На іх без уступных іспытаў будуць залічвацца ўдальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, школьныя медалісты і абітурыенты, якія маюць дыплом аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай.
На спецыяльнасці «Сістэмы і сеткі інфакамунікацый» і «Радыёсістэмы і радыётэхналогіі» ваеннага факультэта без экзаменаў змогуць паступіць выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў, якія скончылі іх у год паступлення з адзнакамі 7 балаў і вышэй па ўсіх прадметах.
Студэнтамі БДУІР, абыходзячы этап экзаменаў, змогуць стаць і пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, праведзеных на працягу двух гадоў да паступлення, якія адпавядаюць абранаму напрамку адукацыі.
На пэўныя спецыяльнасці без уступных іспытаў будуць залічвацца абітурыенты, якія асвоілі праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Але для таго, каб скарыстацца гэтай прывілеяй, ім трэба мець рэкамендацыі наглядальнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку і прайсці сумоўе.
Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУІР Васіля Бандарыка, ва ўніверсітэце сёлета чакаюць далейшага пашырэння мэтавай падрыхтоўкі ў інтарэсах заказчыкаў кадраў. Гэта звязана са зняццем абмежаванняў для арганізацый, якія могуць падаваць заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Так, летась у БДУІР было прынята 26 чалавек у інтарэсах ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл» і БДУІР. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў гэтым годзе мэтавых месцаў стане больш, а кола заказчыкаў пашырыцца.
Пакуль дакладнага спісу прадпрыемстваў, зацікаўленых у мэтавай падрыхтоўцы, няма. Рашэнне аб аб’ёмах мэтавай падрыхтоўкі прымае Міністэрства адукацыі не пазней за 1 мая. Па меры з’яўлення адпаведнага загада інфармацыя будзе размешчана на сайце ўніверсітэта.
Дарэчы, 1 красавіка ў БДУІР пройдзе агульнаўніверсітэцкі дзень адкрытых дзвярэй. Абітурыентаў чакаюць у 10.00 у другім навучальным корпусе (вуліца П. Броўкі, 4). У 11.00 у іх будзе магчымасць у актавай зале задаць свае пытанні старшыні прыёмнай камісіі, рэктару ўніверсітэта Вадзіму Богушу, намесніку старшыні прыёмнай камісіі, першаму прарэктару Максіму Давыдаву і адказнаму сакратару прыёмнай камісіі Васілю Бандарыку.
Таксама можна будзе паглядзець прамую трансляцыю на YouTube-канале БДУІР.
Надзея Нікалаева
Звязда, 25 сакавіка 2023
Звязда, 25 сакавіка 2023