https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Рада БНР: амбасадар Сурыкаў мае стаць «пэрсонай нон грата»


Рады БНР распаўсюдзіла заяву з нагоды апошніх выказваньняў амбасадара Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава.
Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі А. Сурыкаў заявіў у інтэрвію газэце «Зьвязда», што ў выпадку абвастрэньня валютна-фінансавай сытуацыі Беларусі «варта падумаць пра пераход на агульную з Расеяй валюту».

У заяве Рады БНР гаворыцца, што Сурыкаў таксама «даў зразумець, што Масква будзе перашкаджаць вытворчасьці легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі, калі яна будзе наладжаная ў абыход інтарэсаў Расеі».

«Гэтыя заявы, — гаворыцца ў заяве, — выяўляюць сапраўднае, імпэрскае стаўленьне Расеі да незалежнасьці нашай краіны. Не сакрэт, што толькі дзякуючы Расеі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе — пацьверджаньне гэтаму і крызіс 1996 году, калі «маскоўскі дэсант» уратаваў Лукашэнку ад імпічмэнту, і так званыя выбары 2001, 2006, 2010 году, перад якімі Крэмль выдаткоўваў лукашэнкаўскаму рэжыму мільярдныя крэдыты.

Насуперак памылковаму і распаўсюджанаму ўяўленьню, Расея не зьяўляецца донарам Беларусі. У выпадку, калі б ў 1994 годзе быў абраны эўрапейскі шлях разьвіцьця, прамысловы, транзытны і, найперш, чалавечы, інтэлектуальны патэнцыял дазваляў Беларусі цягам некалькіх гадоў стаць нароўні з постсавецкімі краінамі Ўсходняй Эўропы. Аднак палітыка прарасейскага кіраўніка краіны, уцягваньне Беларусі ў вайсковую сыстэму АДКБ, якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, разьмяшчэньне расейскіх вайсковых базаў, — паставілі заслону паміж Беларусьсю і дэмакратычнымі эўрапейскімі краінамі. Выкарыстоўваючы Беларусь як найважнейшы для сваіх стратэгічных інтарэсаў вайсковы пляцдарм, Масква расплачваецца з Лукашэнкам падачкамі, якіх, аднак, хапае, каб падтрымліваць ілюзію эканамічнай стабільнасьці. Ва ўсялякім разе, хапала да апошняга часу. Эканамічны крызіс, дэвальвацыя нацыянальнай валюты паставілі ўладу Лукашэнкі пад пагрозу, аднак і тут Масква прыйшла яму на дапамогу. Узамен Расея дамаглася яшчэ большай палітычнай і эканамічнай залежнасьці Беларусі — праз уваход нашай краіны ў т. зв. Мытны зьвяз ды поўны кантроль над «Белтрансгазам» — сьцьвярджаецца ў заяве.

Рада БНР піша што «неаднаразова зьвяртала ўвагу на імпэрскую палітыку Расеі ў дачыненьні да Беларусі; цяпер жа гэтая палітыка стварае рэальную пагрозу беларускай незалежнасьці. Расея ніколі не падтрымлівала дэмакратычныя памкненьні беларускага грамадзтва; паказальна, што афіцыйная Масква ні слова не сказала ў абарону беларускіх палітычных вязьняў».

Заканчваецца заява Рады БНР наступным цьверджаньнем: «Расейскі амбасадар Сурыкаў і раней дазваляў сабе выказваньні, якія выходзілі па-за межы нормаў паводзінаў кіраўніка дыпляматычнай місіі. Аднак яны заставаліся без адэкватнага адказу з боку лукашэнкаўскага МЗС. Цяперашнія ягоныя заявы выяўляюць абсалютна недапушчальнае для дыплямата ўмешваньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай краіны. Рада БНР лічыць, што спадар Сурыкаў павінен быць абвешчаны „пэрсонай нон грата“ і неадкладна пакінуць тэрыторыю Беларусі. У выпадку, калі гэта ня будзе зроблена цяпер — гэта павінна будзе зрабіць новая дэмакратычная ўлада, незалежна ад таго, якую пасаду будзе займаць цяперашні расейскі амбасадар».

Радыё Свабода
5 студзеня 2012
 
Дата публикации:05.01.2012
Тематика:Новости, ЕАЭС
Просмотров:2608
 
Ключевые слова:
Таможенный союз Союзное государство Оппозиция в Беларуси Дипломатия Рада БНР Единая валюта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме