https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Расея бароніцца ад літоўцаў — страты нясе Беларусь


Беларусь пачала ажыцьцяўляць кантроль аўтаперавозчыкаў на мяжы з Эўразьвязам у інтарэсах Расеі.
Міністар транспарту і камунікацыяў Літвы Элігіюс Масюліс рэкамэндуе літоўскім перавозчыкам выбіраць іншыя маршруты і ня езьдзіць у Расею празь Беларусь.

Чым выкліканае новае абвастрэньне на мяжы?

Паводле намесьніка гендырэктара Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Івана Манкевіча, больш жорсткі кантроль на мяжы ўведзены на падставе міжурадавага пагадненьня. Цяпер беларускі бок дзейнічае ў інтарэсах Расеі, бо Расея зьняла кантроль на ўнутранай мяжы. Прычым умовы ўезду ў Беларусь адрозьніваюцца ад умоваў уезду на тэрыторыю Расеі.

«Расея мае крыху іншыя патрабаваньні, больш жорсткія, чым нашы. Таму, напэўна, такі рэзананс. Бо наша краіна ўзяла на сябе такія абавязаньні. Расея глядзіць, у якой краіне тавар яшчэ і выраблены. Мы гэтага не глядзім. Мы лічым па месцы пагрузкі, а Расея глядзіць яшчэ і па месцы вытворчасьці. Нават калі літовец загрузіў яго ў Літве, але ў дакумэнтах бачна, што гэты тавар паступіў у Літву зь Нямеччыны, то Расея ня будзе лічыць, што гэтая перавозка двухбаковая. Яна будзе лічыць, што гэтая перавозка — выезд з трэціх краін. І мы гэтае патрабаваньне вымушаныя прад’яўляць да літоўца ці да паляка адносна Расеі. Хоць калі гэты груз ідзе ў Беларусь, мы лічылі і будзем лічыць, што гэты груз ідзе зь Літвы, бо ён пагружаны ў Літве. А Расея так ня лічыць, у яе свае крытэры».

Прадстаўнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства транспарту Беларусі Сяргей Дубіна адзначае, што беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб як мага больш грузаў праходзіла праз тэрыторыю Беларусі. Ён сумняваецца, што літоўскія аўтаперавозчыкі паедуць у абыход Беларусі.

«Гэта ж ня мы прыдумалі такія патрабаваньні. Гэта Расея выстаўляе такія патрабаваньні. Дазвольная сыстэма ў рамках Мытнага саюзу пакуль існуе. І гэта зьвязана з абаронай нацыянальнага рынку. Яны абараняюць нацыянальных перавозчыкаў, каб з трэціх краінаў вазілі грузы прыярытэтна перавозчыкі Расеі».

Але ў такой сытуацыі ці атрымаюць беларускія аўтаперавозчыкі больш дазволаў ад Расеі?

«На гэты момант колькасьць дазволаў вызначаная, узгодненая і на гэты год не ідзе гаворкі пра павелічэньне ці зьмяншэньне дазволаў у зьвязку з тым, што мы выконваем гэтыя функцыі. Наша прыярытэтная задача — наагул пазбавіцца ад дазвольнай сыстэмы, у тым ліку на выезд з трэціх краін. Але цяпер Расея на гэта не ідзе і аргумэнтуе гэта абаронай нацыянальнага рынку».

Калі літоўскія перавозчыкі перастануць езьдзіць празь Беларусь, то беларускі бок страціць пэўную частку платы за праезд па дарогах агульнага карыстаньня, лічыць Іван Манкевіч.

Колькасьць дазволаў на перавозкі тавараў з трэціх краінаў вельмі малая і можа забясьпечыць працай літоўскіх перавозчыкаў прыкладна на палову месяца. Парушэньне ж новых правілаў пагражае вялізнымі штрафамі ў расейскіх рублях, адзначае прадстаўнік літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў «Лінава» Гіціс Вінсявічус.

«Вы ведаеце,што азначае атрымаць штраф у 500 тысяч рублёў? Гэта вельмі вялікі штраф. А калі глядзець, што ўстанаўленьне віду перавозкі ідзе ня так, як было дагэтуль, то ў бліжэйшым будучым літоўскія і іншыя перавозчыкі ЭЗ проста ня змогуць уехаць у Расею, бо ў іх вельмі абмежаваная колькасьць дазволаў».

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, атрымліваецца, што Мытны саюз — гэта ня толькі перавагі для Беларусі, але і страты.

«Лёгіка такая, што ўнутры Мытнага саюзу ўмовы павінны быць роўныя для ўсіх дзяржаў, якія ў яго ўваходзяць. І калі так вырашана, то трэба пакуль падпарадкоўвацца. Але пытаньне ў тым, якія мы пачнём мець страты ад гэтага? Каб яны не былі звышвысокія. Каб быў сэнс Беларусі існаваць у рамках гэтага саюзу».

Літоўскі бок займеў пратакол перамоваў паміж беларускім і расейскім міністэрствамі транспарту, у якім сказана, што Беларусь павінна спыніць правоз па сваёй тэрыторыі тавараў з трэціх краін паводле двухбаковых дазволаў. Як кажа літоўскі міністар транспарту Элігіюс Масюліс, Літва атрымала шмат двухбаковых дазволаў на перавозку сваіх тавараў. Аднак літоўскія перавозчыкі часта возяць грузы з трэціх краін — Галяндыі, Гішпаніі або Нямеччыны ў Расею. Іх складуюць у Літве, а потым перагружаюць у літоўскія машыны як літоўскі тавар.

Дагэтуль Расея і Беларусь ніякіх санкцыяў не ўжывалі.

Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода, 20 красавіка 2012
 
Дата публикации:20.04.2012
Тематика:Бизнес, Союзное государство
Просмотров:3748
 
Ключевые слова:
Автоперевозки Транзит Беларусь-Литва Таможенный союз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме