https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мытны саюз ад 1 ліпеня стартуе безь Беларусі


Мытны саюз, як і плянавалася, запрацуе ад 1 ліпеня. Але — безь Беларусі. Такое рашэньне было прынятае ў Санкт-Пецярбургу 28 траўня кіраўнікамі ўрадаў Расеі і Казахстану.
Прэм`ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, спаслаўшыся на адсутнасьць папярэдніх дамоўленасьцяў па найбольш важных пытаньнях, учыніў дэмарш і на паседжаньне не паехаў. Якія наступствы для Менску будзе мець такая пазыцыя?

Беларусь, якая так і не падпісала пагадненьня аб Мытным кодэксе, пры жаданьні яшчэ можа далучыцца да саюзьнікаў. Аднак прэм`ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін даў зразумець: спробы шантажу з боку Менску марныя. Паводле ягоных слоў, нафтавая пошліна, якая так хвалюе Беларусь, а таксама жаданьне атрымліваць сыравіну па ўнутрырасейскіх коштах адносяцца да фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) і не зьвязаныя з мэханізмам Мытнага саюзу. Як толькі бакі ратыфікуюць увесь пакет дакумэнтаў, практыка выкарыстаньня вывозных мытных пошлінаў ужывацца ня будзе:

"Мы дамовіліся з казахстанскімі партнэрамі ўвесьці ў дзеяньне на двухбаковай аснове з 1 ліпеня бягучага году Мытны кодэкс Мытнага саюзу. Намі падпісаная адпаведная міжнародная дамова, якая дасьць нам магчымасьць рухацца да больш глыбокай інтэграцыі (калі запатрабуецца) на двухбаковай аснове. Разам з тым мы бяром пад увагу рознагалосьсі зь Беларусьсю, якія застаюцца ў частцы парадку сплаты вывозных мытных пошлінаў, у тым ліку на сырую нафту і нафтапрадукты, і негатовасьць нашых беларускіх калегаў увесьці раней узгоднены Мытны кодэкс".

Трохбаковае пагадненьне аб Мытным кодэксе плянавалася падпісаць яшчэ 10 дзён таму падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў у Санкт-Пецярбургу. Аднак тады не ўдалося знайсьці кампрамісу наконт шэрагу ключавых пытаньняў. У прыватнасьці, адчувальнай тэмай стала мыта на ўвоз легкавых аўтамабіляў. У Расеі яно ў шмат разоў вышэйшае — такім чынам там спрабуюць абараніць мясцовых аўтавытворцаў. Беларускае кіраўніцтва заяўляе, што інтарэсы грамадзянаў прыярытэтныя і памер збораў для фізычных асобаў зьмяняцца ня будзе. У выніку тэма была "замарожаная". Таксама расейскі бок не знайшоў лёгікі ў патрабаваньні Менску пастаўляць у Беларусь бяспошлінную нафту. Права на танную сыравіну прасоўвае ў маскоўскіх уладных кабінэтах і намесьнік Дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Васіль Хрол:

Васіль Хрол

"Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, як чыноўнік Пастаяннага камітэту саюзнай дзяржавы я расцэньваю ўвядзеньне Расейскай Фэдэрацыяй экспартных пошлін на нафтапрадукты як негатыўны ўплыў на эканоміку саюзнай дзяржавы. І тое, што сёньня адбываецца, што ўводзяцца якіясьці пошліны, не прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі, то калі б залежала рашэньне ад мяне, усё было б інакш. Так, гэта права Расеі ажыцьцяўляць нейкія захады, каб дагадзіць расейскай эканоміцы, каб дагадзіць пратэкцыянісцкім настроям. Але ня думаю, што гэта дзяржаве вялікі прыбытак. Для эканомікі Расеі гэта капейкі. Таму, пэўна, усё робіцца, каб дагадзіць нейкім палітычным амбіцыям, а прыводзіць да таго, што эканамічнае супрацоўніцтва магло б быць нашмат больш эфэктыўным".

І ўсё ж ці можна прагназаваць эканамічныя страты ў тым выпадку, калі Беларусі ня ўдасца ад 1 ліпеня далучыцца да Мытнага саюзу Расеі і Казахстану? Сваё меркаваньне выказвае эканаміст, старшыня назіральнай рады Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Павел Данэйка:

Павал Данэйка
"Ведаеце, у кароткатэрміновым пляне, мабыць, тое на тое і атрымліваецца. Таму неяк ня бачу вялікай розьніцы існаваньня ў цяперашнім рэжыме і ў Мытным саюзе. Мы дасягнулі дастаткова вялікай адкрытасьці прасторы. Адзінае, што бюджэт атрымліваў бы крыху больш ад аб`ёму тавараў, якія растаможваюцца, а гэты аб`ём, безумоўна, вырас бы. Таму што беларуская мытня працуе эфэктыўней за расейскую і шмат хто аддаў бы перавагу працэдуры растаможваньня ў Беларусі, гэта зразумела. Але там ёсьць страты па іншых парамэтрах у сувязі са зьменамі некаторых мытных пошлінаў. Ну і галоўнае, што ня вырашаныя нейкія ключавыя пытаньні ўзаемаадносінаў, зьвязаных з нафтай ды іншымі рэчамі. Таму беларуская пазыцыя абсалютна нармальная".

Павел Данэйка лічыць, што цяперашняя спроба збліжэньня ў рамках Мытнага саюзу шмат у чым супярэчыць лёгіцы. Таваразварот паміж краінамі імкліва падае, што зводзіць да мінімуму эканамічны эфэкт усёй задумы:

"Увогуле досыць дзіўная канфігурацыя гэтага саюзу. Таму што калі ўзяць гісторыю мытных саюзаў і розных мытных аб`яднаньняў, то ўстойлівымі гэтыя аб`яднаньні зьяўляюцца толькі тады, калі доля ў гандлі паміж краінамі, якія аб`ядноўваюцца ў гэтую прастору, устойліва расьце. Ці прынамсі доля застаецца нязьменнай. Але калі ўзяць нашы тры краіны, то, прабачце, доля Казахстану ў беларускім зьнешнім гандлі, па-мойму, 2 ці 3%. І доля Расеі ў гандлі зь Беларусьсю пастаянна падае — як і Беларусі ў гандлі з Расеяй. Гэта азначае элемэнт доўгатэрміновай няўстойлівасьці. Гэта чыста эканамічны падыход, тут ніякай палітыкі. Цяжка ўтрымліваць такую прастору нязьменнай, калі дынамічна зьмяняюцца прыярытэты вэктараў разьвіцьця зьнешняга гандлю. То бок кіраваць гэтым працэсам складана".

Пасьля абвешчанага намеру стварыць Мытны саюз ва ўрэзаным фармаце прэс-служба Савету міністраў Беларусі распаўсюдзіла адмысловы прэс-рэліз. У ім выказваецца гатовасьць да ўвядзеньня ў дзеяньне адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюзу. Разам з тым Беларусь зыходзіць з таго, што прапанаваны партнэрамі па Мытным саюзе вынятак з рэжыму адзінай мытнай тэрыторыі супярэчыць дзейнай прававой базе Мытнага саюзу, не стасуецца зь міжнароднымі правіламі і наносіць шкоду інтарэсам суб`ектаў гаспадараньня і грамадзянаў трох дзяржаў. "Беларускі бок працягне працу з расейскімі і казахстанскімі партнэрамі, нацэленую на як найхутчэйшае стварэньне Мытнага саюзу і адзінай эканамічнай прасторы ў поўным аб`ёме без выняткаў", — адзначаецца ў заяве.

Ігар Карней   Радыё Свабода

 
Дата публикации:31.05.2010
Тематика:Бизнес, ЕАЭС
Просмотров:6580
 
Ключевые слова:
Таможенный союз Мытны саюз нафта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме