https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі пачаўся навучальны год


Заняткі ў школах і гімназіях 1 верасня пачнуць прыкладна мільён навучэнцаў, у тым ліку 110 тысяч першакласнікаў.
Сёлета большасць школ, якія працуюць у адну змену, будуць пачынаць заняткі а 9 гадзіне, якія працуюць у дзве змены — у 8.30.

"Мы ўпэўненыя, што ніякай дэзарыентацыі ў працы ўстаноў адукацыі, бацькоў навучэнцаў у сувязі з пераносам пачатку заняткаў у прынцыпе не павінна адбыцца. Нічога новага не адбываецца", — заявіла 28 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Яна адзначыла, што гэта тэма актыўна абмяркоўваецца ў прэсе. "Я яшчэ раз хачу падкрэсліць, што нічога новага ў новым навучальным годзе з пачаткам заняткаў не адбываецца. Час пачатку вучэбных заняткаў вызначаны санітарнымі нормамі і правіламі, якія зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя. У дадзеным дакуменце прапісана, што пачатак навучальных заняткаў павінен быць не раней за 8 гадзін , аптымальны час — 9 гадзін. Для другой змены пачатак не пазней за 14 гадзін, заканчэнне — не пазней за 19 гадзін, — паведаміла Каржова. — Гэты дакумент набыў моц не ўчора і не сёння".

Чыноўніца паведаміла, што ў мінулым навучальным годзе трэць навучальных устаноў пачынала работу ў 9 гадзін, траціна — у 8 гадзін 30 хвілін і траціна — у 8 гадзін.

"Для гэтага навучальнага года Мінадукацыі рэкамендавала яшчэ раз прааналізаваць час пачатку вучэбных заняткаў і прадугледзець максімальную адпаведнасць санітарным нормам з улікам захавання здароўя вучняў", — сказала прадстаўніца міністэрства.

1 верасня школьнікі пачынаюць вучыцца па новых навучальных праграмах, якія распрацоўваліся з 2015 года. У 2017 годзе былі створаны рабочыя групы па кожным вучэбным прадмеце, у склад якіх увайшлі настаўнікі, выкладчыкі ўніверсітэтаў, навукоўцы. У гэтым годзе школьныя праграмы былі яшчэ раз перагледжаны і скарэктаваны. Яны зацверджаны па ўсіх прадметах.

Як запэўнілі ў Мінадукацыі, да 1 верасня на нацыянальным адукацыйным партале adu.by будзе апублікавана большасць новых падручнікаў для сярэдняй школы. Электронныя версіі падручнікаў будуць размяшчацца па меры падрыхтоўкі іх да выдання. Да 1 верасня выдадзена 30 дапаможнікаў, астатнія 11 плануецца выдаць найбліжэйшым часам.

Як адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук, новыя дапаможнікі адрозніваюцца "больш даступным выкладаннем і арыентацыяй на практыку".

"Мы ўлічылі, што ў інфармацыйным свеце навучэнцы сутыкаюцца з рознымі крыніцамі ведаў, і вучня неабходна вучыць працаваць не толькі з суцэльным тэкстам, але і з дыяграмамі, графікамі, картамі, ілюстрацыямі як крыніцамі інфармацыі. Таму ў новых падручніках з`явіліся розныя формы прад`яўлення навучальнай інфармацыі", — адзначыла яна.

Паводле слоў Гінчук, пры распрацоўцы падручнікаў улічана, што яны з`яўляюцца не адзінай крыніцай інфармацыі, таму ў іх ёсць спасылкі на іншыя крыніцы, якія дазваляюць "пашырыць, паглыбіць матэрыял у навучальным дапаможніку". Такая дадатковая інфармацыя апублікавана на нацыянальным адукацыйным партале.

"Электронныя версіі падручнікаў будуць знаходзіцца ў вольным доступе для запампоўкі і працы з імі. У адрозненне ад старых версій падручнікаў, якія публікаваліся ў пашырэнні pdf, электронныя версіі новых навучальных дапаможнікаў забяспечаныя гіперспасылкамі на іншыя крыніцы ведаў", — адзначыла Гінчук.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 24 жніўня на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета ў Мінску, заявіў, што сістэму беларускай адукацыі неабходна ўдасканальваць, а не ламаць.

"Вы ведаеце мае падыходы па пераўтварэнні, удасканаленні, дзесьці рэфармаванні сістэмы нашай адукацыі. Сутнасць гэтых падыходаў заключаецца ў тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання ў поўным сэнсе гэтага слова", — сказаў ён.

Афіцыйны лідар заявіў, што пытанне аб захаванні дзесяцібальнай або вяртанні да пяцібальнай сістэмы адзнак не асноўнае: "Дзесяці-, пяцібальная сістэма... Усе спрачаюцца, якой быць заўтра ацэнцы і гэтак далей. Не асноўнае пытанне. Мае месца, але не асноўнае".

"Сёння часцяком школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Вучні перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольныя лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне. Як следства, з аднаго боку, мы бачым недахоп прафесіяналаў, з другога — незадаволенасць працадаўцы супрацоўнікамі. Такі падыход у адукацыі непрымальны", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён лічыць, што, удасканальваючы сферу адукацыі, у Беларусі "павінны карыстацца прынцыпамі дзяржаўнай падтрымкі, сацыяльнай справядлівасці і роўнага доступу да адукацыі".

"Нас чакае вялікая праца па развіцці чалавечага патэнцыялу. Таму неабходна аб`ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць перспектывы яе ўдасканалення. Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым кірунку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае — мы захавалі станоўчыя дасягненні, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі, яго годны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы". 

Паводле звестак Белстата, у 3.155 установах агульнай сярэдняй адукацыі на пачатак 2016/2017 навучальнага года навучалася 982,3 тыс. школьнікаў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 верасня 2017
 
Дата публикации:01.09.2017
Тематика:Новости, Образование в Беларуси
Просмотров:1078
 
Ключевые слова:
Учебный год Школа
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме