https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На «Славянскім базары» выступілі Эмір Кустурыца і Горан Брэгавіч


13 ліпеня на сцэну Летняга амфітэатра выйшлі экс-югаславы, а цяпер прадстаўнікі Босніі і Герцагавіны і Сербіі – знакаміты кампазітар, мультыінструменталіст Горан Брэгавіч і рэжысёр, музыкант, вечны панк унутры душы Эмір Кустурыца.
На жаль, узброенае да зубоў перамір’е – былыя сябры пасварыліся шмат гадоў таму, і з таго часу падкрэслена ігнаруюць адзін аднаго, - “Вясельна-пахавальны аркестр” і “No Smoking Orchestra” выступілі хоць і на адной сцэне, але ў розных аддзяленнях і нават за кулісамі не сустрэліся. Затое зрабілі сапраўднае шоу і феерыю, якіх даўно не бачыла “базарная” публіка.

Горан Брэгавіч і яго “Вясельна-пахавальны аркестр”, якія адкрывалі канцэрт, літаральна з першых нот прымусілі залу падпяваць. Ну, як прымусілі: цяжка не паўтарыць следам за каларытнымі вакалістамі просты прыпеў “Gas, Gas” альбо скандаваць “Ар-ты-ле-рыя!” ў рэфрэне песні Jeremija пра падзеі Першай сусветнай вайны, - нават калі не ведаеш усіх астатніх слоў і наогул мовы.

А падпяваючы хіт In The Death Car, вядомы ў выкананні Ігі Попа і ў якасці саўндтрэка да фільма “Мары Арызоны”, публіка так разышлася, што Брэгавіч упершыню заклікаў да цішыні – песня гучала камерна, пад гітару і ледзь чутны рытм бубнаў.

Звычайна на канцэртах артыст спявае і танцуе, а гледачы сядзяць і слухаюць. Але толькі не ў гэтым выпадку. Брэгавіч прыўставаў з месца, толькі каб змяніць інструмент, прыняць букеты ад прыхільніц ды выйсці на развітальны паклон, паказваючы жэстамі, што частка ягонага сэрца застанецца тут.

Затое завадныя балканскія рытмы паднялі з месцаў нават самых нерашучых. А праз 10-15 хвілін, нягледзячы на ўсе намаганні аховы, пусцілася ў скокі ледзьве не палова залы, ад маладых дзяўчат да сівых старых і эпатажнага расійскага крытыка Саседава.

Брэгавіч жа, як вопытны дырыжор, умела кіраваў настроем залы, то падпускаючы светлага суму, то падбадзёрваючы вядомай мелодыяй “Бела, чао!”. І – у яккасці рэверансу – падарыў яшчэ адну песню на біс.

Затое “мексіканска-рэвалюцыйны” гурт “No Smoking Orchestra” ў пагонах, скрыжаваных патранташах і арыштанцкіх робах адразу ўхапіў быка за рогі і даў зразумець, што цішыні і спакою не будзе.

“Гэта танцавальная музыка, - на добрай рускай даў ну вельмі празрысты намёк Эмір Кустурыца, - пад яе трэба тан-ца-ваць, каб жыццё было лепшым”. І тут жа вельмі пераканаўча паказаў са сцэны, якіх прыкладна танцаў чакае ад публікі. А да тых, хто не зразумеў або не разгледзеў, Кустурыца паўтарыў яшчэ раз, зблізу: разам з музыкантамі зрабіў круг гонару па перыметру залы Летняга камфітэатра.

Эмір Кустурыца наогул шмат стасаваўся з гледачамі. “Патрэбная дзяўчына для наступнай песні, якая прысвечана Шэкспіру, Рамео і Джульеце”, - абвясціў ён і лёгкім узмахам рукі выманіў з залы прыгажуню-слухачку, а потым паставіў увесь аркестр перад ёй на калені.

“Гатовы? - сурова спытаў рэжысёр? – Заўжды гатовая! – неабачна пагадзілася Марыя. – Ды не вы, яны!” – паказаў Кустурыца ў бок залы і, пакуль не дачакаўся гучнага пацверджання, нумар не працягнуў. Марыя-Джульета вальсавала са скрыпачом Дэянам Спаравала, а кіраўнік “No Smoking Orchestra” пільна ўглядаўся, які глядацкі сектар недастаткова актыўна яе падтрымлівае. І хоць гэты трук аркестр робіць на канцэртах даволі часта, гледачы купіліся – і ахвотна адклікаліся на кожную просьбу музыкантаў.

Тым больш, рэпертуар тыя падабралі вядомы: саўндтрэкі з фільмаў “Жыццё як цуд”, “Па Млечным шляху” і “Чорная котка, белы кот” (якому, дарэчы, сёлета, спаўняецца 20 гадоў), сваю любімую Comandante, і палкую Bubamara.

Акрамя таго, у Віцебску прагучалі і фрагменты з новага альбома “Corps Diplomatique”, які выйшаў сёлета. Улічваючы, што папярэднюю пласцінку—зборнік лепшых песень калектыў запісаў ажно ў 2009-м, атрымаўся добры падарунак для беларускіх прыхільнікаў.

Зрэшты, на гэтым музычнае шчасце і скончылася – па традыцыі прадставіўшы ў жартоўнай форме ўсіх музыкантаў (а сябе – Францыскам Скарынам, не менш), не разменьваючыся на “біс”, Кустурыца разам з аркестрам страявым крокам сышоў са сцэны за кулісы. А ўражанне і драйв засталіся.  “Гэта было так крута, як ніколі!” – эмацыйна прызнаваліся адзін аднаму гледачы.

Аўтар: Вікторыя Целяшук
Звязда, 14 ліпеня 2018
 
Дата публикации:14.07.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:451
 
Ключевые слова:
Славянский мир Эмир Кустурица Горан Брегович Віцебск "Славянскій базар" Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме