https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускамоўны Універсітэт імя Ніла Гілевіча з верасня пачне праводзіць падрыхтоўчыя курсы


Прыватны беларускамоўны Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў верасні пачне праводзіць падрыхтоўчыя курсы для навучэнцаў старшых класаў і студэнтаў, а таксама ўсіх тых, хто хоча ўдасканаліць свае веды і падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэставання і паступлення ў ВНУ.
Курсы будуць арганізаваныя па гісторыі Беларусі, матэматыцы, фізіцы, хіміі, беларускай, англійскай, нямецкай і (пры наяўнасці попыту) французскай мовах.

Выкладчыкі курсаў, паведамляе прэс-служба ВНУ, маюць багаты вопыт працы ў школах, ліцэях і ўніверсітэтах. Заняткі на курсах працягласцю тры месяцы будуць арганізаваныя два разы на тыдзень па тры гадзіны на дзень, працягласцю шэсць месяцаў — раз на тыдзень (па суботах) таксама па тры гадзіны. Колькасць вучняў у кожнай групе не больш за 10—12 чалавек.

Кожны курс уключае тры прадметы на выбар навучэнца ў любой камбінацыі. Кошт — 200 рублёў.

Каб запісацца на курсы, неабходна да 26 жніўня запоўніць і накіраваць заяву на электронны адрас універсітэта nhuniversitet@gmail.com з пазнакай "Заяўка на курсы" або паштовы адрас офіса ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны": 220034, Мінск, вул. Румянцава, 13. Да заявы неабходна прыкласці скан або копію аплаты курсаў. Грошы трэба пералічыць на рахунак прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" BY49BLBB30150193050167001001 BIC BLBBBY2X у ААТ "Белінвестбанк" з паметкай "Плата за курсы".

Пагадненні з тымі, хто дашле заяву і копію аб аплаце, будуць заключаныя на арганізацыйных сустрэчах з 27 па 30 жніўня ў офісе ТБМ з 17.00 да 19.00. Для падпісання дамовы неабходна прынесці пашпарт і квітанцыю аб аплаце курсаў.

Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ ТБМ пачало летась. У канцы верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне ТБМ і выдзеліў памяшканне пад офіс навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай "Універсітэт імя Ніла Гілевіча". Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут універсітэта.

Паводле статута навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях. Для пачатку заснавальнікі ВНУ паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на навучанне студэнтаў па 6—10 найбольш актуальных спецыяльнасцях. Неабходныя для гэтага дакументы плануецца падаць у Міністэрства адукацыі на працягу лета.

Ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча гісторык Алег Трусаў паведаміў, што на функцыянаванне ўніверсітэта неабходна ад 1 млн долараў на першым часе працы да 7-8 млн долараў у год, калі пачнецца навучанне па ўсіх заяўленых спецыяльнасцях. Асноўную частку сродкаў заснавальнікі ВНУ разлічваюць атрымаць ад беларускіх і замежных спонсараў, праз розныя міжнародныя адукацыйныя праграмы, праекты Усходняга партнёрства ЕС.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 9 ліпеня 2018
 
Дата публикации:09.07.2018
Тематика:Новости, Образование в Беларуси
Просмотров:785
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Таварыства беларускай мовы Частный университет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме