https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае Індыі стварыць у Беларусі сумесны навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк


Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў 12 верасня ў Нью-Дэлі па выніках афіцыйных перамоў з прэм`ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі.
"Я прапанаваў прэм`ер-міністру Індыі стварыць у Беларусі — на шляху перасячэння з усходу на захад і з поўдня на поўнач — навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк, дзе будуць створаны самыя выгадныя ўмовы для інвеставання і дзе індыйскія кампаніі разам з іншымі сусветнымі кампаніямі, калі будзе такое жаданне, змогуць размяшчаць сваю вытворчасць і рэалізоўваць тавары і паслугі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрасаюза ", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён таксама заявіў, што бачыць, "як Вялікая Індыя і ідэя Слаўнай Новай Індыі аб`ядноўваюцца ў рэальным увасабленні". "Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб Індыя стала вялікай, магутнай краінай. Таму, што мы прапаведавалі, абвяшчалі і падтрымліваем дагэтуль ідэю шматпалярнасці. І мы хацелі б, каб Індыя стала магутным полюсам нашай планеты", — дадаў ён.

Таксама кіраўнік дзяржавы сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Індыі Венкаяхам Найду. Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Індыя вызначылі філасофію адносін, "трэба пераходзіць да канкрэтыкі".

"Надышоў час, калі мы павінны ўжо размаўляць мовай канкрэтных кантрактаў, а не проста кірункаў развіцця эканомік. Кірункі мы вызначылі, філасофію нашых адносін мы вызначылі. Цяпер трэба пераходзіць на канкрэтыку, а яна ў кантрактах, інвестыцыях", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка запэўніў, што Беларусь зможа ўнесці дастойны ўклад у развіццё праграм, вызначаных да рэалізацыі ў Індыі. "Мне з вамі прыемна сустрэцца. Я адразу ж адчуў чалавека ад зямлі, які вядзе размову аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, развіцці нашых адносін менавіта на базе эканомікі", — сказаў афіцыйны лідар.

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт Індыі адзначыў, што паміж краінамі ўсталяваліся добрыя адносіны, як на міждзяржаўным узроўні, так і народаў дзвюх краін. Індыя таксама ўдзячная за падтрымку, якую Беларуссю аказвае ёй на розных міжнародных пляцоўках. "Думаю, што ёсць і добрыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. У нас таксама развіваецца сфера аховы здароўя, медыцынскага турызму. Гэта яшчэ адзін кірунак, дзе мы можам супрацоўнічаць", — сказаў Венкаях Найду.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю 12 верасня заключаны мемарандум паміж канцэрнам "Белнафтахім" і Міністэрствам нафты і прыроднага газу краіны аб супрацоўніцтве ў нафтагазавым сектары. Цырымонія абмену падпісанымі дакументамі адбылася па выніках афіцыйных перамоў Лукашэнка і Нарэндры Модзі ў Нью-Дэлі.

Падпісаны таксама праграма супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін у сферы культуры на 2018—2020 гады, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам павышэння кваліфікацыі і прадпрымальніцтва Індыі ў супрацоўніцтве ў сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам па справах моладзі і спорту Індыі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы моладзевай палітыкі.

Заключаны дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнымі акадэміямі навук Беларусі і Індыі, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй і Індыйскім саветам сельскагаспадарчых даследаванняў па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і даследаванняў для сельскай гаспадаркі.

Акрамя таго, падпісанымі мемарандумамі са сваімі індыйскімі партнёрамі абмяняліся кіраўнікі Беларускай калійнай кампаніі (аб павелічэнні паставак угнаенняў) і "Белзарубежбуда". Пагадненне аб супрацоўніцтве заключана з Мінскім трактарным заводам.

Бакі таксама парафіравалі дагавор паміж Беларуссю і Індыяй аб інвестыцыях.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 12 верасня 2017
 
Дата публикации:12.09.2017
Тематика:Бизнес, Парк высоких технологий
Просмотров:819
 
Ключевые слова:
Индия Технологии Товарооборот Инвестиции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме