https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі ўведзены забарона і спецыяльны збор на вываз некаторых тавараў за межы Мытнага саюза


З 12 чэрвеня ў Беларусі ўстаноўлены забарона і спецыяльны збор на вываз асобных тавараў за межы Мытнага саюза. Гэта прадугледжана пастановай урада № 755 "Аб некаторых мерах па абароне спажывецкага рынку", прынятай 11 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Дакумент зацвярджае пералік тавараў, часова забароненых да вывазу фізічнымі асобамі, а таксама пералік тавараў, вываз якіх нармаваны.

У пераліку часова забароненых да вывазу тавараў — бытавыя халадзільнікі і маразільнікі вытворчасці ЗАТ "Атлант"; газавыя пліты СП "Брэстгазаапарат"; цэмент вытворчасці ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", РУП "Беларускі цэментны завод" і "Крычаўцэментнашыфер", сінтэтычныя мыйныя сродкі ААТ "Бархім", а таксама крупы і макаронныя вырабы незалежна ад вытворцы.

У пералік тавараў, вываз якіх нармаваны, уключаны: свініна і мяса птушкі, цукар, мука, сычужныя сыры (можна вывозіць не больш за 2 кг); масла (1 кг); тытунёвыя вырабы беларускай вытворчасці (2 пачкі); мясныя і малочныя кансервы (5 бляшанак). Пры перавышэнні гэтых нормаў фізасобы абавязаны выплаціць спецыяльны збор, памер якога складае двухразовую сярэднюю цану тавару.

Выплату збору кантралююць мытныя органы, а на спрошчаных пунктах пропуску — пагранічныя органы. Сродкі ад збору будуць паступаць у рэспубліканскі бюджэт, адзначае прэс-служба ДМК.

Забарона і абмежаванні не тычацца вывазу названых тавараў у краіны Мытнага саюза — Расію і Казахстан.

Нагадаем, з 11 чэрвеня таксама дзейнічаюць абмежаванні на вываз фізасобамі аўтамабільнага паліва. Паліва, якое вывозіцца больш за адзін раз на працягу пяці сутак за межы Мытнага саюза, абкладаецца экспартнай пошлінай.

Пытанне ўвядзення абмежавальных мер "для прадухілення спекуляцыйнага вывазу ў сумежныя краіны сацыяльна значных тавараў" абмяркоўвалася 10 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з дзяржсакратаром Савета бяспекі Леанідам Мальцавым.

Лукашэнка звярнуў увагу на праблему "актыўнага вывазу ў сумежныя краіны сацыяльна значных тавараў, у тым ліку аўтамабільнага паліва, прадуктаў харчавання, на якія цэны ў Беларусі значна ніжэйшыя, чым у суседзяў". "Таму, зразумела, ствараецца не проста пагроза, а мы назіраем неарганізаваны, ва ўрон нашым таваравытворцам вываз гэтай прадукцыі", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі дзейнічаць рынкавымі мерамі, то трэба было б значна ўзняць цэны на ўнутраным рынку, што ў цяперашняй сітуацыі немагчыма. "Таму вымушаная, але, на жаль, мера неабходная, якую трэба прыняць, — спыніць несанкцыянаваны спекуляцыйны вываз з Беларусі тавараў за межы краіны", — запатрабаваў Лукашэнка.

Разам з тым ён падкрэсліў, што забараняць вываз тавараў не плануецца: "Напрыклад, калі вязеш паліва ў Літву, заплаці экспартную пошліну на гэты бензін або нафту, або ж дызпаліва — і вязі, калі ласка, ніхто не супраць".

У сваю чаргу Леанід Мальцаў заявіў, што абмежаванні на вываз тавараў — гэта агульнасусветная практыка абароны ўнутранага рынку ў інтарэсах сваіх грамадзян.

Мальцаў падкрэсліў, што ўсе абмежаванні будуць уводзіцца "ў дакладнай адпаведнасці з абавязацельствамі, якія ўзяла на сябе Беларусь у межах міжнародных дамоўленасцяў, і будуць мець часовы характар".

БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:12.06.2011
Тематика:Товары из Беларуси, ЕАЭС
Просмотров:3246
 
Ключевые слова:
Экономика Бизнес Таможенные пошлины Экспорт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме