У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі Акадэмія ўяўляе сабой установу дадатковай адукацыі дарослых. Яна будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў.
Таксама ўстанова будзе выконваць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні ў галінах педагогікі, карэкцыйнай педагогікі, псіхалогіі, спецыяльнай псіхалогіі, узроставай фізіялогіі, сацыялогіі, філасофіі адукацыі, прыватных методык навучання і выхавання, тэорыі кіравання адукацыяй і сумежных з імі навук.
Акрамя таго, Акадэмія будзе ажыццяўляць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць у сферы адукацыі, доследную праверку падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, распрацоўваць і ўкараняць інавацыйныя структурныя элементы навукова-метадычнага забеспячэння, вучэбна-метадычных комплексаў, сродкаў навучання і выхавання, праводзіць сістэматычнае назіранне за станам адукацыі і дынамікай змяненняў яе вынікаў, умовамі ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці, кантынгентам навучэнцаў, іх пазавучэбнымі дасягненнямі, у тым ліку ў рамках міжнародных параўнальных даследаванняў у сферы адукацыі.
Сярод функцый Акадэміі адукацыі — экспертныя, прагназуючыя, інфармацыйна-аналітычныя, навукова-метадычныя і іншыя, накіраваныя на павышэнне якасці адукацыі.
Згодна з пастановай Урада, Акадэмія падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі.
«Стварэнне Акадэміі адукацыі будзе садзейнічаць больш эфектыўнаму і рацыянальнаму выкарыстанню сродкаў рэспубліканскага бюджэту, выключэнню дубліравання функцый навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, пашырэнню паўнамоцтваў установы дадатковай адукацыі дарослых у частцы арганізацыі і суправаджэння эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў адукацыі, маніторынга яе якасці, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў. Акадэмія будзе спрыяць павышэнню гнуткасці і аператыўнасці рэагавання сістэмы дадатковай адукацыі дарослых на попыт рынку працы ў сферы адукацыі», — паведамілі ў міністэрстве.
Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 18 лістапада 2023
Звязда, 18 лістапада 2023