Праект «Мінскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту» рэалізуе грамадская арганізацыя «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў» пры падтрымцы кампаніі JTІ і Мінгарвыканкама.
Каб падаць дакументы, з сабой неабходна прынесці пенсійнае пасведчанне. Перавагу пры залічэнні будуць мець пенсіянеры, гатовыя зрабіць свой унёсак у праект і якія раней не навучаліся ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту. Навучанне бясплатнае. Узрост слухачоў — 60+.
Прыём дакументаў на 2019/2020 навучальны год будзе праходзіць па адрасе: праспект Машэрава, 8.
25 верасня з 12.00 да 17.00.
26 верасня з 10.00 да 17.00.
Таксама да 1 кастрычніка працягнецца фармаванне каманды валанцёраў-выкладчыкаў.
«Кожны год у нашым праекце працуе больш за сто валанцёраў. Гэта не толькі студэнты, але і працуючыя спецыялісты, пенсіянеры. Валанцёр можа праводзіць заняткі з кастрычніка да мая з замацаванай за ім групай ці чытаць разавыя лекцыі, праводзіць майстар-класы, трэнінгі, — адзначае куратар вучэбнай групы ўніверсітэта трэцяга ўзросту Вольга Шышло.
— Дыплом выкладчыка і педагагічныя практыка не патрабуюцца. Галоўнае — гэта жаданне падзяліцца ведамі і ўменнямі».
Сёлета ўніверсітэт трэцяга ўзросту запрашае валанцёраў для правядзення курсаў па замежных мовах, беларускай мове, аратарскім майстэрстве, танцавальным і спартыўным кірунках, псіхалогіі, акцёрскім майстэрстве, фоташопе і відэамантажы, экскурсазнаўстве, модзе і стылю. Можна прапаноўваць уласны курс — праект адкрыты да новых ідэй і гатовы іх падтрымаць.
Адправіць заяўку можна на адрас 3-age@basw-ngo.by
Аўтар: Святлана Бусько
Звязда, 24 верасня 2019
Звязда, 24 верасня 2019