Удзельнікі з Кыргызстана, Казахстана і Арменіі плануюць далучыцца да праекта "Поезд Памяці". Такую інфармацыю агучыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па пытаннях правядзення ў 2023 годзе гэтага сумеснага беларуска-расійскага праекта.
Віктар Лісковіч заклікаў удзельнікаў пасяджэння агучыць прапановы, каб другі сезон патрыятычнага праекта ў 2023 годзе быў яшчэ цікавей. "Плануюць далучыцца тры краіны - Кыргызстан, Казахстан, Арменія. Будзе задзейнічана 205 удзельнікаў", - сказаў ён.
Паводле слоў старшыні пастаяннай камісіі, у мінулым годзе патрыятычны праект быў арганізаваны на добрым узроўні, але ў гэтым годзе трэба перасягнуць мінулагоднія вынікі. "Мы павінны давесці да дасканаласці гэта мерапрыемства, каб яно стала эталонам усёй патрыятычнай работы ў моладзевым асяроддзі", - адзначыў ён.
Прапануецца задзейнічаць моладзь, якая ўдзельнічала ў першым сезоне праекта, у якасці рэтранслятараў. Важна, каб яны рэгулярна ўдзельнічалі ў сустрэчах з іншымі школьнікамі ў сваім рэгіёне. І другім напрамкам, які можа ўзмацніць значнасць праекта, павінна стаць уключэнне ўсіх вучняў школ у першы этап праекта.
"Нам трэба ўключыць у гэту работу на першым этапе не толькі 10-класнікаў. Конкурс павінен прайсці ва ўсіх школах краіны, а іх 3 тыс. У кожнай школе павінен прайсці першы этап, падчас якога варта задзейнічаць практычна ўсіх дзяцей, - адзначыў Віктар Лісковіч. - Праект будзе штогадовым. Да таго часу, калі дзіцяці споўніцца 16 гадоў, яно будзе свядома разумець значнасць праекта і ўмовы яго рэалізацыі".
Канцэрн "Беллегпрам", дарэчы, добра сябе зарэкамендаваў у першым сезоне праекта "Поезд Памяці", таму ў 2023-м будзе шыць усю экіпіроўку.
Патрыятычны праект "Поезд Памяці", які праводзіцца па ініцыятыве верхніх палат парламентаў Расіі і Беларусі, упісаў яркую старонку ў беларуска-расійскае супрацоўніцтва. За два тыдні 200 школьнікаў з Расіі і Беларусі прайшлі па 15 гарадах, стартаваўшы 22 чэрвеня ў горадзе-героі Брэсце і завяршыўшы сваё падарожжа 3 ліпеня - у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - у горадзе Мінску. Знакавай падзеяй для іх стала цырымонія ўскладання кветак на Кургане Славы з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
8 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА
БЕЛТА