https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Павал Шарамет: "Нарышкін быў жорсткі да Лукашэнкі"


Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Нарышкін 13 кастрычніка правёў прэсавую канфэрэнцыю для беларускіх СМІ. З гэтай нагоды ў Маскву запрасілі прадстаўнікоў незалежных і дзяржаўных беларускіх СМІ.
Гэты брыфінг спадар Нарышкін выкарыстаў, каб наўпрост зьвярнуцца да А. Лукашэнкі з заклікам адумацца.

На думку беларускіх журналістаў, якія пабывалі на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Нарышкіна, сэнсацыяў на ёй не прагучала. Большасьць ягоных адказаў можна было спрагназаваць яшчэ ў Менску. Сяргей Нарышкін і ў сваім уступным слове, і ў адказах на пытаньні быў вытрыманы і дыпляматычны. Аднак ягоны выступ можна ацаніць як пэрсанальны зварот да Лукашэнкі, зазначыла "Свабодзе" адна з запрошаных у Крэмль беларускіх журналістаў Аксана Колб з газэты "Новы час".

"Нягледзячы на тое, што Нарышкін падкрэсьліваў, як нэгатыўна беларускае кіраўніцтва цяпер ставіцца да Расеі і як шмат Расея робіць для добрых стасункаў зь Беларусьсю, было заяўлена, што Масква зможа і далей кантактаваць з Лукашэнкам, калі той адумаецца і ня будзе больш шкодзіць двухбаковым дачыненьням".

Даслоўна спадар Нарышкін заявіў наступнае:

"Важнасьць мае ўсьведамленьне беларускім кіраўніцтвам сваіх крокаў па дыскрэдытацыі беларуска-расейскіх дачыненьняў. Калі ўсьведамленьне адбудзецца — і на словах, і ў справах, і будзе выкананьне ўсіх абавязкаў па падпісаных пагадненьнях, — то Расея таксама пойдзе насустрач".


Зь іншага боку, прагучала заява пра магчымасьць кантактаў Крамля зь беларускай апазыцыяй. "Зь любой апазыцыяй варта лічыцца", — заявіў наконт гэтага спадар Нарышкін.

Такім чынам, Крэмль фактычна дае зразумець Менску, што можа прабачыць Лукашэнку, калі будуць нейкія рэальныя крокі дзеля паглыбленьня двухбаковых адносін. Аднак іншы ўдзельнік гэтай сустрэчы, Павал Шарамет, мяркуе, што гэтыя словы ў вялікай ступені дыпляматычныя:

"У агульных рысах, фармальна, гэтага Нарышкін ня выключыў, але гэта можна і трактаваць як проста ветлівы адказ. Таму што цяжка было б чакаць ад кіраўніка такога ўзроўню словаў пра тое, што не, больш ніколі, больш ніколі зь ім. Таму што гаворка йдзе пра саюзную дзяржаву, таму такія фармулёўкі ў прынцыпе немагчымыя".

Паводле Паўла Шарамета, ацэнка словаў і дзеяньняў А. Лукашэнкі з боку спадара Нарышкіна была жорсткай:

"Тут ён быў дастаткова жорсткі, што для яго як чалавека і як для чыноўніка неўласьціва. Гэта кажа пра тое, што сур`ёзна дастаў А. Лукашэнка сваімі словамі і справамі".

Гаворачы пра будучыя выбары прэзыдэнта Беларусі, Сяргей Нарышкін адзначыў, што Расея будзе на іх глядзець з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства, а таксама міжнародных дэмакратычных стандартаў.

Аксана Колб з газэты "Новы час" задала спадару Нарышкіну пытаньне наконт паказу па расейскіх каналах сюжэтаў пра зьніклых беларускіх палітыкаў, у прыватнасьці — фільмаў "Хросны Бацька":

"У першую чаргу я спыталася, чаму толькі зараз гэтая тэма ўсплыла, чаму не ў 2001 ці 2006 гадах? Ён адказаў, што гэта не палітыка кіраўніцтва Расеі наогул, што ён гэтых фільмаў цалкам наогул не глядзеў, і хоць гэта дзяржаўны канал, ніякага ўплыву кіраўніцтва ня мела. Тут "проста зараз (цытую адказ) перапоўнілася чаша цярпеньня ў расейскіх журналістаў, таму і зьявіліся гэтыя фільмы".

Расея не зьбіраецца ініцыяваць сваё расьсьледаваньне спраў зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі, усё будзе ў рамках двухбаковых адносін праваахоўных органаў Беларусі і Расеі, — прызнаў Нарышкін. Пры гэтым ён зазначыў:

"Калі Расея афіцыйна не падымала пытаньне пра зьніклых, гэта не азначае, што нас, як грамадзян краіны, прыхільных дэмакратычнаму шляху разьвіцьця, гэтае пытаньне не хвалявала".

Вялікая частка размовы Нарышкіна зь беларускімі журналістамі была прысьвечана эканоміцы і эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі. Гэтым цікавіліся прадстаўнікі дзяржаўных СМІ Беларусі.

Яны казалі, што расейскі бок парушае дамоўленасьці. Нарышкін адкінуў абвінавачаньні беларускага боку ва ўсталяваньні бар`ераў на шляху беларускіх тавараў у Расею. Паводле яго слоў, у студзені-жніўні гэтага года аб`ём тавараабароту паміж дзьвюма краінамі вырас амаль на 20%. Пры гэтым беларускі экспарт -- амаль на 50%. "Гэта сьведчыць аб тым, што перашкод ці няма, ці іх мала", -- сказаў ён, адзначыўшы, што беларускі экспарт у іншыя краіны вымяраецца больш сьціплымі паказчыкамі і скарачаецца.

Усяго ў Маскву прыбылі каля 20 журналістаў зь дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. У прыватнасьці, прадстаўленыя тэлеканал ОНТ, "Советская Белоруссия", "Звязда", БелТА, "Белгазета", "Наша ніва", БелаПАН, сайт кампаніі "Гавары праўду", сайт "Хартыі-97", інтэрнэт-газэта "Салідарнасьць", інфармацыйны партал "Империя". Прыбылі таксама карэспандэнты расейскіх СМІ, якія працуюць у Беларусі. У Маскве да іх далучыліся Павал Шарамет зь "Белорусского партизана" і Павел Тухто зь Першага каналу БТ, якія стала жывуць у сталіцы Расеі.

Радыё Свабода
13.10.2010 17:51
Валер Каліноўскі
 
Дата публикации:14.10.2010
Тематика:Культура, ЕАЭС
Просмотров:4044
 
Ключевые слова:
Пресс-конференция Союзное государство Белорусские журналисты Информационная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме