https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гістарычныя музеі Беларусі і Санкт-Пецярбурга адкрылі сумесную выставу васковых фігур


Вечарам 12 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава "Гістарычная мазаіка" — сумесны праект з Дзяржаўным музеем гісторыі Санкт-Пецярбурга "Петрапаўлаўская крэпасць".

Экспазіцыя, пабудаваная ў традыцыях вядомага музея мадам Цюсо, прадстаўляе васковыя фігуры вядомых дзяржаўных, палітычных дзеячаў Расіі ад Пятра І да цяперашняга прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Савецкая эпоха праілюстравана фігурамі Уладзіміра Леніна, Іосіфа Сталіна, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева. Сярод экспанатаў — вобразы вядомых ваеначальнікаў Аляксандра Суворава, Міхаіла Кутузава, Георгія Жукава. Далёкае замежжа прадстаўляюць фігуры Джорджа Буша-малодшага, прынцэсы Дзіяны, Усамы бен Ладэна.

Стваральнікі васковых фігур стараліся перадаць не толькі знешняе падабенства, але і найбольш яркія рысы характару, выраз твару, тыповыя позы. З гістарычнай дакладнасцю рэканструяваны касцюмы, дробныя аксесуары. Для стварэння адпаведнай атмасферы ў экспазіцыю ўключаны прадметы з калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, у тым ліку дакументы, фатаграфіі, карты, плакаты, мэбля, творы мастацтва.

"Мы вырашылі, што будзе вельмі дарэчы, калі мы выставу васковых фігур дапоўнім прадметамі з нашых калекцый, створым пэўныя мізансцэны, — сказаў навуковы сакратар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Ладзісаў. — Любы музейны работнік скажа, што гэта вельмі няпростая задача — сумясціць экспанаты з розных калекцый, розных музеяў. Удалося нам гэта ці не — меркаваць гледачам, якія прыйдуць на выставу. Акрамя таго, яшчэ на стадыі перамоў з санкт-пецярбургскім музеем мы дамовіліся, што лёсы, біяграфіі некаторых гістарычных дзеячаў, чые фігуры прадставяць на выставе, будуць звязаныя з Беларуссю. Той жа Пётр І быў у Полацку, яго жонка Кацярына І, паводле адной з версій, нарадзілася ў Беларусі, той жа маршал Жукаў да вайны выкладаў у БДУ, а бізнесмен Раман Абрамовіч звязаны сваімі каранямі з нашай зямлёй. Ну, а ўжо ў часы Савецкага Саюза ў Беларусі і Расіі была агульная гісторыя".

Выстава адкрылася напярэдадні Дзён культуры Санкт-Пецярбурга ў Беларусі.

БелаПАН, 13 красавіка 2013

 
Дата публикации:13.04.2013
Тематика:Культура, Союзное государство
Просмотров:2051
 
Ключевые слова:
Выставка Восковые фигуры Санкт-Петербург Беларусь-Россия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме