https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 


Найти
 
 


Уражаннямі пра парад Перамогі ў Мінску дзеляцца пісьменнікі і навукоўцы Расіі, Казахстана, Узбекістана


Парад, які прайшоў у Мінску, выклікаў самы шырокі розгалас сярод творчай і навуковай інтэлігенцыі ў блізкіх да Беларусі краінах.
Сваімі ўражаннямі пасля знаёмства праз розныя крыніцы са святочнымі мерапрыемствамі ў Мінску дзеляцца пісьменнікі і навукоўцы Расіі, Казахстана, Узбекістана.

Валеры Тургай, народны паэт Чувашыі (Чэбаксары, Расійская Федэрацыя):

— Уражвае пазіцыя кіраўніцтва краіны, грамадскасці. Вялікая Айчынная вайна — у сэрцах беларусаў. Свята ў Мінску ў знак Вялікай Перамогі стала святам для ўсяго свету! Я бачыў, што парад у Беларусі на знаёмым і сімвалічным для мяне месцы атрымаўся. Слава на ўсе адведзеныя чалавецтву часіны Беларусі і беларусам! Слава гораду-герою Мінску!

Я люблю бываць у вашай краіне. Люблю наведваць музеі і мясціны, дзе захоўваюцца традыцыі памяці пра гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. І калі я займаюся мастацкім перакладам, рыхтую публікацыі твораў беларускіх паэтаў на чувашскую мову, то ў мяне на рабочым стале бліжэй за ўсё ляжаць кнігі беларускіх паэтаў-франтавікоў Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка...

Рэнат Харыс, народны паэт Татарстана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі (Казань, Расійская Федэрацыя):

— А я напярэдадні Дня Вялікай Перамогі ўспомніў мінскага падпольшчыка Івана Кабушкіна. Ён нарадзіўся ў Беларусі, пад Баранавічамі. А жыў і працаваў у даваенны час у Казані. Яму, Кабушкіну, прысвечаны помнік-трамвай, усталяваны ў нашым горадзе, — на гэтым трамваі малады чалавек і працаваў. І 8 мая 2020 года было якраз 55 гадоў з дня прысваення мінскаму падпольшчыку звання Героя Савецкага Саюза. Давайце помніць разам такіх людзей, такіх самаахвярных беларусаў, рускіх, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія, аддаўшы свае жыцці, далі нам магчымасць святкаваць Дзень Вялікай Перамогі!

Саліх Гуртуеў, народны паэт Кабардзіна-Балкарыі, ганаровы старшыня Клуба пісьменнікаў Каўказа (Нальчык, Расійская Федэрацыя):

— Рады і адчуваю гонар за парад Перамогі, праведзены ў вашай краіне! З эмацыянальнай узрушанасцю ўспрыняў словы Прэзідэнта Беларусі пра каштоўнасць нашай агульнай Перамогі, пра каштоўнасць традыцый, пра актуальную барацьбу і сёння з нацызмам.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўсё далейшыя і далейшыя ад нас. Але я і цяпер ведаю ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з нашай рэспублікі, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэма Беларусі ў судакрананні з Вялікай Айчыннай — святая для балкарцаў, кабардзінцаў тэма. Мой старэйшы сябар, вялікі паэт XX стагоддзя Кайсын Куліеў, сябраваў з беларускімі паэтамі-франтавікамі. Я ганаруся гэтым і па меры сваіх сіл працягваю ўмацоўваць дружбу нашага краю, нашай старонкі, нашых людзей з Беларуссю, беларусамі. Вы зноў паказалі, што ў Беларусі ёсць вышыні, якіх яна ніколі не здасць.

Святлана Ананьева, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (Алматы, Казахстан):

— Мінск, як заўсёды, велічны ў сваім прыгожым, высокадухоўным стаўленні да мінулага. Адзій Шарыпаў, Сагінгалі Сяітаў — пісьменнікі, якія прычыніліся да ваеннай памяці Беларусі сваімі лёсамі, — сотні сыноў Казахстана, якія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за баі ў Беларусі, — мы помнім іх. Мы помнім і адрасы Беларусі, якія далі вечны прытулак нашым землякам. І ведаем, што памяць пра казахстанцаў, якія аддалі свае жыцці за Мінск і Гродна, Брэст і Гомель, Віцебск і Магілёў, — у сэрцах і справах новых пакаленняў беларусаў. Нізкі паклон вам усім з Казахстана за памяць і за Парад Вялікай Памяці. Так і напішыце — з вялікай літары: Парад Вялікай Памяці...

Мікалай Чаркашын, капітан першага рангу ў адстаўцы, пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя В.Пікуля (Масква, Расійская Федэрацыя):

— Настрой 9 Мая мне стварыў і ўрачысты парад у Мінску. Бачыў, як дастойна святкуе Беларусь 75-годзе Вялікай Перамогі.

Я цяпер пішу раман-дылогію, падзеі якога разварочваюцца і ў Першую сусветную, і ў Вялікую Айчынную на роднай мне Гродзеншчыне. Нарадзіўся ж я ў Ваўкавыску. І такая работа і ёсць мая Перамога, мой унёсак у памяць пра землякоў, пра бацьку, які ваяваў пад Віцебскам, быў узнагароджаны за подзвіг на беларускай зямлі.

І канешне ж, вельмі хочацца ў Мінск, у Брэст, у Віцебск. Прыехаць і падысці да помнікаў, пакланіцца ім... Адчуць сувязь з пакаленнем пераможцаў.

Кучкор Наркабіл, пісьменнік, журналіст (Ташкент, Узбекістан):

— Мінск, Беларусь чарговы раз мяне ўразілі. Я нейкі час таму гасцяваў у сталіцы Беларусі. Быў і ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, і на плошчы каля абеліска Перамогі. І пад уражаннем эмоцый, якія ахапілі мяне, прайшоўся па Парку Перамогі. Мае развагі насілі і носяць таксама канкрэтны характар: пішу мастацкі твор пра першыя дні Вялікай Айчыннай. Дзеля гэтага некалькі разоў прыязджаў у Беларусь. Быў у Хатыні, адкрыў для сябе гісторыю спаленай фашыстамі пухавіцкай вёскі Беразянка. І многія старонкі маёй кнігі ўжо напісаны. А цяпер пад уражаннем таго, што беларусы правялі ў знак 75-годдзя Вялікай Перамогі такі шчыры і такі адкрыты парад памяці, я абавязкова яшчэ дапішу раздзел пра Мінск сённяшні, Мінск, які памятае, які захоўвае традыцыі.

Аўтар: Кастусь Ладуцька
Звязда, 11 траўня 2020
 
Дата публикации:11.05.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:49
 
Ключевые слова:
Военный парад День Победы 75-летие Победы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме