Да такіх даходаў адносяцца: заработная плата; грашовае забеспячэнне вайскоўцаў тэрміновай службы, курсантаў ваенна-навучальных устаноў і сувораўцаў; заработная плата дзяржаўных служачых і прыраўнаваных да іх асоб; грашовае забеспячэнне вайскоўцаў і асоб радавога і начальніцкага складу; дзяржаўныя стыпендыі вучнёўскай моладзі.
Рашэнне прынята ў сувязі з тым, што індэкс спажывецкіх цэн за жнівень 2011 года перавысіў пяціпрацэнтны парог да чэрвеня 2011 года — моманту папярэдняй індэксацыі, паведамляе Мінпрацы і сацабароны.
Дапамогі і стыпендыі беспрацоўным у перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па накіраванні органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога, раённага выканаўчага камітэта індэксуюцца на 110,7%.
Як пракаментавалі ў міністэрстве, індэксацыя ажыццяўляецца згодна з нарматывам, устаноўленым указам прэзідэнта ад 28 студзеня 2006 года № 55. Індэксуецца даход у межах 442 тысяч 360 рублёў (100% зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на момант індэксацыі). Частка даходу, якая перавышае 442 тыс. 360 рублёў, індэксацыі не падлягае.
Насельніцтву, якое атрымлівае даходы на тэрыторыі Беларусі з іншых крыніцаў, кампенсацыя стратаў ад інфляцыі ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі). Калі калектыўны дагавор утрымлівае палажэнне аб індэксацыі заработнай платы ў адпаведнасці з заканадаўствам, то прымяняецца механізм індэксацыі, прадугледжаны для работнікаў бюджэтнай сферы. У гэтым выпадку індэксацыя робіцца ў выглядзе аднаразовага перагляду памераў аплаты працы або шляхам аўтаматычнай карэкціроўкі заработнай платы ў межах устаноўленага заканадаўствам нарматыву на індэкс спажывецкіх цэн, значэнне якога разлічваецца нарастаючым вынікам да базавага месяца — месяца павышэння памераў аплаты працы.
Аднак устаноўлены арганізацыяй механізм індэксацыі можа адрознівацца ад устаноўленага заканадаўствам. У гэтым выпадку арганізацыя самастойна вызначае ўмовы індэксацыі і парадак яе правядзення, а таксама нарматыў індэксацыі, паведамляе міністэрства.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 верасня 2011