"Мы вельмі разлічваем на тое, што ў наступным годзе падпішам дэкларацыю аб стварэнні Еўразійскага саюза, які можа і павінен пачаць працаваць ужо ў 2013 годзе", — цытуе Пуціна РІА Новости.
Ён таксама паведаміў, што Камісія Мытнага саюза пачне працаваць на пастаяннай прафесійнай аснове з 1 студзеня 2012 года ў Маскве. Зараз, паводле слоў Пуціна, для яе шукаецца будынак.
Сустрэча трох прэм`ераў адбылася сёння падчас канферэнцыі дзелавых колаў краін Мытнага саюза.
Уладзімір Пуцін, Міхаіл Мясніковіч і Карым Масімаў абмеркавалі пытанні, звязаныя з пачаткам функцыянавання з 1 студзеня 2012 года Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) МС. Адкрываючы сустрэчу, расійскі прэм`ер нагадаў, што з 1 ліпеня ў межах МС знята мытнае афармленне на ўнутраных межах. Пуцін назваў гэтую падзею гістарычнай, падкрэсліўшы, што яна будзе садзейнічаць пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязяў, развіццю кааперацыі, павышэнню агульнай канкурэнтаздольнасці дзяржаў і эканомік Мытнага саюза.
Са свайго боку кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што ў межах АЭП "павінны быць у першую чаргу створаны роўныя ўмовы для гаспадарчых суб`ектаў" трох краін.
Прэм`ер-міністр Казахстана Карым Масімаў адзначыў неабходнасць стараннай падрыхтоўкі да зменаў, якія адбудуцца з 1 студзеня 2012 года. Паводле яго слоў, тры дзяржавы "ўваходзяць у новае прававое поле, да якога яны ментальна яшчэ не цалкам гатовы — і ўрад, і бізнес".
БелаПАН
Мінск, 12 ліпеня 2011