https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нацыянальны конкурс "Лістапад-2019" пройдзе 5-7 лістапада


Паказы фільмаў нацыянальнага конкурсу XXVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" пройдуць 5-7 лістапада ў сталічных кінатэатрах, паведаміў 14 кастрычніка каардынатар конкурсу Мікалай Лаўранюк на прэс-канферэнцыі.
"У гэтым годзе конкурс нацыянальнага кіно пройдзе шосты раз. Ад беларускіх аўтараў прыйшлі 83 заяўкі, - адзначыў каардынатар конкурсу. - Крытэрыі ацэнкі фільмаў былі вельмі сур`ёзныя, патрабаванні былі сугучныя з міжнароднымі тэндэнцыямі і адпавядалі ўзроўню міжнароднага фестывалю, што дало магчымасць выбраць лепшых з лепшых".

Праграма нацыянальнага конкурсу ўключае 5 работ ігравога кіно, 9 дакументальных фільмаў і 6 анімацыйных стужак. Паводле слоў Мікалая Лаўранюка, анімацыйных фільмаў было заяўлена нямнога, але ўсе яны "на вагу золата".

"Усе нашы аўтары вельмі таленавітыя, яны ствараюць сапраўдны цуд на экране, - сказаў ён. - Усе шэсць стужак былі зняты на "Беларусьфільме".

Гэта і казкі для дзіцячай аўдыторыі, і гісторыі, прызначаныя для дарослых, якія закранаюць тэмы беларускай і міжнароднай культуры".

Анімацыя будзе прадстаўлена такімі работамі, як "Прыгажун і пачвара" рэжысёра Наталлі Дарвінай, "Дантэ. Беатрычэ" Ірыны Кадзюковай, "Паданне пра гуслі" Таццяны Кубліцкай, "Чартапалох" Яўгена Надточая, "Магістр вольных мастацтваў" Алены Пяткевіч і "Лепшае месца на свеце" Ірыны Тарасавай.

Сеансы анімацыйнага кіно пройдуць у кінатэатры "Піянер". Многія фільмы секцыі дакументальнага кіно ўжо адзначаны на міжнародных кінафестывалях: "Трэнер" рэжысёра Вольгі Абрамчык, "Гульня ў класікі" Дар`і Дзямуры, "Адна сям`я" Наталлі Жамойдзік, "Хронікі ртуці" Сашы Кулака і Бена Геза, "Summa" Андрэя Куцілы, "Перазімаваць" Евы-Кацярыны Махавай, "Мая бабуля з Марса" Аляксандра Міхалковіча, "Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі" Юрыя Цімафеева, "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа.

"У ігравым кіно прадстаўлены пяць карцін, якія заслугоўваюць асаблівай увагі, - падкрэсліў каардынатар конкурсу. - Стужка "Пляж/ Лес/ Тамбур" рэжысёраў Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай раскажа аб адносінах і страху.

Адбудзецца сусветная прэм`ера фільма "Апошні дзень гэтага лета" Юліі Шатун і Мікіты Аляксандрава, у цэнтры якога старшакласнік, які перажывае апошні дзень лета. Карціна "1986" нямецкага рэжысёра Латара Херцага трапіла ў нацыянальны конкурс таму, што яна поўнасцю знята ў Беларусі, у ёй прыняла ўдзел вялікая колькасць беларускіх кінематаграфістаў. Фільм паказвае і сучасную Беларусь, і адлюстроўвае боль чарнобыльскай трагедыі".

Акрамя таго, будуць прадстаўлены стужкі "Сашава пекла" Мікіты Лаўрэцкага і "Возера радасці" Аляксея Палуяна.

Ацэньваць фільмы нацыянальнага конкурсу будуць беларускі рэжысёр-дакументаліст Вольга Дашук, прадзюсар і адборшчык фільмаў для Гётэбаргскага кінафестывалю ў Швецыі Фрэдзі Ольсан на чале з рэжысёрам з Польшчы Кшыштафам Занусі.

У пазаконкурсную праграму "Беларуская панарама" ўвайшлі 4 прэм`ерныя кароткаметражныя работы ад добра вядомых рэжысёраў: "Нічога" Юліі Дублеўскай, "На парозе маўчання" Кірыла Ярохіна аб насіллі ў сям`і, "Рыбы дзён маіх" Дзмітрыя Рачкоўскага і Андрэя Крывецкага аб беларускай сям`і і разрыве сувязей паміж пакаленнямі, а таксама фільм "Пастка" Дар`і Юркевіч.

XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 1 па 8 лістапада. Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".

15 кастрычніка 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:15.10.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:227
 
Ключевые слова:
Фэст культуры "Лістапад-2019" Кинематограф
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме