https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Чаму для беларусаў вясенняе раўнадзенства заўсёды мела сакральнае значэнне?


Як вядома, каляндарную вясну мы сустракаем першага сакавіка. А вось калі Зямля і Сонца сыходзяцца ў кропцы вясенняга раўнадзенства (адбываецца гэта на пачатку трэцяй дэкады сакавіка), тады пачынаецца астранамічная вясна. Навукоўцы дакладна ведаюць, чаму зіма «ўпускае» вясну толькі напрыканцы сакавіка.
Святло і цемра — у роўных правах

Вясенняе раўнадзенства — найбольш прыкметная астранамічная з’ява сакавіка. У 2022 годзе яно прыпадае на 20 сакавіка (18 гадзін 34 хвіліны па мінскім часе). Раўнадзенства нельга назіраць доўга, бо яно адбываецца ў адно імгненне — калі цэнтр Сонца, рухаючыся па экліптыцы, перасякае нябесны экватар. Экліптыкай астраномы называюць уяўляемы гадавы шлях Сонца ў выглядзе кола. Месца перасячэння экватара з экліптыкай лічыцца кропкай раўнадзенства, і менавіта ў ёй пачынаецца астранамічная вясна. Знаходзіцца гэта кропка ў сузор’і Рыб. Па навуковых даследаваннях, такая вясна доўжыцца тры месяцы і заканчваецца 21 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння.

Назва з’явы — «раўнадзенства» — пайшла ад таго, што ў гэтыя суткі дзень становіцца роўным ночы: кожнаму адведзена па 12 гадзін. Па ўсёй Зямлі працягласць дня і ночы матэматычна аднолькавыя, але з папраўкай «амаль»: на самой справе дзень даўжэйшы за ноч.

Даўжыня дня вызначаецца розніцай паміж узыходам і заходам Сонца. Але калі раўнадзенства разглядаецца па цэнтры Сонца адносна гарызонта, то даўжыня дня — адносна верхняга краю зоркі.

Зямная вось прымае вертыкальнае становішча, таму абодва полюсы Зямлі атрымліваюць аднолькавую дозу сонечнага цяпла — але і гэтая заява, як у выпадку з роўнасцю дня і ночы, даволі ўмоўная.

Сонца ўзыходзіць дакладна на Усходзе, а заходзіць дакладна на Захадзе. Адначасова мяняюцца поры года на паўшар’ях: калі ў паўночным адбываецца вясенняе раўнадзенства, то ў паўднёвым наадварот — наступае астранамічная восень.

Новы год пачынаецца ўвесну

Зараз чалавецтва прытрымліваецца парадаку, пры якім каляндарны пачатак новага года не прывязаны да астранамічнай з’явы вясенняга раўнадзенства. Але былі краіны і народы, дзе поры года адзначаліся дакладна па сонцастаянні. Індзейцы Паўднёвай Амерыкі пачыналі год з летняга сонцастаяння, а персы — з вясенняга раўнадзенства«.

Амар Хаям знакаміты на ўвесь свет як выбітны персідскі паэт, аўтар вершаванай формы «рубаі». Але мала хто ведае, што Хаям узначальваў групу астраномаў, якія распрацавалі ў ІХ стагоддзі сонечны каляндар, афіцыйна прыняты ў 1097 годзе. З усіх календароў толькі іранскі дакладна адпавядае году вясенніх раўнадзенстваў. Каляндарны год пачынаецца менавіта з астранамічнай вясны. Ён завецца мусульманамі Наўруз, што перакладаецца як «свята вясны».

У старажытнасці лічылася, што з пачаткам вясны прырода прачынаецца ад зімовага сну: жывёлы становяцца больш актыўнымі, абуджаюцца мядзведзі. Дарэчы, беларуская Камаедзіца — свята пакланення мядзведзю — адзначалася са спазненнем ад астранамічнай вясны на некалькі дзён.

Дзень вясновага раўнадзенства

У сілу прыродна-касмічных умоў зоны рассялення ўсходніх славян і наступлення доўгачаканага перыяду падрыхтоўкі да пачатку палявых работ асаблівым шанаваннем карыстаўся той момант у руху Сонца па паднябессі, калі дзень станавіўся роўны ночы. Менавіта да дня вясновага раўнадзенства — 21 сакавіка — нашы продкі прымеркавалі пачатак новага года. Невыпадкова свята ў гонар славянскага бога Сонца — Ярылы — сталі зваць Вялікдзень. У гэты дзень валачобнікі абыходзілі ўсе двары, віншавалі гаспадароў з надыходзячым годам, жадалі здароўя, добрага ўраджая і сямейнага дабрабыту.

Па задуме стваральнікаў грыгарыянскага календара «афіцыйнай» датай вясновага раўнадзенства лічыцца 21 сакавіка (літаральна «12 дзень да красавіцкіх календаў»), бо гэта дата вясновага раўнадзенства была ў 325 году, калі адбыўся Першы Нікейскі сабор, які ўсталяваў час штогадовага святкавання Вялікдня хрысціянскай царквой у першую нядзелю пасля першай поўні пасля 21 сакавіка (як дня вясновага раўнадзенства).

Вясна красна на крылах ляціць

Дата 22 сакавіка для беларусаў заўсёды мела сакральнае значэнне. Менавіта ў дзень вясновага раўнадзенства пачынаецца новы этап у жыцці прыроды і чалавека. Зямля абуджаецца ад зімовага сну, даючы дарогу ўсяму жывому.

Таму сімвалічна, што ў гэта свята, якое яшчэ носіць назву «Саракі», чакалі прылёту першых птушак — 40 выраяў, сорак саракоў. Згодна з павер’ем, калі хто-небудзь у той дзень убачыць вырай, які ляціць, — яго ва ўсім чакае поспех і шчасце.

«На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі», «Святыя Саракі ў поле саху валаклі», «На Саракі дрэвы адпушчаюцца» — гэтыя і іншыя прыказкі і прымаўкі гаварылі пра набліжэнне доўгачаканай вясны. Але разам з тым і перасцярожвалі — «Марац адмарозіць палец! Валам дай і на печ уцякай!» — бо пасля Саракоў чакалі яшчэ 40 маразоў. Калі скончацца халады, можна і сяўбу пачынаць.

У гэты дзень выпякалі з цеста 40 жаваранкаў, у некаторых мясцовасцях 40 варэнікаў, 40 маленькіх піражкоў ці галушак у выглядзе птушак. Піражкі засалоджвалі, абсыпалі макам для дзіцячых пачастункаў. А называлі гэтыя піражкі галёпы.

Дзеці гушкаліся на арэлях, на дошках-перакладзінах «каб лён доўгі рос», дарылі адзін аднаму папяровых або выпечаных птушачак з пажаданнямі шчасця.

Праваслаўныя хрысціяне 22 сакавіка святкуюць прысвятак Саракі — Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх, якія пакутвалі ў Севасційскім возеры.

Родная прырода, 20 сакавіка 2022
 
Дата публикации:20.03.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:223
 
Ключевые слова:
Наурыз Весеннее равноденствие Астрономическая весна
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме