https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тры школьнікі падарваліся ў Бярэзінскім раёне


Два з іх, на жаль, загінулі. Трэці шпіталізаваны.
"Уся вёска ў шоку", — гавораць аднавяскоўцы загінулых школьнікаў

Страшная навіна за лічаныя гадзіны абляцела ўсю краіну. Школьнікі, сябры, жыхары вёскі Вяшэўка, гулялі ў полі за вёскай. Знайшлі жалезны прадмет, па папярэдняй інфармацыі — снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны, і шуганулі яго аб камень. Вынік вам вядомы...

Аляксандр Чалей, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Бярэзінскага РАУС, за час службы ў міліцыі бачыў многае, але каб дзеці падрываліся... З падобным ён сутыкнуўся ўпершыню. Разам з ім мы накіроўваемся ў Вяшэўку, невялічкую вёску, за якой, у кукурузным полі, і здарыўся жахлівы выпадак.

— 23 сакавіка паралельна паступілі два званкі, — расказвае Аляксандр. — Адзін з бальніцы, куды даставілі падлетка з ірванай ранай сцягна і галёнкі. Другі — ад жыхаркі Вяшэўкі. Яна паведаміла аб тым, што яе сын каля 16:00 пайшоў гуляць з сябрамі і з таго часу яго месцазнаходжанне невядома. Аказалася, што яшчэ аднаго хлопца няма дома. Выехалі на месца. Мясцовыя сваімі сіламі распачалі пошукі: правяралі сады, адрыны, двары... Паранены хлопчык напачатку нічога не казаў, але пасля высветлілася, што гуляць яны пайшлі ў поле.

Па папярэдняй інфармацыі, дзеці знайшлі прадмет невялічкага памеру. Падлеткі — асобы цікаўныя. Спачатку кідалі яго ў зямлю, а калі ўбачылі валун, кінулі ў яго. Адбыўся выбух. Той, што застаўся жывы, вярнуўся дадому. Целы загінулых знайшлі ўжо пасля поўначы.

Тым часам у вёсцы працуюць супрацоўнікі Следчага камітэта. Поле ўжо праверыў сапёрна-піратэхнічны разлік з сабакам. Яно, вялікае, зацярушанае снегам, здаецца бязмежным. Рушым па ім да злашчаснага месца. Яшчэ хвілін пяць хады — і перад намі з`явіўся той самы камень. Непадалёк — прымятая трава, засохлая кроў.

Рабіць высновы зарана. Ідзе расследаванне. Але, відавочна, дзяцей адкінула выбуховай хваляй. Як лічыць суразмоўца, прывесці да такой трагедыі магло дзіцячае свавольства, няведанне.

Як кажа Аляксандр Чалей, ні дзеці, ні сем`і ў поле зроку міліцыі не траплялі. Ніхто дрэннага пра іх не казаў. У двух загінулых хлопцаў поўныя сем`і, шматдзетныя. Бацькі працуюць на ферме.

Мы сустрэлі Святлану, маці параненага 10-гадовага Вані, каля дома. Жанчына заходзіць у хату, але праз некалькі хвілін вяртаецца, каб пагутарыць з намі. Толькі просіць доўга не затрымліваць. Відаць, што ёй размаўляць складана і яна ўжо стамілася ад нечаканай увагі. Яна сёння ўжо была ў бальніцы і ўвечары збіраецца зноў наведаць сына.

— А палове на шостую сын вярнуўся дадому. Нічога не сказаў. Але я заўважыла, што ён брудны, і пачала распытваць сама. Сказаў, што нічога страшнага, зваліўся з веласіпеда. Я паверыла і паехала на працу. Калі вярнулася, убачыла, што на ягонай назе глыбокая рана. Выклікалі хуткую дапамогу, яго адправілі ў бальніцу. Сёння доктар мне паведаміў, што ён у добрым стане. Хоць сумны, у яго шок. Плача. Прызнаўся, што пабеглі гуляць з сябрамі на поле. Мой пляменнік знайшоў там іржавую жалязяку. Сын стаміўся. Вырашыў вяртацца. Адышоў далей. І калі пляменнік кінуў яе аб камень, выбухнула.

— Сярод загінулых ваш сваяк?

— Адзін — сын маёй сястры, другі — сяброўкі. Яны з самага дзяцінства разам гулялі. Заўжды былі разам. Добрыя хлопцы былі...

Як гавораць мясцовыя жыхары, на пошукі кінулася амаль уся вёска. Усе ў шоку ад таго, што здарылася. Па папярэдняй інфармацыі, выбухнуў снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны, але жыхары Вяшэўкі кажуць, што дагэтуль рэха мінулай вайны ў іх не знаходзілі. Гэта атрымліваецца, чакала свайго часу.

* * *
Усе хлопчыкі навучаліся ў суседняй вёсцы Пагост. Туды мы і накіраваліся з Вяшэўкі.

 — Па вучобе заўваг у дачыненні іх не было. Звычайныя добрыя хлопчыкі. Навучаліся ў другім, трэцім і чацвёртым класах. Удзельнічалі ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні. І такога ніколі не здаралася, каб нашы вучні знаходзілі боепрыпасы. У дзень трагедыі яны былі на аздараўленчай пляцоўцы ў школе. Зараз канікулы. А пасля паехалі дадому, — кажа Аляксей Сарнаўскі, дырэктар установы адукацыі "Пагосцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа".

— А ці праводзілі з дзецьмі заняткі па асновах бяспекі?

— Безумоўна. Падобнае мерапрыемства праходзіла 4 сакавіка, напярэдадні канікул. У ім удзельнічалі ратавальнікі. Дзецям казалі, каб незнаёмыя прадметы, падобныя на гранаты, снарады не чапалі, а паведамлялі бацькам, дарослым. Падобныя перасцярогі мы паўтараем пастаянна.

Тым часам, стала вядома, што расследаванне ўзята пад асаблівы кантроль кіраўніцтва Следчага камітэта. Заведзена крымінальная справа.

Звязда, 25 сакавіка 2016
Бярэзінскі раён
 
Дата публикации:25.03.2016
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:636
 
Ключевые слова:
Снаряд Боеприпас Великая Отечественная война Пагост Вяшэўка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме