«Сумесна з вядучымі выдавецкімі і паліграфічнымі прадпрыемствамі Нацыянальны інстытут адукацыі выпускае вучэбную літаратуру для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, а таксама для ўстаноў дадатковай адукацыі, — расказала Людміла Раманоўская. — У 2020 годзе ў выніку сумесных намаганняў выдадзены 52 вучэбныя дапаможнікі для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З іх 17 падрыхтаваны для школьнікаў дзясятых класаў. Іх адметная асаблівасць у тым, што яны прадастаўляюць магчымасць засвойваць прадметы на павышаным узроўні. З гэтай мэтай да кожнага з іх распрацаваны электронныя дадаткі, якія размешчаны на спецыяльным рэсурсе profil.adu.by».
Навінкай гэтага года стала распрацоўка рэсурсу lingvo.adu.by, на якім размешчаны электронныя дадаткі да вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах. «Раней яны былі на электронных аптычных дысках, а цяпер з дапамогай спецыяльных спасылак, размешчаных у вучэбных дапаможніках, можна вельмі хутка перайсці да адукацыйнага кантэнту, які дапаўняе асноўны матэрыял. Гэта аўдыязапісы, начытаныя носьбітамі мовы, фанетычныя практыкаванні, ілюстрацыі, інтэрактыўныя заданні. У пытаннях стварэння вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах і электронных дадаткаў да іх прадпрыемства плённа супрацоўнічае на працягу шэрага гадоў з выдавецтвам «Вышэйшая школа», — адзначыла намеснік дырэктара.
Паводле слоў Людмілы Раманоўскай, у бягучым годзе рэалізаваны сумесныя праекты з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне». Так, выйшлі ў абноўленай канцэпцыі падарункавыя выданні «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку» і «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь» (кніга ўручаецца кожнаму 14-гадоваму грамадзяніну краіны). Акрамя таго, выдадзены метадычны дапаможнік «Гордость за Беларусь». «Дзякуючы агульным намаганням Нацыянальнага інстытута адукацыі, выдавецтваў „Народная асвета“, „Адукацыя і выхаванне“, Паліграфкамбіната імя Я.Коласа ў гэтым годзе выпушчаны сем вучэбных дапаможнікаў, заснаваных на рэльефна-кропкавай сістэме Брайля. Гэта вельмі карпатлівыя, складаныя, фінансава затратныя праекты, але разам з тым вельмі патрэбныя для нашых дзяцей», — падзялілася яна.
Да 2021/2022 навучальнага года запланавана выдаць 40 падручнікаў, з іх 12 будуць разлічаны на 11-класнікаў і забяспечаны электроннымі дадаткамі для засваення вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Запланаваны таксама выпуск на рэльефна-кропкавым шрыфце вучэбных выданняў, якія будуць дапоўнены электронным дадаткам у DAISY-фармаце. Акрамя таго, будзе выпушчаны новы буквар на беларускай мове для школьнікаў першага класа ад Вольгі Свірыдзенка і Вольгі Цірынавай.
Звязда, 23 снежня 2020