https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі будуць здаваць з 2015 года выпускнікі 11-х класаў


Пра гэта расказалі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі будуць здаваць з 2015 года выпускнікі 11-х класаў, а з праграмы выпускных экзаменаў за базавую школу (9-ы клас) гэты іспыт выключаны. Гэта прадугледжана пастановай Мінадукацыі "Аб устанаўленні пераліку навучальных прадметаў, па якіх праводзяцца выпускныя экзамены, форм правядзення выпускных экзаменаў пры правядзенні ў 2014/2015 навучальным годзе падагульняючай атэстацыі вучняў пры асваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі" нумар 95 ад 7 ліпеня 2014.

Адзначым, што з 2014/2015 навучальнага года ў Беларусі вучні пасля завяршэння навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі (за 9-ы клас) будуць здаваць выпускныя экзамены па навучальных прадметах "Беларуская мова", "Руская мова" і "Матэматыка" ў пісьмовай форме. Пасля завяршэння навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязковыя выпускныя экзамены будуць праводзіцца па навучальных прадметах "Матэматыка", "Замежная мова", "Гісторыя Беларусі", а таксама па навучальных прадметах "Беларуская мова" або "Руская мова" - на выбар вучня ў пісьмовай форме.

У прэс-цэнтры падкрэслілі, што экзамен на выбар вучня за курс сярэдняй агульнаадукацыйнай школы адменены. Раней выпускны экзамен на выбар мог быць па адным з наступных навучальных прадметаў: беларуская мова (пераказ), руская мова (пераказ), беларуская літаратура (вусна), руская лiтаратура (вусна), замежная мова (вусна), гісторыя Беларусі (вусна альбо абарона рэферата), сусветная гісторыя (вусна альбо абарона рэферата), геаграфiя (вусна), біялогія (вусна), хiмiя (вусна), фiзiка (вусна), астраномія (вусна), iнфарматыка (вусна), грамадазнаўства (вусна), фізічная культура і здароўе (у практычнай форме).

Як адзначылі ў прэс-цэнтры, выключэнне з пераліку выпускных экзаменаў за 9-ы клас экзамену па навучальным прадмеце "Гісторыя Беларусі" і ўключэнне выпускнога экзамену па гэтым навучальным прадмеце ў пералік абавязковых выпускных экзаменаў за 11-ы клас абумоўлена тым, што ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года нумар 15 "Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі" пачынаючы з 2008/2009 навучальнага года быў ажыццёўлены пераход на 9-гадовы тэрмін атрымання агульнай базавай адукацыі і 11-гадовы тэрмін атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. У выніку гэтага быў зменены прынцып пабудовы зместу навучальнай праграмы па навучальным прадмеце "Гісторыя Беларусі" з канцэнтрычнага на лінейны, такім чынам, вывучэнне гісторыі Беларусі ў 9-м класе цяпер завяршаецца падзеямі 1917 года і поўнасцю завяршаецца на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У 2014/2015 навучальным годзе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі завяршаюць навучанне вучні, якія ў 2008/2009 навучальным годзе пачалі навучанне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах 11-гадовага тэрміну атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. Менавіта таму экзамен "Гісторыя Беларусі" для выпускнікоў 2015 і 2016 гадоў будзе пабудаваны толькі на тым матэрыяле, які юнакі і дзяўчаты будуць вывучаць або ўжо вывучылі ў 10-м і 11-м класе - паколькі матэрыял па гісторыі да 1917 года яны вывучылі ў 9-м класе і экзамен здалі раней.

Абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі ў спецыяльных агульнаадукацыйных школах (спецыяльных агульнаадукацыйных школах-інтэрнатах), спецыяльных класах, класах інтэграванага навучання і выхавання для вучняў з парушэннем слыху, цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні будзе праводзіцца па экзаменацыйных білетах, якія распрацоўваюцца з улікам асаблівасцей іх развіцця. Фармулёўкі пытанняў адаптаваны да ўзроўню дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.

Акрамя таго, з 2014/2015 навучальнага года ўключаны ў пералік выпускных экзаменаў пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, нараўне з іншымі навучальнымі прадметамі, выпускны экзамен па мове нацыянальнай меншасці - польскай або літоўскай (для вучняў, якія вывучалі гэты навучальны прадмет).

Адзначым, што ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, законамі Рэспублікі Беларусь, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцей, маюць права выбару мовы навучання і выхавання. На падставе пажаданняў вучняў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць стварацца ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.

Цяпер у Беларусі функцыянуюць 4 установы адукацыі, у якіх навучанне ажыццяўляецца на мовах нацыянальных меншасцей: 2 школы з польскай мовай навучання і выхавання (у Гродне і Ваўкавыску) і 2 школы з літоўскай мовай навучання і выхавання (у в.Рымдзюны Астравецкага раёна і в.Пеляса Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці). На мове нацыянальных меншасцей у 2013/2014 навучальным годзе навучаліся 794 вучні (на польскай - 669, літоўскай - 125 вучняў). Акрамя таго, у 2013/2014 навучальным годзе ў 135 установах агульнай сярэдняй адукацыі 4 тыс. 997 вучняў вывучалі мовы нацыянальнай меншасці на вучэбных занятках, факультатыўных занятках або ў аб`яднаннях па інтарэсах: польскую мову - 4 тыс. 702 вучні, літоўскую мову - 30 вучняў, яўрэйскую мову - 265 вучняў.

У мэтах праверкі адпаведнасці вынікаў навучальнай дзейнасці патрабаванням навучальных праграм па навучальных прадметах, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтва, да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ў пастанове вызначана ў якасці абавязковага выпускнога экзамену - іспыт на выбар вучня па адным з навучальных прадметаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцеў вучняў у галіне асобных відаў мастацтва. Такі іспыт праводзіцца ў практычнай форме. Вынікі навучальнай дзейнасці па такіх навучальных прадметах могуць ацэньвацца ў канцы навучальнага года на канцэрце, спектаклі, выстаўцы і г.д. Да ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адносяцца базавыя школы - каледжы мастацтваў, сярэднія школы - каледжы мастацтваў, гімназіі - каледжы мастацтваў, у якіх з I па XI класы вывучаюцца навучальныя прадметы, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтва.

Цяпер у рэспубліцы функцыянуюць 3175 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 216 гімназій, 28 ліцэяў. У адпаведнасці з артыкулам 155 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі тэрміны атрымання агульнай базавай адукацыi складаюць дзевяць гадоў, агульнай сярэдняй - адзінаццаць гадоў (у вячэрніх школах, вячэрніх класах - дванаццаць гадоў).

24 ліпеня 2014, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:24.07.2014
Тематика:Культура, Образование в Беларуси
Просмотров:2296
 
Ключевые слова:
Среднее образование Экзамены
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме