Штогадовы экспарт адукацыйных паслуг у Беларусі складае каля 90 млн долараў, заявіла кансультант упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Кацярына Мар’іна.
"Штогадовы экспарт адукацыйных паслуг – гэта не сакрэт, ён прыносіць у рэспубліканскі бюджэт дзесьці каля 90 млн долараў", - сказала яна.
Прадстаўнік Мінадукацыі таксама ўдакладніла, што на дадзены момант у беларускіх ВНУ навучаецца каля 30 тысяч замежных студэнтаў, сярод самых папулярных спецыяльнасцей – медыцына, IT, напрамкі інжынерна-тэхнічнага профілю.
"На самай справе попыт на адукацыю мала чым адрозніваецца ў замежных грамадзян ад грамадзян Рэспублікі Беларусь. Усё больш папулярным становіцца атрыманне адукацыі па спецыяльнасцях аграрнага профілю. Ну і самай папулярнай, напэўна, адной з самых папулярных з’яўляецца ўсё ж такі медыцынская адукацыя", - падкрэсліла Мар’іна.
Бясплатная вучоба для замежнікаў
Паводле яе слоў, цяпер існуюць пэўныя механізмы для таго, каб замежнікі маглі атрымліваць адукацыю на бязвыплатнай аснове.
"Ёсць два асноўныя шляхі. Першы – у рамках заключаных міжурадавых пагадненняў паміж урадам Рэспублікі Беларусь і іншымі дзяржавамі, дзе вызначаецца колькасць квот для атрымання бясплатнай адукацыі як адным бокам на тэрыторыі дзяржавы, так і другім бокам на тэрыторыі іншай дзяржавы", - растлумачыла спецыяліст.
Другі механізм датычыцца ўказа №232 аб грантах на навучанне, падпісанага ў 2018 годзе. Штогод для замежных навучэнцаў даецца 100 квот для атрымання грантаў.