https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Маскве абмеркаваныя пытанні аптымізацыі паставак харчовых тавараў, сыравіны і сельгаспрадукцыі з Беларусі ў Расію на 2014—2015 гады


Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага пасольства ў РФ.
Намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы і намеснік старшыні ўрада Расіі Аркадзь Дварковіч падчас перамоў 13 жніўня ў Маскве разгледзелі пытанні аптымізацыі паставак харчовых тавараў, сыравіны і сельгаспрадукцыі з Беларусі ў Расію да канца гэтага года і на 2015 год.

Акрамя іншага бакі абмеркавалі "шэраг аспектаў кантролю транзітных грузаў, што рухаюцца па беларускай тэрыторыі, а таксама эпізаатычную сітуацыю ў дзвюх краінах", гаворыцца ў паведамленні.

У межах рабочага візіту ў Маскву Русы таксама сустрэўся з кіраўніком Федэральнай службы па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека — галоўным дзяржаўным санітарным урачом Расіі Ганнай Паповай.

Як паведамлялася раней, 13 жніўня беларуская дэлегацыя на чале з Русым з аднадзённым рабочым візітам наведвае Маскву. Асноўная тэма перамоў тычыцца пытанняў паставак беларускага харчавання ў Расію.

Напярэдадні Мінск наведаў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Ён сустрэўся з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам, галоўным ветэрынарным інспектарам Юрыем Піваварчыкам, дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Леанідам Пляшко. Паводле вынікаў перамоў Рассельгаснагляд і Мінсельгасхарч дамовіліся ўзаемадзейнічаць у недапушчэнні рээкспарту забароненых харчовых тавараў у Расію. Данкверт, у прыватнасці, выказаў занепакоенасць Расіі ў сувязі з частым выяўленнем недабраякаснай імпартнай сельгаспрадукцыі з трэціх краін. Заяц у адказ заявіў, што беларускі бок падтрымлівае жаданне Расіі абараніць унутраны рынак, а таксама адзначыў, што ў Беларусі арганізаваны ўзмоцнены кантроль за бяспекай тавараў, якія перамяшчаюцца цераз дзяржмяжу.

Нагадаем, на мінулым тыдні Расія на год забараніла імпарт шэрагу сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з краін, якія ўвялі санкцыі ў дачыненні да расійскіх чыноўнікаў і арганізацый, — гэта ЗША, дзяржавы ЕС, Канада, Аўстралія і Нарвегія. У адпаведны спіс трапілі ялавічына, свініна, птушка, садавіна, агародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.

У сувязі з гэтым Мінск выказаў гатоўнасць павялічыць аб`ём паставак свайго харчавання ў Расію. Згодна з разлікамі Мінсельгасхарча, да канца гэтага года Беларусь гатова паставіць на расійскі рынак больш як 2 млн. тон малочных і больш за 150 тыс. тон мясных вырабаў. У грашовым выражэнні пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Расію са жніўня па снежань могуць скласці 2 млрд. долараў. Такім чынам, валютная выручка ад паставак беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання за гэты год можа наблізіцца да 6 млрд. долараў (у 2013 годзе гэты паказчык складаў 5,8 млрд. долараў).

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 жніўня 2014
 
Дата публикации:13.08.2014
Тематика:Товары из Беларуси, Союзное государство
Просмотров:1823
 
Ключевые слова:
Беларусь-Россия Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме