https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Рэспубліканскае свята «Апошні званок» пройдзе сёлета ў Оршы


Яго ўдзельнікамі стануць 1700 выпускнікоў 11-х класаў з усёй краіны: па 100 прадстаўнікоў ад пяці абласцей плюс 200 мінчан і тысяча выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з Віцебшчыны.
Рэспубліканскае свята «Апошні званок» пройдзе сёлета ў Оршы (моладзевай сталіцы Беларусі 2019 года) і расцягнецца на два дні. 

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць на базе Аршанскай дзяржаўнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2 «Лядовая арэна».

Іншагародніх навучэнцаў прывязуць у горад 30 мая ў першай палове дня, размесцяць, пакормяць, а ў 17 гадзін на тэрыторыі, што прылягае да лядовай арэны, распачнецца ўрачыстая частка свята.

Узнагароды будуць уручаны 23 найлепшым выпускнікам у намінацыях «Інтэлект», «Талент», «Чэмпіён-2019», «Лідар-2019» і іншых.

Гэта будуць пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і турніраў, творчых конкурсаў і фестываляў.

Акрамя таго, падзякай міністра адукацыі будуць адзначаны сем найлепшых класных кіраўнікоў — па адным з кожнай вобласці і Мінска.

Затым моладзь пяройдзе ў лядовую арэну, дзе яе будуць чакаць канцэртная праграма і дыскатэка. Плануецца, што перад выпускнікамі выступяць Іван Вабішчэвіч, гурты NаvіBаnd, «Без білета» і іншыя, а хэдлайнерам вечара стане расійскі выканаўца Аляксей Вараб`ёў. Напрыканцы ўсіх чакае святочны феерверк. На другі дзень запланаваныя аглядная экскурсія па горадзе і ўрачыстае ўскладанне кветак на Аршанскім кургане.

Эдуард Тамільчык падкрэсліў, што ўжо сёння на асаблівы кантроль узяты пытанні бяспекі як падчас свята, так і ў месцах пражывання, харчавання маладых людзей, іх санітарная і медыцынская бяспека.

Вучэбны год для ўсіх школьнікаў завяршаецца 31 мая. Базавую школу сёлета заканчваюць 85,6 тысячы навучэнцаў (на 600 чалавек больш у параўнанні з папярэднім годам), а сярэднюю школу — 55,4 тысячы навучэнцаў (на 2,9 тысячы менш).

1 чэрвеня ў навучальных установах стартуюць выпускныя іспыты. Навучэнцы 11-х класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (на выбар) і матэматыцы пройдуць 1, 3 і 5 чэрвеня. Тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб`яўляцца праз сродкі масавай інфармацыі, таксама іх размесцяць на партале Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць вусны экзамен па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

Пасля заканчэння базавай школы вучні здаюць тры экзамены: беларускую мову (дыктоўку), рускую мову (дыктоўку) і матэматыку пісьмова. У 9-м класе пісьмовыя экзамены пройдуць 4, 6 і 8 чэрвеня.

— Пры складанні экзаменацыйнага раскладу павінны ўлічвацца санітарныя нормы і правілы. Перапынак паміж экзаменамі — не менш за адзін дзень, — тлумачыць намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. — Для выпускнікоў базавай школы на выкананне пісьмовай работы па беларускай і рускай мовах адводзіцца адна астранамічная гадзіна і чатыры астранамічныя гадзіны — для напісання матэматыкі.

Адзінаццацікласнікі пішуць пераказ па мове чатыры астранамічныя гадзіны, а на матэматыку ім даецца на гадзіну больш. Для падрыхтоўкі да вуснага адказу выпускнікам адводзіцца не больш за 30 хвілін.

Выпускныя вечары Міністэрства адукацыі рэкамендавала правесці ў школах 8 і 9 чэрвеня. Рашэнне аб даце і месцы іх правядзення, працягласці па часе прымаюць кіраўнікі ўстаноў адукацыі сумесна з бацькоўскімі камітэтамі і ўзгадняюць з мясцовымі органамі ўлады.

Толькі ў асобных выпадках выпускны можа прайсці ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ці ўстанове культуры. Такая сітуацыя магчымая, калі, напрыклад, у школе старой пабудовы няма актавай залы або колькасць выпускнікоў перавышае колькасць месцаў у ёй. Варыянты з рэстаранамі, кавярнямі і начнымі клубамі не разглядаюцца.

— Хачу нагадаць, што выпускны вечар — гэта свята развітання са школай, у якой малады чалавек правёў 11 гадоў свайго жыцця, таму яно павінна прайсці менавіта ў сценах навучальнай установы, — падкрэсліла Ірына Каржова.

У 2018/2019 навучальным годзе ў краіне функцыянавала 3035 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (у папярэднім — 3067), а колькасць навучэнцаў упершыню за многія гады перавысіла мільён чалавек. На жаль, працэс аптымізацыі сеткі навучальных устаноў яшчэ не завершаны, таму, хутчэй за ўсё, 1 верасня 2019 года адчыняць свае дзверы не ўсе школы. Вядома, што ў новым навучальным годзе да профільных педагагічных і аграрных класаў дабавяцца яшчэ і профільныя спартыўна-педагагічныя класы.

«У прынцыпе, выступіць з ініцыятывай аб адкрыцці профільных класаў можа любое ведамства, — запэўніла Ірына Каржова. — Напрыклад, неабходнасць адкрыцця спартыўна-педагагічных класаў абгрунтавала Міністэрства спорту і турызму, аграрных — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. А мы такую форму прафарыентацыйнай работы толькі вітаем. З выпускнікоў педагагічных класаў выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці прыкладна 25 працэнтаў ад агульнай колькасці. І гэта лічба нас цалкам задавальняе. Вельмі добра, калі яшчэ ў школе малады чалавек пераконваецца ў правільнасці свайго прафесійнага выбару. Хачу падкрэсліць, што галоўнае — гэта не адзнакі, а сацыялізацыя выпускніка. Калі на момант заканчэння школы малады чалавек усведамляе свой далейшы жыццёвы шлях, мы лічым гэта самым галоўным дасягненнем».

Аўтар: Надзея Нікалаева 
Звязда, 21 траўня 2019
 
Дата публикации:21.05.2019
Тематика:Культура, Образование в Беларуси
Просмотров:614
 
Ключевые слова:
Ворша Последний звонок Выпускные экзамены
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме