https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Надзея Астапчук пазбаўлена залатога медаля


Беларуска Надзея Астапчук, якая заваявала залаты медаль у штурханні ядра на Алімпіядзе ў Лондане, дыскваліфікавана за станоўчую допінг-пробу. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).
Як адзначаецца ў рэлізе, у абедзвюх допінг-пробах Астапчук (першая была ўзята напярэдадні спаборніцтваў, другая — адразу пасля іх завяршэння. — БелаПАН.) быў выяўлены забаронены прэпарат метэналон.

На падставе станоўчых проб па рэкамендацыі Дысцыплінарнага камітэта МАК Выканаўчы камітэт МАК пастанавіў наступнае:

1. Надзея Астапчук:
а) дыскваліфікавана ў алімпійскіх спаборніцтвах па штурханні ядра
б) выключана са складу ўдзельнікаў Алімпіяды 2012 года ў Лондане
в) павінна вярнуць медаль і дыплом
г) павінна неадкладна вярнуць алімпійскую ідэнтыфікацыйную карту і акрэдытацыю.

2. Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (IAAF) неабходна змяніць і скарэктаваць вынікі алімпійскіх спаборніцтваў у жаночым штурханні ядра.

3. НАК Беларусі ўказана на неабходнасць вярнуць узнагароды Астапчук.

4. МАК пераразмеркаваў узнагароды і дыпломы паміж спартсменкамі, якія занялі месцы ўслед за Астапчук. Такім чынам, алімпійскай чэмпіёнкай аб`яўлена новазеландка Валеры Адамс, другое месца прысуджана расіянцы Яўгеніі Калодцы, трэцяе — кітаянцы Гун Ліцзяа.

5. НАК Беларусі павінен выканаць распараджэнне Выканаўчага камітэта МАК.

6. Усе рашэнні набываюць моц неадкладна.

У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі навіну пра дыскваліфікацыю Надзеі Астапчук пакуль не каментуюць. Паводле слоў прэс-сакратара арганізацыі Уладзіміра Несцяровіча, дакументаў, якія пацвярджаюць дыскваліфікацыю Астапчук, у Мінспорту пакуль няма.

13 жніўня ў 15.00 у прэс-цэнтры газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии" павінна была адбыцца прэс-канферэнцыя Надзеі Астапчук, аднак у апошні момант яе адмянілі без тлумачэння прычын.

Нагадаем, 6 жніўня на Алімпіядзе ў Лондане 31-гадовая Надзея Астапчук заняла першае месца ў фінале спаборніцтваў па штурханні ядра. Свой лепшы вынік — 21 метр 36 сантыметраў — яна паказала ў трэцяй спробе. У выніковым пратаколе спартсменка на 66 сантыметраў апярэдзіла ўладальніцу сярэбранай узнагароды Валеры Адамс з Новай Зеландыі.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Астапчук ордэнам Айчыны III ступені. Гэтай узнагароды яна ўдастоена за "высокі прафесіяналізм, выдатныя спартыўныя дасягненні і перамогу на XXX летніх Алімпійскіх гульнях".

Улічваючы рашэнне МАК аб дыскваліфікацыі Астапчук, агульная карціна выступлення беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Лондане стала яшчэ горшай. Такім чынам, у актыве беларусаў цяпер не 13, а 12 узнагарод: 2 залатыя, 5 сярэбраных і 5 бронзавых. Гэта горшы вынік выступлення на летніх Алімпіядах у суверэннай гісторыі.

Кіраўнік дзяржавы ставіў перад беларускай камандай задачу заваяваць у Лондане 25 медалёў, у тым ліку 5 залатых.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 13 жніўня 2012

 
Дата публикации:13.08.2012
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:2233
 
Ключевые слова:
Олимпиада Лондон-2012 Медали Допинг
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме