https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сённяшняя акцыя маўклівага пратэсту стала самай малаколькаснай і непрыкметнай


Чарговая акцыя маўклівага пратэсту, арганізаваная інтэрнэт-групай "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" 27 ліпеня, стала самай малаколькаснай і непрыкметнай. Яна праводзілася ў новым фармаце. Змяніліся час (13.00 замест звычайных 19.00) і месца (найбуйнейшыя рынкі гарадоў замест цэнтральных плошчаў).
"Рынкі — псіхалагічна больш бяспечнае месца. На рынку небяспечна ладзіць "хапун" — вельмі шмат выпадковых людзей, а значыць сведкаў бязмежжа", — зазначалася ў паведамленні, распаўсюджаным напярэдадні акцыі групай "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

Патэнцыйным удзельнікам акцый прапаноўвалася сабрацца каля непрацуючых павільёнаў і проста пастаяць паўгадзіны, не пляскаючы ў далоні "з мэтай бяспекі".

У Мінску месцам правядзення акцыі быў вызначаны Камароўскі рынак. У 13.00 там, як і ў звычайныя дні, было шмат людзей — пакупнікоў і тых, хто адпачываў на плошчы перад рынкам, каля фантана. Тэрыторыю каля рынку ўзмоцнена патрулявала міліцыя ў форме, было шмат людзей у цывільным. Побач стаялі тры аўтобусы таксама з людзьмі ў цывільным. Уздоўж вуліц Кульман і Куйбышава прыкладна праз кожныя 10 метраў былі расстаўленыя супрацоўнікі ДАІ. Вялося відэаназіранне. Нейкі час на рынку прысутнічаў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў.

Удзельнікі акцыі ніяк сябе не пазначылі. Між тым, як паведаміў БелаПАН адзін з пастаянных удзельнікаў акцый пратэсту, сёння да рынку прыйшлі дастаткова шмат людзей, якія рэгулярна ходзяць на акцыі. Гэтыя людзі, якія ўжо ведаюць адзін аднаго ў твар, сядзелі на лаўках, гулялі каля рынку, але стараліся не размаўляць адзін з адным і з журналістамі, каб не абазначаць сябе і пазбегнуць затрыманняў. Для іх было важна сабрацца разам на чарговую акцыю.

Прыкладна гэтак жа прайшлі і акцыі ў іншых гарадах.

У Брэсце каля ўваходу на Калгасны рынак да 13.00 сабраліся прыкладна 20 чалавек. Яны стаялі невялікімі групамі, хадзілі, размаўлялі і разышліся ў 13.30. За тым, што адбываецца, назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і людзі ў цывільным. Апошніх было некалькі дзясяткаў. Вялася відэаздымка.

У Гомелі каля Цэнтральнага рынку вялікай колькасці людзей не назіралася. Калі ўдзельнікі акцыі і прысутнічалі, то ніяк сябе не абазначылі. Было даволі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў форме. Увагу прыцягнуў малады чалавек у майцы з надпісам "ШОС", які прайшоў міма прысутных, але затрыманы не быў.

Пяць чалавек сабраліся каля Віленскага рынку ў Магілёве. Каля ўваходу на рынак стаялі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Гандляры на рынку мелі дастаткова няяснае ўяўленне пра акцыю, але, як сказаў адзін з іх, "тут сёння прызначаны нейкі бунт". Побач з рынкам дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ, людзі ў цывільным, прысутнічаў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Алёнушкін. У 13.35 прысутныя разышліся.

Арганізатары акцыі каментарыяў пакуль не даюць.

На мінулым тыдні адзін з ініцыятараў інтэрнэт-супольнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Вячаслаў Дзіянаў заявіў БелаПАН, што спад актыўнасці ўдзельнікаў маўклівых акцый, якія праходзяць кожную сераду, азначае, што пратэсты трансфармуюцца ў іншыя формы. На яго думку, людзі гатовы дзейнічаць актыўна, "яны нікуды не сыходзяць з інтэрнэта і гатовы да далейшых пратэстаў".

Дзіянаў падкрэсліў: "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" — гэта не проста маўклівая акцыя, якая праходзіць па серадах, гэта цэлы комплекс пратэстных дзеянняў, якія ідуць пастаянна і якія варта разглядаць як адзінае цэлае. "Ці дасягае наша акцыя вынікаў, вы можаце бачыць па міжнароднай рэакцыі, па рэакцыі органаў: генералаў пазбаўляюць званняў; ідуць праверкі; сусветная супольнасць заяўляе, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека; прымаюцца санкцыі адносна Беларусі, у тым ліку эканамічныя", — сказаў Дзіянаў.

З улікам гэтага, зазначыў ён, асобныя акцыі, іх удачы ці няўдачы не маюць значэння. "Так, людзей прыходзіць менш, але зараз будуць фарміравацца новыя віды пратэстаў, у тым ліку лакальныя. Гэта барацьба, і яна працягваецца незалежна ні ад чаго", — падкрэсліў Дзіянаў.

Антон Тарас, Захар Шчарбакоў, Улада Топалева, Алена Германовіч, Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН
27 ліпеня 2011
 
Дата публикации:27.07.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3328
 
Ключевые слова:
Несанкционированные митинги Оппозиция Беспорядки в Минске
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме