Цэнтр культуры, інфармацыі і адукацыі, школа з навучаннем на літоўскай мове, беларуская школа...
Унікальнасць гэтай установы не толькі ў выкладанні прадметаў выключна на беларускай або літоўскай мовах у адпаведных школах, а яшчэ і ў тым, што мясцовыя вучні часам атрымліваюць проста індывідуальнае навучанне. Нават калі займацца збіраецца толькі адзін малы, для яго адкрыюць клас адпаведна ўзросту. Лагічна, што пры такім узроўні выкладання ведаў тутэйшыя выпускнікі свабодна паступаюць у ВНУ.
Унікальнасць гэтай установы не толькі ў выкладанні прадметаў выключна на беларускай або літоўскай мовах у адпаведных школах, а яшчэ і ў тым, што мясцовыя вучні часам атрымліваюць проста індывідуальнае навучанне. Нават калі займацца збіраецца толькі адзін малы, для яго адкрыюць клас адпаведна ўзросту. Лагічна, што пры такім узроўні выкладання ведаў тутэйшыя выпускнікі свабодна паступаюць у ВНУ.
Цяпер у школе 63 вучні з літоўскім навучаннем і 29 дзяцей — з беларускамоўным. Усяго тут могуць займацца 100 школьнікаў, а два, чатыры, пяць вучняў у класе — норма.
У літоўскай школе 21 настаўнік, 11 з якіх — літоўцы. Моўная нагрузка школьнікаў таксама ўражвае: літоўская, руская, беларуская, англійская. Актыўныя вучні з літоўскай школы па суботах дадаткова наведваюць міжшкольны факультатыў на базе гімназіі ў Астраўцы, дзе паглыбляюць веды па англійскай мове.
— Займаюцца тут не толькі вучні з Астравеччыны, але і сем чалавек з Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Тыя, каму далёка штодня вяртацца дадому, жывуць у школьным інтэрнаце — проста ў школе арганізаваны спальныя пакоі для 32 чалавек. Штогод тут пражывае каля 20 вучняў, — расказала Алеся Кашко, намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама.
Акрамя вучобы, пражывання і харчавання, малыя займаюцца спортам у спартзале і паглыбляюць веды ў... музеі. Ды не ў адным, а двух. У літоўскай школе ёсць музей-пакойчык, дзе экспануюцца непаўторныя рэчы накшталт маленькіх вагаў для ўзважвання солі і тытуню і сапраўдных літоўскіх пашпартоў пачатку XІX стагоддзя. Гаспадыня гэтага музея Галіна не толькі захоўвае рэчы і вывучае іх гісторыю, але і дапамагае дзецям прычыніцца да даўніны праз розныя вырабы. Разам яны майструюць маскі на Масленіцу, яйкі на Вялікдзень, тэматычныя рэчы на іншыя святы: вышыванкі, выцінанкі.
А ў большым памяшканні, у Цэнтры культуры, інфармацыі і адукацыі, змешчаны вялікі музей, дзе паказаны куток старажытнага мясцовага побыту. Тут сабраныя рэчы, якія адлюстроўваюць жыццё Гервяцкага краю. Больш за 450 экспанатаў падзелены на тэматычныя зоны: «Дарога льну», «Крылы рушніка», «Жыццё і быт», «Друкаваныя вырабы». Побач з музеем ёсць маленькі куточак, які ўяўляе сабой пакойчык старадаўняй беларускай хаты.
Гэты музей таксама будзе павялічвацца, абяцаюць тутэйшыя спецыялісты і мараць калісьці стварыць асобны паўнавартасны музей Гервяцкага краю, які б стаў цікавай установай для ўсёй краіны.
— Суседства і жыццё пад адным дахам дае нам шмат магчымасцяў, — паказала нам адну з мясцовых разынак, вялізную актавую залу на 250 чалавек (у тым ліку 80 месцаў на балконе) Наталля Белячыц, загадчык аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны. — У нас тут выступаюць не толькі беларускія артысты, але і літоўскія. Адбываюцца і спектаклі. І гледачы, вядома, таксама не толькі нашы вучні, але і жыхары ўсяго раёна.
Мы хочам, каб нас ведалі, да нас прыязджалі, кажуць тут і робяць дзеля гэтага ўсё магчымае. Гэтае месца, куды цягне зноў вярнуцца, каб падзівіцца.
Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 11 сакавіка 2020