Сёння святкуюць Яблычны Спас, які таксама называюць Вялікім Спасам, Другім або Сярэднім. Якія яшчэ падзеі адбыліся 19 жніўня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 19 жніўня
У 1587 годзе — Жыгімонт III Ваза быў абвешчаны вялікім князем літоўскім і каралём польскім.
У 1925 годзе ў Вільні пачалі выдаваць газету "Жыццё Беларуса".
У 1991 годзе адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў СССР: Міхаіл Гарбачоў быў адхілены ад улады і было ўведзена надзвычайнае становішча.
Хто нарадзіўся 19 жніўня
1831 год: Зыгмунт Чаховіч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг.
1893 год: Баляслаў Слосканс, каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.
1912 год: Барыс Мікуліч, беларускі пісьменнік.
1946 год: Віктар Гардзей, беларускі паэт.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся швейцарскі псіхолаг Жан Піяжэ, французскі мадэльер Како Шанэль і 42-гі прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.
19 жніўня ў народным календары
Сёння адзначаецца другі Спас – Яблычны. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень Гасподзь адорвае душы памерлых дзяцей райскімі яблакамі, таму жанчынам, у якіх здарылася такое гора, да Спаса забаранялася есці яблыкі новага ўраджаю. Раніцай 19 жніўня яны асвячалі яблыкі ў царкве і пакідалі іх на магілках памерлых дзяцей.
Увогуле ў гэты дзень існуе традыцыя дзяліцца з памерлымі пладамі новага ўраджаю, каб выказаць ім падзяку за іх падтрымку.
Пірагі на Яблычны Спас пяклі з поснага цеста, начынялі садавінай, ягадамі і грыбамі.
Лічылася, што ў гэты дзень канчаецца лета: "Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілля — апала два, прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас", "Спас — лета шась!", "Спас — бяры рукавіцы ў запас". Пачыналі сеяць азімае жыта. Па адлёце буслоў меркавалі, якое будзе надвор`е. Калі яны паляцелі ў вырай да другога Спаса, гэта значыць, зіма будзе ранняя і марозная, затое і ўвесну будзе цяплей. А калі пасля — восень будзе цёплая і доўгая, але вясна халодная.
Sputnik, 19 жніўня 2019