https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Мядзьведзеў падкрэсьліў, што Лукашэнка не зьяўляецца стратэгічным партнэрам"


Відэазварот прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць расейскага палітоляга Станіслава Бялкоўскага. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.
Дракахруст: Спадар Бялкоўскі, на ваш погляд чаму прэзыдэнт Расеі хіба не ўпершыню выступіў з такой публічнай і жорсткай крытыкай прэзыдэнта Беларусі?

Бялкоўскі: Заява Дзьмітрыя Мядзьведзева – гэта адказ на нядаўнія рэплікі Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы апошняга з расейскімі журналістамі, калі прэзыдэнт Беларусі абвінаваціў і Мядзьведзеваа і Пуціна ў ціску на яго і ў прыватнасьці ў тым, што тэлеперадачы, якія кампрамэтуюць Аляксандра Лукашэнку, рабіліся на наўпроставы загад прэзыдэнта Расеі. Зразумела, не адказаць на гэта прэзыдэнт Расеі ня мог і ён адказаў ва ўласьцівай яму манеры, праз відэаблог. Рыторыка Мядзьведзева была прыкладна такой жа, як і адносна Віктара Юшчанкі летась. Дзьмітры Мядзьведзеў падкрэсьліў, што Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца для яго стратэгічным партнэрам, але паколькі не даводзіцца меркаваць, што цяперашні прэзыдэнт Беларусі сыйдзе ў аглядальнай будучыні, Масква ня робіць стаўку на зьмену ўлады ў Менску, а будзе выкарыстоўваць іншыя рычагі і формы ціску.

Дракахруст: А што Масква можа зрабіць? Асабліва калі, як вы кажаце, яна ўсьведамляе, што ёй і надалей давядзецца мець справу з Лукашэнкам.

Бялкоўскі: Насуперак распаўсюджанай міталёгіі Масква ня мае свайго кандыдата на выбарах прэзыдэнта Беларусі, яна ня робіць стаўкі ні на аднаго з апазыцыйных кандыдатаў і зьмірылася з тым, што ёй яшчэ доўга давядзецца мець справу з Аляксандрам Лукашэнкам. Але Масква будзе рабіць усё магчымае для эканамічнага ціску на Беларусь, а таксама для таго, каб стварыць у беларускіх грамадзянаў усьведамленьне сувязі паміж паводзінамі Аляксандра Лукашэнкі на расейскім фронце беларускай палітыкі і пагаршэньнем становішча ў краіне. Гэтым Масква будзе займацца і ва ўмовах, калі ў Менску ня так многа альтэрнатыўных каналаў эканамічнай дапамогі і садзеяньня, магчыма асобныя крокі Масквы ў эканамічнай вайне з Менскам будуць эфэктыўныя. Але палітыка Масквы ў цэлым прывядзе да поўнага разбурэньня фантомнай саюзнай дзяржавы і ператварэньне Беларусі з найбольш ляяльнай ў найменш ляяльную да Расеі дзяржаву на постсавецкай прасторы.

Дракахруст: Пэўны час таму было уражаньне, што Лукашэнка спрабуе гуляць на супярэчнасьцях паміж Мядзьведзевым і Пуціным, робячы стаўку на "добрага" Мядзьведзева супраць "кепскага" Пуціна. А чаму зараз ролі хіба не зьмяніліся?

Бялкоўскі: Увесь гэты год я спрабаваў давесьці да беларускай грамадзкасьці думку пра тое, што тактыка гульні на супярэчнасьцях у тандэме неэфэктыўная, паколькі іх вельмі няшмат, а на беларускім фронце іх няма наагул. Мядзьведзеў і Пуцін да Аляксандра Лукашэнкі і да ўсяго комплексу расейска-беларускіх праблем ставяцца аднолькава. Я думаю, што Лукашэнка гэта ўсьвядоміў, што спроба падлашчыцца да Мядзьведзева шляхам крытыкі Пуціна не прывядзе ні да чаго добрага. Сёньня Лукашэнка агучвае рэальнасьць: што Мядзьведзеў, як і Пуцін , для яго апанэнт, а не сябра.

Дракахруст: У Беларусі ў афіцыйных колах лунаюць устойлівыя чуткі, меркаваньні, што паводле нейкіх закрытых апытаньняў у Расеі расейская грамадзкая думка ў гэтым канфлікце паміж Масквой і Менскам ў значнай ступені на баку Беларусі. Ці так гэта адносна грамадзкай думкі і ці так гэта адносна расейскай палітычнай эліты?

Бялкоўскі: Пра такія апытаньні я нічога ня ведаю, прынамсі ня ведаю, каб найбуйнейшыя афіцыйныя сацыялягічныя цэнтры праводзілі падобныя дасьледаваньні. У элітах сур’ёзнай падтрымкі Лукашэнкі няма, нашым элітам бліжэй пазыцыя Мядзьведзева і Пуціна. Што да грамадзтва, то ў ім нарастае раздражненьне Крамлём, шэрагам крокаў сучаснай улады – і Мядзьведзевым, і Пуціным. І я думаю, што прыкладна 30%расейскага насельніцтва хутчэй сымпатызуюць Лукашэнку, чым Крамлю ў гэтым канфлікце.

Дракахруст: А які эфэкт на ваш погляд зрабіў на расейскае грамадзтва выкрывальны сэрыял пра Лукашэнку "Хросны бацька"?

Бялкоўскі: Я думаю, што для расейскай грамадзкай думкі гэтыя фільмы прынцыповага значэньня ня мелі. Лукашэнку сымпатызуюць пераважна тыя, хто стаміўся ад цяперашняга Крамля, ад яго этыкі і эстэтыкі. Для іх у любым выпадку Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца альтэрнатыўным полюсам, які нагадвае як пра харызматычную палітыку, пра яскравае лідэрства, якое ў Расеі страчанае, гэтак і пра часы СССР, у якіх па ранейшаму значная частка расейцаў бачыць шмат добрага і прывабнага. Тут дзьвюма-трыма стужкамі сытуацыі зьмяніць немагчыма.

Радыё Свабода
04 кастрычніка 2010
Юры Дракахруст
 
Дата публикации:05.10.2010
Тематика:Культура, ЕАЭС
Просмотров:3415
 
Ключевые слова:
Информационная война Выборы Президента Харизма
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме