https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Трэці сектар у Беларусі працягвае працаваць, нягледзячы на сур`ёзныя праблемы


Становішча трэцяга сектара ў Беларусі застаецца складаным, але ён працягвае працаваць. Такі лейтматыў выступленняў, што прагучалі 16 чэрвеня на кангрэсе Асамблеі недзяржаўных арганізацый у Мінску.
Як адзначыў, адкрываючы кангрэс, кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, падчас перыяду адноснай лібералізацыі ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года прадстаўнікі трэцяга сектара чакалі ад улады не касметычных, а рэальных змен у стаўленні дзяржавы да НДА.

"На жаль, сітуацыя на самой справе стала яшчэ больш горшай, чым чакала бальшыня з нас. Мы не можам не заўважыць змяншэння колькасці актывістаў, якія вядуць грамадскую дзейнасць, іх арышты і рэпрэсіі ў дачыненні да іх. Намеснік старшыні Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, і надзей на паляпшэнне становішча няма", — лічыць Мацкевіч.

У сваю чаргу кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак нагадаў: падчас мінулага кангрэса Асамблеі НДА, у 2009 годзе, актывісты няўрадавых арганізацый "шчыра віталі лібералізацыю". "Аднак яны ж сталі аднымі з першых, хто трапіў пад рэпрэсіі за гэту веру ў лібералізацыю", — падкрэсліў ён.

"Нягледзячы на тое што ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана больш за дзве тысячы недзяржаўных арганізацый, нельга сказаць, што грамадзянская супольнасць у краіне развіваецца і мае ўмовы для развіцця. Існуе вялікая колькасць праблем як на заканадаўчым узроўні, так і на ўзроўні выканання гэтых законаў", — заявіў Лісічонак.

У першую чаргу ён адзначыў забарону на працу незарэгістраваных арганізацый і артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя такіх арганізацый.

Акрамя таго, пагоршылася заканадаўства ў сферы легальнай працы арганізацый, іх рэгістрацыі, атрымання бязвыплатнай дапамогі

На фоне гэтых падзей, падкрэсліў ён, Асамблея НДА як была асацыяцыяй недзяржаўных арганізацый, так і засталася ёю. "Больш за тое, мы ганарымся тым, што нашы рады павялічыліся: цяпер у Асамблею ўваходзяць 302 няўрадавыя арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі з самым шырокім спектрам інтарэсаў і сфер дзейнасці — ад адукацыйных да маладзёжных, ад экалагічных да арганізацый, якія працуюць у сацыяльнай сферы", — сказаў Лісічонак.

"Галоўнае — нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у Беларусі існуюць тысячы зарэгістраваных і незарэгістраваных арганізацый, якія працягваюць дзейнічаць", — падкрэсліў ён.

Кіраўніком Рабочай групы Асамблеі НДА кангрэс пераабраў Сяргея Мацкевіча. Яго намеснікамі абраны кіраўнік грамадскага аб`яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна, кіраўнік РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак, культуролаг Вацлаў Арэшка, грамадскія актывісты з рэгіёнаў Віталь Васількоў і Ілья Заронак, а таксама віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідар незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2.

Усяго ў Рабочую групу Асамблеі ўвайшлі 44 чалавекі.

На пасадзе кіраўніка выканаўчага бюро Асамблеі НДА застаўся Сяргей Лісічонак.

Першы дзень працы кангрэса завяршыўся прыняццем рэзалюцыі, у якой Асамблея НДА заклікала ўлады аднавіць дыялог з грамадзянскай супольнасцю.

У дакуменце адзначаецца, што палітыка ўлад у 2010—2012 гадах была скіравана на выкараненне любых форм арганізаванай грамадзянскай актыўнасці, якая не кантралюецца дзяржавай. "Мы патрабуем ад улад Беларусі адмовіцца ад палітыкі канфрантацыі і спыніць проціпастаўленне сябе грамадству, аднавіўшы рэальны і публічны дыялог з грамадзянскай супольнасцю ў надзённых пытаннях развіцця краіны", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У мэтах "недапушчэння ізаляцыі беларускага народа ад дэмакратычных краін Еўропы і свету" дэлегаты кангрэса заклікалі міжнародную грамадскасць "прымаць неабходныя, у тым ліку аднабаковыя, меры па спрашчэнні ці ліквідацыі візавага рэжыму для падтрымкі незалежнага грамадства, СМІ і не звязанага з дзяржавай бізнесу".

Кангрэс таксама прыняў заяву з патрабаваннем неадкладна вызваліць усіх вязняў сумлення. "Вызваленыя вязні сумлення павінны атрымаць поўную юрыдычную рэабілітацыю, пад якой маецца на ўвазе зняцце ці пагашэнне судзімасці, вызваленне ад прэвентыўнага нагляду ці прафілактычнага назірання, а таксама ўсіх іншых мер, якія могуць абмяжоўваць іх правы і свабоды або перашкаджаць паўнавартаснаму удзелу іх у грамадска-палітычным жыцці", — сказана ў заяве.

17 чэрвеня кангрэс Асамблеі НДА працягне працу.

Заснаваная ў 1997 годзе Асамблея НДА — найбуйнейшае ў Беларусі аб`яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і ініцыятыў. Сёння яна ўключае больш за 300 арганізацый. Пасля таго як Міністэрства юстыцыі тройчы адмовіла Асамблеі НДА ў рэгістрацыі, у 2011 годзе аб`яднанне было зарэгістравана ў Літве.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 17 чэрвеня 2012
 
Дата публикации:17.06.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2788
 
Ключевые слова:
Оппозиция в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме