https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Білеты на матч чэмпіянату свету па хакеі 2014 года Беларусь — ЗША, які адбудзецца 9 мая, прададзены поўнасцю


Аб гэтым, як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, заявіў 8 красавіка на пасяджэнні Савета бяспекі прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Міхаіл Мясніковіч праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб праведзенай рабоце па падрыхтоўцы да правядзення чэмпіянату: "Рэгламент Міжнароднай федэрацыі хакея выкананы. Аргкамітэт і 12 яго падкамітэтаў па розных кірунках дзейнасці забяспечылі адпрацоўку і вырашэнне ўсіх пытанняў. Спартыўныя аб`екты "Мінск-Арэна" і "Чыжоўка-Арэна", паводле ацэнак экспертаў, з`яўляюцца аднымі ў лепшых у Еўропе. Яны гатовыя да правядзення матчаў".

Свой удзел у спаборніцтвах пацвердзілі ўсе 16 краін. За перамогу ў чэмпіянаце будуць змагацца каманды са Швецыі, Чэхіі, Канады, Славакіі, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Італіі, Фінляндыі, Расіі, ЗША, Швейцарыі, Германіі, Латвіі, Казахстана і Беларусі. "Алімпійскі, сапраўды спартыўны прынцып перамог кан`юнктурныя і неканструктыўныя заклікі", — адзначыў Мясніковіч.

Паводле слоў прэм`ер-міністра, білетнай праграме была нададзена асаблівая ўвага. Улічаны вопыт, у тым ліку негатыўны, іншых краін, якія праводзілі падобныя чэмпіянаты. Цэнавая палітыка сфарміравана такім чынам, што матчы змогуць наведаць людзі з розным узроўнем даходаў. Так, на матчы папярэдняга этапу цэны складаюць ад 6 да 50 еўра, на матч фінальнай стадыі — ад 25 да 400 еўра.

Па стане на 7 красавіка прададзена і забраніравана 354 тыс. білетаў на "Мінск-Арэну" (75% ад умяшчальнасці) і 142 тыс. — на "Чыжоўка-Арэну" (67%). Замежным гасцям рэалізавана 70,5 тыс. білетаў. Асноўная доля продаж для замежных гасцей прыпадае на Расію і Латвію. Дастаткова вялікая цікавасць таксама праяўлена балельшчыкамі з Фінляндыі, Швейцарыі, Германіі, Славакіі. Грамадзяне гэтых краін на гэты момант выкупілі больш чым па 2—3 тыс. білетаў.

Як адзначыў Мясніковіч, білеты на нярэйтынгавыя матчы будуць рэалізаваныя ў працоўных і студэнцкіх калектывах. "Работа арганізавана. Продаж білетаў са скідкай дзецям і моладзі практыкуецца ўсюды пры правядзенні чэмпіянатаў. Гэта ўсталяваная практыка", — сказаў ён.

Вырашаныя таксама ўсе пытанні бязвізавага ўезду гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату. Вызначана 15 асноўных пунктаў пропуску цераз мяжу. На кожным з іх уведзены "зялёны канал". Пагранічныя пераходы ўкамплектаваныя супрацоўнікамі, якія валодаюць замежнымі мовамі. Адпрацаваны парадак разгляду спрэчных пытанняў.

Прынятыя рашэнні для таго, каб Мінск быў максімальна прывабны для турыстаў. У прыватнасці, зафіксаваны цэны на гасцінічнае абслугоўванне, а нумарны фонд гасцініц павялічаны больш чым у два разы. Усяго падчас чэмпіянату будуць функцыянаваць 43 гасцініцы на 9 тыс. 725 месцаў.

"Да чэмпіянату планавалася ўвесці ў эксплуатацыю 14 гасцініц. Дванаццаць з іх уведзены па стане на 31 сакавіка. Чатыры ўжо працуюць у паўнацэнным рэжыме, астатнія даступныя для браніравання. Да 14 красавіка будзе ўведзена гасцініца "Рэнесанс" і да 29 красавіка — гасцініца "Пекін", — праінфармаваў прэм`ер-міністр. — Усе гасцініцы адпавядаюць устаноўленым стандартам. На конкурснай аснове падабраны абслугоўваючы персанал".

Для размяшчэння гасцей чэмпіянату таксама будзе задзейнічана пяць інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы больш чым на 5 тыс. месцаў. Вырашаны ўсе пытанні, звязаныя з адсяленнем на гэты перыяд студэнтаў без спынення вучэбнага працэсу. У рэзерве яшчэ знаходзяцца санаторыі і гасцініцы ў Мінскай вобласці на 2 тыс. 100 месцаў.

У перыяд правядзення чэмпіянату ў сталіцы будзе разгорнута шырокая сетка грамадскага харчавання. Дадаткова адкрыюцца сезонныя кафэ больш чым на 20 тыс. месцаў у дапаўненне да 75 тыс., якія ўжо ёсць. Распрацаваны спецыяльныя меню ў даступным цэнавым дыяпазоне.

Прадугледжана стварэнне дзвюх фан-зон каля "Мінск-Арэны" і "Чыжоўка-Арэны". Акрамя таго, будуць створаны тры зоны гасціннасці каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў, Мінскага лядовага палаца спорту на вуліцы Прытыцкага і комплексу "Студэнцкая вёска". "У гэтых зонах гасцям нашай сталіцы будзе прапанаваны якасны адпачынак з арганізацыяй канцэртных праграм, дыскатэк і іншых мерапрыемстваў", — патлумачыў прэм`ер-міністр.

Акрамя таго, каля Палаца спорту на працягу двух тыдняў чэмпіянату з 11 да 23 гадзін будуць працаваць кірмашы народных і мастацкіх промыслаў. У гэты ж перыяд госці беларускай сталіцы змогуць наведаць самыя папулярныя тэатры, кіназалы, музеі, выставачныя цэнтры — гадзіны працы ўсіх устаноў культуры будуць працягнуты ў вячэрні час сутак.

Сярод пераваг чэмпіянату Мясніковіч назваў развітую транспартную сістэму. "Нашы арэны на перыяд чэмпіянату будуць звязаныя прамымі транспартнымі зносінамі паміж сабой і асноўнымі месцамі пражывання балельшчыкаў. Дадаткова набытыя новыя айчынныя аўтобусы для міжнародных, гарадскіх і прыгарадных перавозак, а таксама тралейбусы. Для тых, хто будзе перамяшчацца на асабістым транспарце, прадугледжаны дадатковыя парковачныя месцы каля лядовых арэн. Ахвотныя могуць узяць аўтамабіль напракат, у тым ліку ў гасцініцы па месцы пражывання або заказаць гэтую паслугу па інтэрнэце", — паведаміў прэм`ер.

Гатовы да прыёму ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату і нацыянальны аэрапорт, значна павялічана яго прапускная здольнасць, адзначае прэс-служба прэзідэнта.

Дапамогу ў працы з камандамі, афіцыйнымі ўдзельнікамі і балельшчыкамі будуць аказваць больш чым 700 валанцёраў з ліку студэнтаў, якія валодаюць замежнымі мовамі. Яшчэ 190 студэнтаў медуніверсітэта будуць працаваць у брыгадах хуткай дапамогі і медпунктах.

Сфарміравана 20 брыгад неадкладнай медыцынскай дапамогі на аўтамабілях еўрапейскіх вытворцаў з вопытным персаналам, які валодае замежнымі мовамі. Распрацаваны схемы размяшчэння гэтых брыгад каля лядовых арэн. Медыцынскія кабінеты на саміх лядовых арэнах аснашчаныя неабходным абсталяваннем і лекавымі прэпаратамі. Вызначаны пералік арганізацый аховы здароўя, у якіх у выпадку неабходнасці плануецца аказанне тэрміновай медыцынскай дапамогі гасцям чэмпіянату.

Мясніковіч расказаў, што ўжо распрацаваны сцэнарныя планы афіцыйных мерапрыемстваў, у тым ліку адкрыцця і закрыцця чэмпіянату. Ён таксама ўнёс прапанову правесці 8 мая асаблівае мерапрыемства з пад`ёмам дзяржаўных сцягоў усіх краін — удзельніц чэмпіянату.

Замежным кіраўнікам і кіраўнікам урадаў дзяржаў — удзельніц спартыўнага форуму, краін СНД і стратэгічных партнёраў Беларусі за мяжой накіраваныя запрашэнні наведаць чэмпіянат.

Паводле слоў Мясніковіча, самая пільная ўвага надаецца пытанням бяспекі. Праведзена сістэмная праца па каардынацыі і адпрацоўцы сумесных дзеянняў усіх зацікаўленых, створаны міжведамасны сітуацыйна-аператыўны штаб.

"Сур`ёзныя інвестыцыі ў інфраструктуру і аб`екты горада дазволілі стварыць дадаткова больш чым 2 тыс. працоўных месцаў, вывесці на больш якасны ўзровень сферу гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, гасцінічнага сэрвісу, палепшыць транспартнае забеспячэнне. Усё гэта зроблена не толькі для чэмпіянату, але і для паляпшэння якасці жыцця гараджан. І ў перспектыве гэта прынясе дадатковыя дывідэнды нашай краіне", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Мясніковіч упэўнены, што пастаўленая задача па арганізацыі і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі на высокім узроўні будзе паспяхова выканана. Гэта пацвярджаецца і вынікамі апошняй інспекцыйнай праверкі Міжнароднай федэрацыі хакея, якая праводзілася з 1 па 4 красавіка гэтага года.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 красавіка 2014
 
Дата публикации:08.04.2014
Тематика:ЧМ-2014 по хоккею, Спорт и Туризм
Просмотров:970
 
Ключевые слова:
Хоккей Чемпионат мира Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме