https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Праз пакуты — да святасці


Мазырскі сабор, які знаходзіцца пад абаронай святога Архангела Міхаіла, пазбег разбурэння ў ХХ стагоддзі, калі ў жудасны для Царквы час знішчаліся многія і многія іншыя храмы.
У гэтага быў свой кубак смутку. Выпрабаванне было не менш жудаснае. Святому месцу, дзе стагоддзямі маліліся вернікі, наканавана было стаць месцам пакутніцтва сотняў ні ў чым не вінаватых людзей. Сабор у 1935 годзе быў ператвораны ў турму НКУС Палескай вобласці, цэнтрам якой быў Мазыр. Па няпоўных звестках, у гэтай турме было вынесена больш за дзве тысячы смяротных прысудаў.

— Сапраўды, гэта быў вельмі сумны час, у тым ліку для Мазырскага краю, — распавядае протаіерэй Аляксандр Лапушанскі, які на працягу некалькіх гадоў вывучае архівы Мінска, Гомеля, Мазыра і збірае інфармацыю аб гісторыі Мазырскага сабора. — Наш храм у 20-я гады мінулага стагоддзя быў адабраны ў праваслаўных і аддадзены так званай "жывой царкве". Тых, хто там служыў, у народзе называлі "абнаўленцамі". Гэтае ўтварэнне было арганізавана савецкай уладай для таго, каб знішчыць праваслаўную царкву знутры. У "жывой царкве" служылі святары, якія за тыя ці іншыя правіннасці трапілі пад пэўныя царкоўныя пакаранні, былі пазбаўлены права служэння, і тыя, хто быў незадаволены афіцыйнай пазіцыяй Царквы. Гэтыя людзі знешне былі падобныя на праваслаўных святароў, яны маглі адабраць з дапамогай улад любы храм. Такім чынам на тэрыторыі былога Савецкага Саюза было адабрана каля 70 % усіх прыходаў Праваслаўнай Царквы. Такі ж лёс спасціг і Міхайлаўскі сабор у Мазыры. Расказвалі людзі пра нейкага "святара" Дудкіна, які, калі хрысціў дзіця, трымаў у зубах цыгарку. Калі яму рабілі заўвагу, ён адказваў накшталт таго: "Маўчыце, інакш вас усіх перасаджаю". Гэтыя людзі аўтарытэтам не карысталіся і таму мала вернікаў хадзіла ў храмы "жывацаркоўнікаў".

У гэты час епіскап Мінскі і Тураўскі Мелхіседэк звярнуў увагу на святара Іаана Пашына, які быў руплівым прапаведнікам. Ён быў удаўцом, і ўладыка Мелхіседэк пасвяціў яго ў сан епіскапа на Тураўскую кафедру. Уладыка Іаан праславіўся тым, што шмат ездзіў і паўсюль прапаведваў. Сіла яго пропаведзі была такой вялікай, што народ збягаўся паслухаць. Дзякуючы аўтарытэту ўладыкі Іаана, на тэрыторыі Мазырскага Палесся быў знішчаны абнаўленскі раскол.

Між тым, абнаўленскую кафедру тады ўзначальваў архіепіскап Пётр Аўдашкевіч. І аднойчы, у 1935 годзе, яго цела знайшлі пад званіцай Міхайлаўскага храма. Афіцыйная версія: ён здзейсніў замах на ўласнае жыццё. Але хадзілі чуткі, што насамрэч архіепіскапа Пятра скінулі з вышыні, бо трагедыя здарылася якраз пасля таго, як уладыка падаў прашэнне кіраўніцтву РПЦ аб тым, каб вярнуцца ва ўлонне сапраўднага праваслаўя. Пасля гэтага выпадку храм перастаў функцыянаваць у сваёй якасці.

У 1935 годзе, як успамінаюць гараджане, храм быў ператвораны ў турму. У будынку, які прымыкае да Міхайлаўскага сабора (дзе зараз епархіяльнае ўпраўленне), з таго часу знаходзілася ўпраўленне НКУС Палескай вобласці. Спачатку толькі ніжнія паверхі былі абсталяваны пад турму, а пазней астрогам стаў і сам сабор. Праз гэтае месца зняволення прайшла вялікая колькасць людзей, па няпоўных звестках — каля 5 тысяч чалавек. Практычна ўсё Мазырскае духавенства было рэпрэсавана. Айцец Аляксандр Лапушанскі расказвае гісторыю, якую яму распавялі старажылы:

— Можна сказаць, што наш храм літаральна стаіць на крыві пакутнікаў, без віны забітых. Многія святары прайшлі праз пакуты. Кожны метр храма звязаны са страшнай гісторыяй. У яго склепах знойдзена вельмі шмат астанкаў забітых людзей. У пакоі, дзе зараз прадаюць свечкі, захаваліся масіўныя драўляныя дзверы з моцнымі засаўкамі — з тых самых часін. У дзвярах — глядзельныя акенцы. Пра гэты пакой протаіерэй Іаан Камінскі, духаўнік Тураўскай епархіі, які праслужыў у храме каля 40 гадоў, расказваў такую гісторыю. Ён яшчэ застаў людзей, якія сядзелі ў гэтай турме. Па ўспамінах, у гэты пакой пры адступленні савецкіх войскаў у 1941 годзе сагналі ўсіх, хто сядзеў у турме, і зачынілі. Яны там так і памерлі. Але ж дакументальных сведчанняў пра гэта няма.

Людзі, якія жылі побач з саборам, расказвалі, што не маглі заснуць па начах — з-за гула машын, якія завозілі пясок. Ім і вапнай перасыпалі целы расстраляных людзей, якія ляжалі штабялямі. У сутарэннях было каля 15 тон зямлі — амаль што да столі.

Фактычна, сутарэнні перайшлі да царквы зусім нядаўна. Да пачатку 1993 года адкрытага доступу ў іх не было. Калі туды трапілі вернікі і святары, пабачылі жудасны малюнак: там былі шкілеты, астанкі людзей і шмат смецця. За пасляваенныя гады ў будынку храма што толькі не знаходзілася: і малочны завод, і архіў. На тэрыторыі было шмат розных майстэрняў, і ўсё смецце скідвалі ў склеп. З сутарэнняў было вынесена шмат зямлі, усе астанкі беражліва сабралі, паклалі ў капліцу ў гэтым жа памяшканні, дзе яны пахаваны зараз. У дзвюх трунах цяпер ляжыць каля 60 чарапоў і косці. Усяго ж па Мазыры і Мазырскім раёне было рэпрэсавана больш за 2,5 тысячы чалавек.

— Была версія, што насамрэч чалавечыя астанкі належаць манахам-бернардзінцам, якія калісьці заснавалі тут свой манастыр, — працягвае расказ протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. — Але ж калі мы зайшлі ў склепы, усё тут было савецкае. Мы захавалі кулямётныя стужкі, гільзы з-пад вінтоўкі, капеечкі савецкія 30-х гадоў...

Цяпер у ачышчаным памяшканні — крыпце Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора, на месцы пакутніцтва тысяч людзей — створаны ніжні храм, асвячоны ў гонар Новапакутнікаў і вызнаўцаў. Па панядзелках менавіта тут служыцца літургія — у прыцемках, пры святле свечак і лампад. Пра лёс аднаго з праслаўленых нядаўна пакутнікаў, святара Аляксія Магільніцкага, мы расказвалі ў нашай газеце (31.05.2011). Да кананізацыі рыхтуюцца матэрыялы аб іерэі Сазонце Савічы, протаіерэі Уладзіміры Серабракове з жонкай Ліліяй і іншых — тых, хто праліў сваю кроў за Хрыста.

Ірына Асташкевіч, Звязда
22 ліпеня 2011
 
Дата публикации:23.07.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4385
 
Ключевые слова:
Мазыр Храмы Беларуси Религия История Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме