Згодна з інфармацыяй пракуратуры Гродзенскай вобласці, завадатарам пікета, у выніку якога ў пункце пропуску быў на некалькі гадзін спынены рух транспартных сродкаў, прад`яўлены іск у памеры каля дзесяці мільёнаў рублёў — на пакрыццё расходаў міліцыі, памежнай групы і рэгіянальнай мытні па прычыне несанкцыянаванай акцыі.
Гэтая сума, пэўна, магла і павялічыцца, калі б санкцыі да незадаволеных новымі "правіламі гульні" прад`явілі яшчэ і "дальнабойшчыкі", а таксама тыя, хто ехаў праз беларуска-польскую мяжу па асабістых справах з зусім не камерцыйнай мэтай, але быў вымушаны амаль увесь вечар прастаяць у чарзе.
Зрэшты, штрафам не абмяжуецца. Акрамя таго, кампетэнтнымі органамі аналізуецца сітуацыя, калі людзі гадамі атрымлівалі даходы ад вывазу за мяжу гаручага і цыгарэт, выкарыстоўваючы розніцу цэн у нас і ў заходніх суседзяў, аднак не плацілі падаткаў. Паводле ацэнкі пракурора Гродзенскай вобласці Віктара Марозава, вырасла ўжо цэлае пакаленне людзей, якія нідзе не працавалі і не разлічваліся па падатках, але ў той жа час ездзяць на дарагіх аўтамабілях, маюць па некалькі кватэр. Пры гэтым карыстаючыся, як і іншыя грамадзяне, добрасумленныя падаткаплацельшчыкі, адпаведнымі сацыяльнымі паслугамі. І самі, і іх дзеці.
— Паглядзелі іх маёмасць і аказалася, што многія маюць па некалькі машын 2004—2011 гадоў выпуску, салідную жыллёвую нерухомасць, — паведаміў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка. — Афіцыйна нідзе не працуеш дзесяць гадоў, дык адкуль жа такія сродкі? Запатрабавалі дэкларацыі аб даходах. У адказ паказваюць дагаворы пазыкі з грамадзянамі Расіі альбо Літвы. Маўляў, гэта яны пазычылі мне сто тысяч долараў. Слушнае пытанне: гэта даход? Мы ўнеслі прапанову, каб гэтую пазыку лічыць даходам з адпаведным адлюстраваннем у заканадаўстве, у Падатковым кодэксе. Лічым, што неабходна задэклараваць усе атрыманыя з-за мяжы за апошнія дзесяць гадоў пазыкі і ўключыць іх у супольны даход чалавека са спагнаннем падаткаў. А для таго, каб не пацярпелі добрасумленныя пазычальнікі, прапануем пасля пагашэння пазыкі вяртаць ім з бюджэту заплачаны падатак. Тым самым гэтая катэгорыя падаткаплацельшчыкаў, якія пакуль не задзейнічаны, але карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, будзе таксама ўдзельнічаць у фінансаванні і бясплатнай аховы здароўя, і бясплатнай адукацыі, і іншых ільгот, што прадастаўляюцца ў краіне. Мяркую, так будзе справядліва.
І гэта не адзіная катэгорыя грамадзян, якія ўхіляюцца ад разліку па падатках. Камітэт дзяржкантролю заклапочаны і так званымі "ценявымі" выплатамі, у выніку чаго паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны не пакрываюць яго расходы. Гэта пацвярджаецца аналізам па некаторых раёнах Гродзеншчыны: аказалася, што пакрыццё расходаў складае там толькі 96 працэнтаў.
— Хоць колькасць плацельшчыкаў у Фонд сацыяльнай абароны, па нашых разліках, дазваляе не толькі цалкам пакрываць расходы, але і мець так званую рэнтабельнасць каля 10 працэнтаў, — зазначыў Сяргей Раўнейка. — Такім чынам, заніжаецца база для разліку адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны. І наша задача на бліжэйшы час — дасканала з гэтым разабрацца і адшукаць тыя "лазейкі", якія выкарыстоўваюцца для ўхілення ад выплаты падаткаў.
Барыс Пракопчык
Звязда, 12 жніўня 2011