https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Удзельнікам міжнароднай канферэнцыі ў Мінску было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь


У Беларусь не змаглі трапіць некаторыя ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі Партыі еўрапейскіх левых (ПЕЛ) "Дэмакратыя і эканамічны крызіс", якая прайшла ў Мінску 9—10 чэрвеня.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі па выніках форуму лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, візавыя службы Беларусі адмовілі ва ўязных візах Іржы Худзерчыку з Чэхіі, а таксама Сяргею Юргенсу і Уладзіміру Кручыніну з Эстоніі. "Яшчэ адзін наш таварыш, Педра Марсет Кампас з Іспаніі, прыляцеў у нацыянальны аэрапорт Мінск з надзеяй атрымаць візу непасрэдна там, але не змог гэтага зрабіць: яго аштрафавалі на 90 еўра і адправілі самалётам назад", — паведаміў Калякін.

Праблемы з атрыманнем візы зведаў таксама прадстаўнік партыі "Адзіны спіс" (Данія), доктар паліталогіі Аксель Уладзімір Карлсен, якому ўсё ж удалося дабрацца да Мінска.

"Я прыляцеў у Мінск з Масквы ноччу. Акенца для выдачы віз было зачыненае, і я спытаў у дзяжурнай, дзе можна атрымаць візу. Яна адказала, што я магу атрымаць візу непасрэдна ў Мінску раніцай, але калі я прыйшоў атрымліваць візу, на мяне склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і аштрафавалі за незаконны ўезд у Беларусь. Але візу ўсё-такі паставілі", — паведаміў Карлсен.

Такія дзеянні ўладаў Сяргей Калякін расцэньвае як спробу сарваць правядзенне міжнароднай канферэнцыі ў Мінску. "Аднак мы з задавальненнем зазначаем, што гэта спроба правалілася. У сучасным свеце забарона на фізічны ўезд у краіну не можа быць перашкодай для абмену ідэямі і думкамі. Даклады нашых таварышаў былі абмеркаваныя і ўвойдуць у зборнік матэрыялаў канферэнцыі", — заявіў лідар партыі.

Паводле слоў Калякіна, арганізатары "баяліся, што ў сувязі з адмовай у выдачы віз выканкам ПЕЛ прыме рашэнне аб нямэтазгоднасці правядзення канферэнцыі ў Мінску". "Але, наадварот, у гэтай сітуацыі ПЕЛ вырашыла актывізаваць і пашыраць магчымасці правядзення мерапрыемстваў тут, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў. Улады сваімі мерамі саслужылі сабе дрэнную службу, а для нас зрабілі паблісіці ў многіх еўрапейскіх краінах. У Еўропе лічылі Лукашэнку з яго рыторыкай ледзь не сацыялістам, а гэтыя дзеянні проста выкрылі яго самога", — мяркуе Сяргей Калякін.

Партыя еўрапейскіх левых (ПЕЛ) створана ў ліпені 1998 года сацыялістычнымі, камуністычнымі, левымі і зялёнымі партыямі Еўропы. Яе галоўная мэта — стварэнне адзінай сацыяльнай, дэмакратычнай, мірнай, салідарнай і экалагічна абароненай Еўропы. Пасля выбараў у Еўрапарламент 1999 года ПЕЛ прадстаўлена ў ім у складзе канфедэратыўнай групы аб`яднаных еўрапейскіх левых і скандынаўскіх левых зялёных партый.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2012
 
Дата публикации:10.06.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2706
 
Ключевые слова:
Партия зелёных Демократия Компартия Беларуси Конференция в Минске
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме