https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі звыш 115 тысяч айцішнікаў, іх сярэдні заробак — 1800 даляраў


10 самых цікавых фактаў пра сэктар эканомікі, які разьвіваецца найбольш імклівымі тэмпамі.
Адна з найбуйнейшых у сьвеце аўдытарска-кансалтынгавых кампаніяў Ernst & Young (EY) прадставіла грунтоўны агляд цяперашняга стану і пэрспэктываў індустрыі інфармацыйных тэхналёгіяў у Беларусі.
______________________________________

1. 115 тысяч айцішнікаў

Паводле разьлікаў EY, у Беларусі сёньня звыш 115 тысяч спэцыялістаў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў (ІKТ). 85 тысяч зь іх занятыя непасрэдна ў ІKТ-галіне, рэшта — у іншых сэктарах эканомікі.

2. ПВТ — аснова ІТ-індустрыі

Сёньня 181 беларуская кампанія з сукупным штатам у 30 тысяч чалавек — рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгіяў, створанага ў 2005 годзе прэзыдэнцкім дэкрэтам. Кампаніі-рэзыдэнты ПВТ вызваленыя ад cплаты ўсіх карпаратыўных падаткаў, а індывідуальны падаходны падатак для іх супрацоўнікаў мае паніжаную 9-адсоткавую стаўку і не ўключаецца ў сукупны гадавы прыбытак.

На долю рэзыдэнтаў ПВТ прыпадае 28,9% прыбытку ІКТ-сэктару і 85,7% экспарту кампутарных паслугаў.

3. Большасьць кампаніяў — да 100 чалавек

Памер больш як 70% кампаніяў-рэзыдэнтаў ПВТ не перавышае 100 супрацоўнікаў. Пры гэтым больш за палову айцішнікаў ПВТ працуюць у буйных кампаніях, штаты якіх перавышаюць 500 чалавек.

4. Самая высокааплатная сфэра

Па выніках 2016 году сярэдні заробак у сфэры ІКТ склаў 1800 даляраў — у 4,5 раза вышэй, чым агулам па краіне. Паводле прагнозу EY, сярэдні заробак у ПВТ у 2020 годзе дасягне 2,4 тысячы даляраў.

5. Самая маладая галіна

57% супрацоўнікаў кампаніяў-рэзыдэнтаў ПВТ маладзейшыя за 30 гадоў. Пры гэтым 49% беларускіх айцішнікаў пачалі працоўную кар’еру да 21 году. Каля 12% айцішнікаў — студэнты.

6. Экспарт ІТ-паслугаў вырас у 30 разоў

За апошнія 11 гадоў экспарт ІТ-паслугаў і прадуктаў зь Беларусі вырас у 30 разоў, дасягнуўшы 956,8 млн даляраў (2016). Пры гэтым доля ІТ-экспарту ў агульным абʼёме экспарту тавараў і паслугаў краіны вырасла з 0,16% да 3,25%. На долю ІКТ прыпадае 10,5% ВУП у сэктары паслугаў і 5,1% агульнага ВУП Беларусі.

7. Самая экспартаарыентаваная галіна

Больш за 90% продажаў беларускіх ІТ-кампаніяў — за мяжу. 49,1% экспарту прыпадае на Заходнюю Эўропу, 43,1% — на ЗША.

69% апытаных аналітыкамі кампаніяў зарабляюць, выконваючы замовы кліентаў (аўтсорсінг). Меншасьць распрацоўвае ўласныя высокатэхналягічныя прадукты — гэта значна складаней, але і выгадней фінансава. World of Tanks, MSQRD, Maps.me — вядомыя ва ўсім сьвеце праграмы, прыдуманыя і распрацаваныя ў Беларусі.
8. Інвэстыцыі імкліва растуць

З 2011 па 2014 гады, паведамляе EY, інвэстыцыі ў ІКТ-сэктар вырасьлі амаль утрая — да 1,47 мільярда даляраў. Тры галоўныя краіны-інвэстары — ЗША, Нідэрлянды і Расея.

9. Адукацыя — гарантыя посьпеху

Тэхнічныя дысцыпліны ў Беларусі вывучаюць у ВНУ 75 тысяч чалавек (24% ад агульнай колькасьці студэнтаў). Сярод гэтых дысцыплін — 70 ІТ-спэцыяльнасьцяў. Больш за траціну супрацоўнікаў кампаніяў-рэзыдэнтаў ПВТ — выпускнікі БДУІР, «галоўнай айцішнай ВНУ».

ІТ-кампаніі стварылі 52 сумесныя лябараторыі ў 15 адукацыйных установах Беларусі, аднак у большасьці беларускіх выкладчыкаў заробкі непрапарцыйна нізкія ў параўнаньні з супрацоўнікамі ІТ-кампаніяў.

10. Ангельская мова — норма

Сёньня большасьць кваліфікаваных беларускіх ІТ-спэцыялістаў валодаюць ангельскай мовай (асноўны сродак камунікацыі з замежнымі калегамі і кліентамі). Усяго 5 гадоў таму такіх было зусім мала.

Радыё Свабода, 15 жніўня 2017
 
Дата публикации:15.08.2017
Тематика:Товары из Беларуси, Парк высоких технологий
Просмотров:981
 
Ключевые слова:
Инновации IT-сектор Зарплата
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме