У 25 школах Гродзенскай вобласці пройдуць спецыяльныя ўрокі сацыяльнага адукацыйнага праекта па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры "Чытаем па-беларуску з velcom",
У школы і гімназіі Гродна, Ліды, Слоніма, Ваўкавыска, Смаргоні і Навагрудка прыедуць вядомыя беларускія пісьменнікі і тэлевядучыя.
Спецыяльны ўрок праекта адбудзецца ў гродзенскім Новым замку 16 лістапада і будзе прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, якое адзначаецца 9 снежня. На ўроку для малодшых школьнікаў вядомыя гродзенцы прагартаюць старонкі біяграфіі Максіма Багдановіча і прачытаюць яго вершы. У горадзе над Нёманам класік беларускай літаратуры пражыў некалькі гадоў.
За год існавання праекта "Чытаем па-беларуску з velcom", які рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, незвычайныя інтэрактыўныя ўрокі прайшлі ў 80 школах Мінска, Гомельшчыны і Брэстчыны.
Пастаяннымі настаўнікамі на такіх уроках для вучняў 2—3-х класаў выступаюць пісьменнікі, паэты і акцёры: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алена Масла, Наталля Бучынскія. Таксама настаўнікамі праекта часта становяцца беларускія спартсмены, акцёры і тэлевядучыя.
"З праектам "Чытаем па-беларуску з velcom" я знаёмы, — адзначыў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. — Радасна сустракаць яго і ў Гродне. Мэты яго зразумелыя і простыя. Прысвяціць урок Максіму Багдановічу або якому-небудзь іншаму літаратару — безумоўна, удалая спроба пазнаёміць дзяцей з творчасцю класіка або сучасніка. Спадзяюся, многія дзеці пранікнуцца, зацікавяцца і будуць памятаць гэту падзею. Таму такія праекты павінны быць. Проста таму, што яны вызначаюць нас як нацыю, вызначаюць беларускую самаідэнтычнасць".
Чакаецца, што да канца 2016/2017 навучальнага года ў рэспубліканскім праекце "Чытаем па-беларуску з velcom" возьмуць удзел каля 150 школ і больш за 20 тыс. вучняў па ўсёй Беларусі.
Арганізатары кампаніі адгукаюцца на запыты аб правядзенні ўрокаў ад устаноў адукацыі. Так, у Гродзенскай вобласці каманда праекта наведае сельскую беларускамоўную школу ў аграгарадку Квасоўка.
Арганізатары кампаніі адгукаюцца на запыты аб правядзенні ўрокаў ад устаноў адукацыі. Так, у Гродзенскай вобласці каманда праекта наведае сельскую беларускамоўную школу ў аграгарадку Квасоўка.
Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2016
Мінск, 13 лістапада 2016