Усяго праведзена 229 тыс. 466 тэстаў на каранавірус.
5067 чалавек больш не хварэюць, яны былі выпісаныя.
Памерлі 116 пацыентаў з шэрагам хранічных хвароб з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
5 мая пры азнаямленні з распрацоўкамі беларускіх вучоных па развіцці электратранспарта Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі сёння каля 12,4 тысячы пнеўманій рознай этыялогіі.
«З іх толькі 1008 чалавек класіфікуюцца як цяжкахворыя... Гэта ўсяго восем працэнтаў. Цудоўны вынік. Каля васьмі (працэнтаў.) у нас заўсёды круцілася, гэта заўсёды была лічба цяжкахворых на пнеўманію ад агульнай колькасці пнеўманій», — аргументаваў кіраўнік дзяржавы.
Галоўным для ратавання людзей з запаленнем лёгкіх беларускі лідар лічыць наяўнасць дастатковай колькасці апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. На сёння іх у краіне дзве з паловай тысячы, хутка паступяць яшчэ закупленыя. Плюс 500 наркозна-дыхальных апаратаў, якія таксама можна выкарыстоўваць для ШВЛ.
«Сёння на ШВЛ — 240 чалавек. Гэта дзевяць з паловай працэнта ад наяўнасці (апаратаў) ШВЛ! Тое, ад чаго паміралі людзі ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Вялікабрытаніі, — адсутнасць ШВЛ. У нас толькі дзесятая частка на сёння задзейнічана. Дык да чаго ўвесь гэты шум?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская расказала, што Беларусь знаходзіцца на другім месцы сярод краін СНД, пасля Расійскай Федэрацыі, па колькасці праведзеных тэстаў. Калі браць па свеце, то гэта 37-е месца.
Звязда, 7 траўня 2020