год запар у Белавежскую пушчу адпраўляюцца бесперасадачныя вагоны, дзе турыстам прапануецца сутачная забаўляльна-экскурсійная праграма. З 23 снежня штодзённа адпраўляюцца 2 вагоны, якія працягнуць курсіраваць і ў студзені. А 13 студзеня, на стары Новы год, гэта будзе цэлы цягнік з 5-ці купэйных вагонаў. Праўда, білеты на яго ўжо цалкам раскупленыя.

— Мы гатовы вазіць турыстаў у Белавежскую пушчу ўсю вясну і ўсё лета, тым больш што зараз гэтая паслуга карыстаецца вялікім попытам, — расказвае начальнік турыстычнага цэнтра "Дортур" Ала Сафонава. — Максімальны кошт паездкі для дарослага — 250 тысяч рублёў, дзе ўлічана ўсё да дробязяў, нават пасцельная бялізна ў цягніку і гарбата на пушчанскіх травах з блінамі падчас экскурсій на адкрытым паветры.

Беларуская сталіца адкрыла навагоднія святкаванні парадам Дзедаў Марозаў і Снягурак, які прайшоў 24 снежня і сабраў каля 700 удзельнікаў. У Мінску ўстаноўлена каля 50 ёлак, якія ўпрыгожваюць цэнтральныя навагоднія пляцоўкі. Надвор`е не дае магчымасці заліць каткі, аднак з надыходам маразоў у сталіцы іх з`явіцца каля 115, паабяцаў начальнік аддзела ўпраўлення фізічнай культуры і спорту Мінгарвыканкама Сяргей Юхнавец. Акрамя таго, у сталіцы будзе працаваць каля трох дзясяткаў пунктаў пракату канькоў і столькі ж хакейных каробак. Дарэчы, пакатацца на каньках можна ў Лядовым палацы і Палацы спорту, а таксама на "Мінск-Арэне". Кошт пракату канькоў з мінулага года не змяніўся — 10 тысяч.

Сёлетні турыстычны сезон, паводле прызнанняў спецыялістаў, атрымаўся неадназначным. Сітуацыя на валютным рынку паўплывала на выезд беларусаў за мяжу. Ён знізіўся на 20-30 адсоткаў. Але з`явіўся попыт на ўнутраны турызм, паведаміў Вадзім Кармазін. Аб`ём экспарту турыстычных паслуг склаў сёлета 150 мільёнаў долараў (ён вырас на 115-117 адсоткаў). Калі летась у Беларусь арганізавана прыехала каля 120 тысяч турыстаў, то сёлета іх стала больш — 135-137 тысяч. 147 тысяч замежнікаў адпачыла ў беларускіх санаторыях (на 11 тысяч больш, чым у папярэдні год). Больш за 80 адсоткаў склалі расіяне, хоць на іх актыўнасць і паўплывала негатыўная інфармацыя пра Беларусь у расійскіх СМІ. Увогуле ж у пяцёрку нашых турыстаў уваходзяць, акрамя расіян, немцы, літоўцы, туркі і палякі. Яны складаюць 98 адсоткаў беларускіх гасцей. Усяго сёлета нашу краіну наведалі прадстаўнікі 122 краін свету.

Алена Аўчыннікава
Звязда, 28 снежня 2011
 
Дата публикации:28.12.2011
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:3115
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Новый год Союзное государство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме