https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


КДК: Затрыманы блогер Манько пабудаваў фінансавую піраміду і атрымаў даход 400 тыс. рублёў


Мазырскія праваахоўнікі спынілі незаконную дзейнасць фінансавай піраміды.
Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, жыхар Калінкавічаў, вядомы па сваёй блогерскай дзейнасці на відэахостынгу YouTube, у 2015 годзе разам з некалькімі грамадзянамі Беларусі і Расіі арганізаваў дзейнасць незарэгістраванай сацыяльнай фінансавай сеткі "Элеўрус".

Гаворка ідзе пра блогера Віталя Манько, які 4 чэрвеня быў затрыманы супрацоўнікамі УДФР КДК і змешчаны ў ІЧУ, затым — у СІЗА. У доме блогера прайшоў ператрус, супрацоўнікі УДФР канфіскавалі камп`ютары, тэлефоны, носьбіты інфармацыі.

"Яны ўварваліся да нас, пералезлі праз плот, я паспела зачыніць дзверы. Яны пагражалі выклікаць МНС і ўзламаць дзверы", — расказала ў той дзень жонка затрыманага Валянціна Манько.

У сям`і выхоўваецца шэсць дзяцей, малодшаму два месяцы.

Блогер часта крытыкаваў на сваім канале ў YouTube дзеянні мясцовых уладаў, у тым ліку падаткавікоў.

Паводле інфармацыі КДК, арганізатары фінансавай піраміды ўводзілі ў зман грамадзян, пераконваючы іх у перспектыўнасці ўкладання грашовых сродкаў (у тым ліку электронных грошай) і абяцаючы укладчыкам гарантаваны высокі даход (да 365% гадавых) на працягу доўгага часу. Большасць удзельнікаў "Элеўруса" не толькі ўкладвалі ў піраміду свае грошы, але і актыўна прыцягвалі іншых грамадзян, бо ад гэтага залежаў памер іх даходу.

Кіраўнікі фінансавай сеткі распрацавалі сістэму ўзнагароды ўдзельнікаў за прыцягненне ўкладчыкаў, для актыўнай рэкламы задзейнічалі сацыяльныя сеткі і відэахостынг YouTube. Кіраўнік "Элеўруса" праводзіў нямала сустрэч з дзейнымі і патэнцыяльнымі ўдзельнікамі фінансавай піраміды (інфармацыйныя прэзентацыі праходзілі ў Мінску, Маладзечне, Брэсце, Пінску, Баранавічах, Жлобіне, Мазыры, Калінкавічах і іншых гарадах). У сваіх выступленнях ён рабіў акцэнт на добрых намерах (нібыта гэта фонд узаемадапамогі, створаны для аказання падтрымкі дзецям, пенсіянерам), а таксама абяцаў, што ўклады будуць інвеставацца ў розныя праекты, якія павінны прыносіць дадатковы даход у перспектыве.

"Пра тое, што даход укладчыкаў фарміруецца толькі за кошт прыцягнення грашовых сродкаў ад новых людзей, арганізатары і менеджары фінансавай сеткі, безумоўна, замоўчвалі. Грошы ўкладчыкаў перакладаліся на рахункі, адкрытыя ў беларускіх банках на менеджараў "Элеўруса" (так званых захавальнікаў), якія у сваю чаргу пераразмяркоўвалі сродкі паводле ўсталяваных правіл удзелу", — інфармуе ведамства.

У выніку злачыннай дзейнасці арганізатар і актыўныя члены фінансавай сеткі атрымалі даход у памеры большым за 400 тыс. рублёў.

Распачата справа па ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванай групай).

Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 21 чэрвеня 2018
 
Дата публикации:21.06.2018
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:514
 
Ключевые слова:
Криминал Финансы Пирамида Калінкавічы Гомель YouTube Элеурус
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме