Нагадаем, конкурс "Прывітанне, Беларусь!" стартаваў у снежні мінулага года. Удзельнікам конкурсу неабходна было падаць свае селфі, якія сімвалізуюць веды аб радзіме, любоў і цікавасць да нашай краіны, а таксама веданне праграм радыё "Беларусь". Сюжэт фатаграфіі павінен быў адлюстроўваць спецыфіку або каларыт месца, дзе ажыццяўлялася здымка. Абавязковая ўмова - наяўнасць надпісу "Прывітанне, Беларусь!" на любой мове ў адвольнай форме.
Свае селфі для ўдзелу ў конкурсе адправілі прадстаўнікі 18 краін: Алжыра, Бангладэш, Беларусі, Бразіліі, Венесуэлы, Германіі, Індыі, Інданезіі, Канады, Кітая, Кувейта, Нігерыі, ААЭ, Пакістана, Польшчы, Расіі, ЗША і Турцыі. Як адзначаюць арганізатары конкурсу, такая шырокая геаграфія сведчыць пра высокую цікавасць да Беларусі за мяжой, а таксама пра тое, што ў розных краінах і на розных кантынентах слухаюць праграмы Міжнароднага радыё "Беларусь".
Найбольшую колькасць галасоў у конкурсе селфі "Прывітанне, Беларусь!" атрымалі: Дытмар Вольф (Dietmar Wolf, Германія), Мітул Кансал (Mitul Kansal, Індыя), Эфе Сельчук Эке (Efe Selcuk Eke, Турцыя), калектыў аддзела кадраў Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра, (Беларусь), Яраслаў Яджэйчак (Jarosław Jędrzejczak, Польшча), Лі Сю (Li Xue, Кітай), прэзідэнт клуба анлайн-слухачоў радыё "Беларусь" Амір Джамеель (Amir Jameel, Пакістан).
Шорт-ліст фіналістаў складзены па выніках галасавання наведвальнікаў сайта радыё "Беларусь", дзе былі размешчаны ўсе фота, дасланыя на конкурс. Усяго ў галасаванні за ўпадабаных прэтэндэнтаў прынялі ўдзел больш за 50 000 карыстальнікаў.
Прагаласаваць за ўпадабаныя фота аднаго з 7 фіналістаў можна да 1 красавіка на сайце радыё "Беларусь" www.radiobelarus.tvr.by.
Па выніках фінальнага галасавання вызначацца пераможцы конкурсу "Прывітанне, Беларусь!" і прызёры спецыяльных намінацый. Іх імёны назавуць падчас цырымоніі ўзнагароджання ў красавіку.
Радыё Беларусь, 18 сакавіка 2016