https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Баўмгертнер забяспечаны ўсім неабходным і адчувае сябе добра, заяўляюць яго адвакаты


Пра гэта паведамілі 26 верасня журналістам у Мінску яго адвакаты.
Гендырэктар ААТ "Уралкалій" Уладзіслаў Баўмгертнер, які ў ноч з 25 на 26 верасня быў пераведзены пад дамашні арышт, забяспечаны ўсім неабходным і адчувае сябе добра.

Нагадаем, з СІЗА КДБ Баўмгертнер мінулай ноччу быў пераведзены пад дамашні арышт у арандаваную трохпакаёвую кватэру.

"Усё, што трэба, — усё ў яго ёсць", — паведаміў журналістам адзін з адвакатаў Дзмітрый Гарачка. Пры гэтым, адказваючы на пытанне пра здароўе Баўмгертнера, зазначыў, што зняволенне ў СІЗА на стане яго здароўя не адбілася.

Адвакат Дар`я Ліпкіна дадала, што Баўмгертнер "выглядае добра, настрой у яго пазітыўны".

Каментуючы змену меры стрымання гендырэктару "Уралкалія", Гарачка сказаў: "Змянялі меру стрымання ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам. Яго правы не парушаліся". Пры гэтым ён дадаў, што "часавы фактар унёс пэўную нечаканасць".

Паводле слоў адвакатаў, яны не ведаюць, ці сустракаўся апошнімі днямі з Баўмгертнерам консульскі супрацоўнік пасольства Расіі, якое тры дні таму накіравала ў МЗС Беларусі запыт пра такую сустрэчу.

Адвакат Ганна Славіна падкрэсліла: "Мы пры такіх сустрэчах не прысутнічаем, таму не можам каментаваць". Яна зазначыла, што зараз абарона чакае рашэнне па сваёй заяве аб прыёме адвакатаў генеральным пракурорам Беларусі ці яго намеснікам. Гарачка дадаў, што яны таксама чакаюць разгляду скаргі на змену меры стрымання, якую падалі ў вышэйшую інстанцыю пасля адмовы задаволіць яе Мінскім гарадскім судом.

Адказваючы на пытанне, ці магчымая ў найбліжэйшыя некалькі дзён экстрадыцыя Баўмгертнера ў Расію, Ліпкіна сказала: "Мы пакуль не валодаем інфармацыяй пра яго магчымую экстрадыцыю".

Адвакаты зазначылі, што маюць пастаянны допуск да  свайго кліента. Разам з Баўмгертнерам у арандаванай кватэры зараз знаходзіцца яго маці і супрацоўнікі КДБ, якія ахоўваюць яго.

На пытанне, ці могуць да Баўмгертнера прыехаць яго жонка і дзеці, Гарачка адказаў, што блізкія сваякі могуць прыязджаць: "Згоды органаў крымінальнага пераследу не трэба, тут дзейнічае паведамляльны прынцып".

Грамадзянін Расіі, гендырэктар "Уралкалія", кіраўнік назіральнага савета беларуска-расійскага ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Мінску 26 жніўня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ паводле абвінавачання ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

16 верасня намеснік генпракурора Расіі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Беларусь прыняла рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні да расійскіх грамадзян, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе, у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру РФ.

19 верасня на нарадзе па наяўных эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расію для правядзення следчых дзеянняў.

20 верасня памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы Баўмгертнера, аднак гэты працэс "крыху зацягваецца". "Учарашнія словы прэзідэнта Беларусі дазваляюць спадзявацца, што гэтае пытанне будзе найбліжэйшым часам вырашана", — сказаў ён.

Паводле звестак расійскага "Коммерсанта", затрымка з выдачай Баўмгертнера звязана з патрабаваннем Мінска працягнуць яго крымінальны пераслед у Расіі. Выданне таксама паведаміла са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, што Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка тры разы абмяркоўвалі тэму "Уралкалія" ў Сочы 22 і 23 верасня, але так і не змаглі дамовіцца.

24 верасня Мінск наведаў генпракурор РФ Юрый Чайка. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яго візіт быў звязаны з лёсам Баўмгертнера. У той жа дзень Рэспубліканская калегія адвакатаў паведаміла, што "ў інтарэсах падабароннага рыхтуюцца чарговыя працэсуальныя дакументы".

25 верасня стала вядома, што беларускія адвакаты Баўмгертнера настойваюць на сустрэчы з кіраўніцтвам Генпракуратуры. Сустрэчу з арыштаваным бізнесменам таксама запытала пасольства РФ у Беларусі.

26 верасня Беларусь наведаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам ён назіраў за ходам беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2013".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 верасня 2013
 
Дата публикации:26.09.2013
Тематика:Новости, Союзное государство
Просмотров:1537
 
Ключевые слова:
Уралкалий Криминал БКК Баумгертнер
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме