З самай раніцы 21 жніўня ў санктуарый пачалі прыбываць пілігрымы з розных куткоў беларускага Палесся і іншых рэгіёнаў краіны. Шматлікія аўтапілігрымы і групы вернікаў на шляху да Маці Божай наведвалі таксама іншыя святыя і памятныя мясціны Піншчыны: санктуарый святога Андрэя Баболі ў Янаве Палескім (Іванаве), Пінскую катэдру і семінарыю з крыптамі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага і кардынала Казіміра Свёнтка.
Фэст у гонар Каралевы Палесся распачаўся з урачыстага прывітання пешых пілігрымак, якія сёлета прыбылі з Баранавічаў, Бярозы і Івацэвічаў.
Кусташ санктуарыя кс. Тадэвуш Шэшка сардэчна вітаў сотні пешых пілігрымаў, сярод якіх былі таксама вернікі грэка-каталіцкага абраду.
Вігілійную св. Імшу дыяцэзіяльнай урачыстасці узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Звяртаючыся да сабраных пілігрымаў, гасцей і парафіянаў, біскуп Юрый звярнуў увагу на ролю Марыі ў гісторыі збаўлення як усяго свету, так і асабіста кожнага, хто да Яе прыбягае.
Узгадваючы евангельскія сцэны аб звеставанні і цудзе Езуса ў Кане Галілейскай, біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў сабраных не баяцца давяраць Маці Божай усе свае справы, адкрывацца для дзеяння Пана і ў сучасным свеце быць сведкамі таго, што ў іх жыцці здзяйсняе Езус праз Марыю.
На заканчэнне літургіі шматлікія вернікі разам з сабранымі біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі прайшлі ў працэсіі са свечкамі вакол санктуарыя. Пасля набажэнства адбыўся адмысловы музычны канцэрт праслаўлення Пана з удзелам маладых пілігрымаў і парафіяльных музычных гуртоў Пінскай дыяцэзіі.
Працягам святкавання стала усяночнае малітоўнае чуванне, спалучанае з Эўхарыстычнай Адарацыяй перад цудадзейнай іконай Багародзіцы.
Увянчала ўрачыстасць 22 жніўня св. Імша ў гонар Валадаркі Палесся, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі пастыр нагадаў пра асаблівасць сёлетняга святкавання Лагішынскага фэсту ў сувязі з 80-й гадавінай кананізацыі св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі, 75-й гадавінай мучаніцкай смерці благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, святара, выпускніка Пінскай духоўнай семінарыі, а таксама 100-й гадавінай біскупскага пасвячэння Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага пастыра дыяцэзіі.
Асаблівую ўвагу біскуп Юзаф звярнуў на прысутную шматлікую моладзь, якая прыбыла ў санктуарый у пешых пілігрымках.
Біскуп заклікаў юнакоў і дзяўчат адважна крочыць за Езусам, рэалізаваць Божае пакліканне ў жыцці і радасна сведчыць аб сваёй веры.
Тэкст: Кс. Андрэй Рылка
Catholic.by, 23 жніўня 2018
Тэкст: Кс. Андрэй Рылка
Catholic.by, 23 жніўня 2018