https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Расія выдзеліла Беларусі $900 тыс. на рэалізацыю дэмаграфічнага праекта


Расійская Федэрацыя выдзеліла Беларусі $900 тыс. на рэалізацыю дэмаграфічнага праекта Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).
3 снежня ў Мінску адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб фінансаванні праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". Подпісы пад дакументам паставілі дырэктар рэгіянальнага офіса ЮНФПА для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Хейма Лааконен і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва і Дзіцячага фонду ААН, а таксама навукова-адукацыйных структур, СМІ.

Праект разлічаны на 30 месяцаў. Агульны аб`ём фінансавання - $1 млн 140 тыс., з іх Расійскай Федэрацыяй выдзелена $900 тыс., Фондам ААН у галіне народанасельніцтва - $180 тыс., Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) - $60 тыс.

Як адзначыў Аляксандр Сурыкаў, нягледзячы на дадатныя тэндэнцыі ў развіцці дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, патрэбны дадатковыя намаганні для таго, каб гэтыя тэндэнцыі сталі "канчатковымі і беспаваротнымі". Дэмаграфічныя праблемы актуальныя не толькі для Беларусі, але і для Расіі, краін Еўрасаюза, іншых краін свету. Аляксандр Сурыкаў выказаў удзячнасць структурам ААН - ЮНФПА і ЮНІСЕФ - за ўдзел у суфінансаванні праекта, нацэленага на забеспячэнне ўстойлівага прыросту колькасці насельніцтва.

Хейма Лааконен падкрэсліў, што гэта першы такі маштабны праект з удзелам расійскага боку, хоць раней Расійская Федэрацыя штогод аказвала фінансавую падтрымку ў рамках супрацоўніцтва з ЮНФПА ў памеры $300 тыс. кожны год. Ён выказаў упэўненасць у тым, што садзейнічанне такім праектам будзе пашырацца. Так, у бліжэйшай перспектыве плануецца фінансаванне расійскім бокам праектаў ЮНФПА ў Таджыкістане і Кыргызстане.

Намеснік начальніка ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі Ірына Вялічка адзначыла, што з падпісаннем пагаднення ўзаемадзеянне з ЮНФПА па дэмаграфічнай праблематыцы выходзіць на новы ўзровень. "Беларусь удзячна Расіі за тое, што яна падставіла моцнае фінансавае плячо, выказаўшы гатоўнасць фінансаваць такі важны для краіны праект, - сказала яна. - Больш таго, Расія выступае не толькі донарам, але і партнёрам, які падзеліцца сваім багатым прафесійным вопытам у галіне забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі".

ЮНФПА працуе ў Беларусі з 1994 года. Паводле слоў прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, апошнія гады супрацоўніцтва значна актывізавалася. Фонд аказаў садзейнічанне ў падрыхтоўцы да правядзення перапісу насельніцтва, рэалізуе значныя праекты па процідзеянні дамашняму насіллю і ўмацаванні рэпрадуктыўнага здароўя.

Начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч канстатавала, што апошнія гады запаволіліся тэмпы змяншэння насельніцтва, павышаецца нараджальнасць, зніжаецца смяротнасць, павялічваецца працягласць жыцця, расце дадатнае сальда міграцыі. "Дэмаграфічную палітыку, праводзімую ў рэспубліцы, неабходна прадаўжаць і ўдасканальваць, - лічыць яна. - Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на наступнае пяцігоддзе. У яе павінны быць уключаны новыя меры і мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і прымнажэнне чалавечага капіталу, павелічэнне колькасці насельніцтва".

Новы праект стане лагічным прадаўжэннем і развіццём вынікаў, дасягнутых у ходзе супрацоўніцтва паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Фондам ААН у галіне народанасельніцтва. Першы аналагічны праект рэалізаваны ў 2010-2012 гадах і быў нацэлены на эфектыўную рэалізацыю Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Асноўны акцэнт тады быў зроблены на адукацыйны кампанент. Сфера інтарэсаў новага праекта значна шырэйшая і больш маштабная.

Намеснік прадстаўніка ЮНФПА Алена Касько назвала гэты праект даволі амбіцыйным. Ён накіраваны на ўдасканаленне сістэмы маніторынгу і ацэнкі эфектыўнасці дэмаграфічнай палітыкі, паляпшэнне сістэмы дэмаграфічнай адукацыі ў краіне. На аснове праекта будзе распрацавана нацыянальная дэмаграфічная палітыка пасля 2015 года. Плануецца правядзенне мерапрыемстваў па аналізе і вызначэнні тэндэнцый шлюбнасці і нараджальнасці ў Беларусі, правядзенне даследавання "Гендар і пакаленне", павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў і ацэнка нацыянальнай патрэбнасці ў дэмографах у розных сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця. Алена Касько выказала надзею на тое, што праект можа быць прадоўжаны ў далейшым.

3 снежня 2014, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА
 
Дата публикации:03.12.2014
Тематика:Культура, Союзное государство
Просмотров:1357
 
Ключевые слова:
Детский Фонд ООН Демография Народонаселение Беларусь-Россия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме