Аповесць уключана ў кніжную серыю "Беларусь. Трагедыя і праўда памяці" выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". "Усе кнігі серыі паказваюць гераізм нашага народа, як ён самааддана змагаўся за сваю сям`ю, род, горад, вёску, зямлю.
Перамогу кавалі людзі - непасрэдна ўдзельнікі вайны. Гэту кнігу можна параўнаць з раманам "Момант ісціны" Уладзіміра Багамолава, - сказаў дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. - Генадзь Юшкевіч прайшоў праз многія выпрабаванні, праяўляючы гераізм і мужнасць у вельмі складаных умовах".
Аўтар кнігі быў самым маладым удзельнікам разведгрупы. "Памяць пра вайну нельга выкінуць, як іржавыя асколкі, - адзначыў Генадзь Юшкевіч. - Адна справа, паглядзець нешта па тэлевізары або смартфоне, і зусім іншае - прачытаць кнігу і кожны радок прапусціць цераз сваё сэрца - гэта застаецца ў памяці. Мой лёс да 1941 года складваўся, як і ва ўсіх школьнікаў. Але пасля бамбардзіроўкі Мінска жыццё змянілася. Перажыўшы смерць маці, якая загінула ў катавальні гестапа, 13-гадовым хлапчуком я стаў партызанам. Гэта ўсё выкладзена ў кнізе. І я хацеў бы, каб тыя, хто будзе яе чытаць, адчулі маё жаданне паказаць, што чалавек валодае бязмежнымі магчымасцямі, што ніколі нельга падаць духам і праяўляць маладушша. Заўсёды трэба быць упэўненым, сумленным і справядлівым перад сваёй Радзімай і народам".
Кніга "Апошні з групы "Джэк" выдадзена пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. "Значная частка тыражу будзе накіравана ў бібліятэкі, каб моладзь змагла азнаёміцца з гэтым цудоўным творам, а праз яго - з чалавекам легендарнага лёсу, які, прыбавіўшы сабе два гады, быў закінуты ў логава гітлераўскіх акупантаў і збіраў каштоўныя звесткі для войскаў Савецкай Арміі. Вельмі важна, каб такія кнігі даходзілі да маладога пакалення, каб памяць пра подзвіг і перамогу савецкіх воінаў у Вялікай Айчыннай вайне заставалася жывой", - падкрэсліў Уладзімір Андрыевіч.
На думку дырэктара БелЭН, аповесць Генадзя Юшкевіча можа паслужыць асновай для будучага сцэнарыя патрыятычнага фільма пра подзвіг хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўнеслі свой уклад у Перамогу.
Спецразведгрупа "Джэк" дзейнічала ў глыбокім тыле ворага на тэрыторыі Усходняй Прусіі, паблізу з месцам размяшчэння стаўкі Гітлера, куды яна была закінута ўначы з 26 на 27 ліпеня 1944 года. Па снежань разведчыкі перадавалі звесткі аб праціўніку, лініі ўмацаванняў. Пасля вызвалення раёна, дзе працавала група, у штаб фронту вярнуліся толькі тры разведчыкі, якія адбіліся ад групы ў час баёў і здолелі схавацца ад праследавання. Усяго ў час вайны на тэрыторыі Усходняй Прусіі дзейнічалі 186 савецкіх разведгруп, 90 працэнтаў іх удзельнікаў загінулі або прапалі без вестак.
22 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
22 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА