https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Флагманскі экіпаж "МАЗа" завяршыў сёмы этап ралі-рэйда "Дакар-2017" на пятым месцы


Пра гэта паведамілі ў кампаніі velcom, якая выступіла тэхнічным партнёрам каманды "МАЗ-СПОРТаўта".
Беларускі экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча завяршыў сёмы этап ралі-рэйду "Дакар-2017" на пятым месцы і тым самым скараціў адставанне ад першай дзясяткі ў агульным заліку. 

З-за праліўных дажджоў, якія абрынуліся на Балівію, арганізатары амаль удвая скарацілі спецучастак сёмага этапу — да 161 км. Частка маршруту прайшла па трасе шостага ралі-заезду, які раней адмянілі з меркаванняў бяспекі. Сёмы этап — марафонскі, гэта значыць, пасля хуткаснага ўчастка экіпажы прайшлі ў закрыты парк, у які не пускаюць машыны тэхнічнага суправаджэння і іншых прадстаўнікоў каманд.

"МАЗ" Сяргея Вязовіча патраціў на праходжанне спецучастка каля 1 гадзіны 47 хвілін. Апынуўшыся на пятым месцы, ён прайграў пераможцу заезду — гоншчыку каманды "КАМАЗ-майстар" Дзмітрыю Сотнікаву — прыкладна 5 хвілін. Наперадзе апынуліся і тры грузавікі Iveco, у тым ліку галандзец Жэрар дэ Рой. Даўжэй за беларусаў правялі на трасе тры расійскія экіпажы — Эдуарда Мікалаева, Айрата Мардеева і Антона Шыбалава.

У абсалютным заліку Сяргей Вязовіч падняўся на 16-е месца. Лідарам гонкі застаецца Жэрар дэ Рой, якому беларускі экіпаж саступае 3 гадзіны 25 хвілін. Другое месца займае Дзмітрый Сотнікаў, трэцяе — Эдуард Мікалаеў.

Экіпаж пад кіраваннем Аляксея Вішнеўскага фінішаваў на сёмым этапе на 16-й пазіцыі. Яго час — 1 гадзiна 57 хвілін, а розніца з лепшым вынікам — 16 хвілін. У генеральнай класіфікацыі экіпаж захоўвае 20-е месца, прайграючы "лятучаму галандцу" 4 гадзіны 47 хвілін.

"МАЗ" Аляксандра Васілеўскага з-за праколу шыны прайшоў спецучастак менш удала — на 20-й пазіцыі, пакінуўшы на трасе 2 гадзіны 10 хвілін і прайграўшы пераможцу заезду 29 хвілін. У турнірнай табліцы беларускі экіпаж займае 11-е месца і адстае ад лідара гонкі на 1 гадзіну 38 хвілін.

"Мы былі злёгку засмучаныя тым, што спецучастак скарацілі, бо стараемся выкарыстоўваць любую магчымасць, каб павысіць свае пазіцыі. Спецучастак прайшлі упэўнена, аднак без неабходнасці стараліся не рызыкаваць — тым больш што ліўні размылі большую частку трасы. На жаль, Аляксандр Васілеўскі пракалоў кола, якое прыйшлося экстранна змяняць, таму фінішаваў не ў першай дзясятцы", — падкрэслілі ў "МАЗ-СПОРТаўта".

Восьмы этап прывядзе гоншчыкаў у аргенцінскі горад Сальта. Працягласць спецучастка павінна скласці 492 км, аднак арганізатары могуць унесці змены ў маршрут. Мяркуецца, што экіпажы сутыкнуцца з сур`ёзнымі перашкодамі ў выглядзе буйных выдмаў.

Мінскі аўтазавод удзельнічае ў гонцы "Дакар" ужо ў шосты раз. Ралі-рэйд праходзіць з 2 па 14 студзеня па тэрыторыях трох краін — Аргенціны, Балівіі і Парагвая. Працягласць маршруту складае каля 9 тыс. км. У класе грузавікоў у ралі бяруць удзел 50 экіпажаў. Асноўнымі канкурэнтамі беларусаў выступаюць КамАЗ, Iveco, MAN, Renault і Tatra.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 10 студзеня 2017
 
Дата публикации:10.01.2017
Тематика:Транспорт, Спорт и Туризм
Просмотров:1148
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Дакар-2017 Авторалли
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме